Вялікая восеньская распрадажа. У Шчучыне стартаваў традыцыйны сельскагаспадарчы кірмаш

 

Традыцыйнае восеньскае свята “Шчучынскі кірмаш” праходзіць у гэту нядзелю ў раённым цэнтры.

 

На вуліцы Леніна сваю прадукцыю для продажу шчучынцам прадставілі сельгаспрадпрыемствы раёна. Сярод прадаўцоў нямала і тых, хто прапануе пакупнікам прадукцыю пчалярства, а таксама саджанцы дэкаратыўных і кветкавых культур, вырашчаных у асабістых гаспадарках. Сваю прадукцыю, вырабленую ўласнымі рукамі, выставілі таксама і рамеснікі.

 

 

Сярод вялікага выбару сельгаспрадукцыі асаблівым попытам сёння карыстаецца бульба розных сартоў, якой на зіму запасаюцца гараджане. У прыярытэце таксама рэпчатая цыбуля, буракі і морква.

 

Мяркуючы па бойкім працэсе продажу, відавочна, што любяць шчучынцы восеньскія кірмашы, арганізатарам якіх традыцыйна выступае Шчучынскі райвыканкам.

 

 

 

Сёння кожны госць зможа не толькі запасціся розным харчаваннем, але і зарадзіцца добрым настроем. У гэты дзень сваёй творчасцю і культурнай праграмай гараджан і гасцей горада будуць радаваць артысты Шчучынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, якія сёння прымаюць віншаванні з нагоды прафесійнага свята -- Дня работнікаў культуры.

 

 

А галоўнай разынкай свята стануць традыцыйныя “кірмашовыя забавы”. Гасцей чакаюць розыгрыш сельскагаспадарчай латарэі, атракцыён “Шчучынская рыбалка”, песні і танцы, конкурс кампазіцый з сельскагаспадарчай прадукцыі арганізацый раёна і шмат іншага.

 

Не прапусціце!

 

Сяргей КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!