І на шчодрым кірмашы накупілі ад душы! У Шчучыне прайшоў традыцыйны восеньскі кірмаш
Сапраўднае свята шчодрых дароў восені адбылося сёння ў Шчучыне. З самай раніцы, а хто ўжо і з учарашняга вечара, займалі ўдзельнікі кірмашу месцы ўздоўж вуліцы Леніна. А тавару было столькі, што проста вочы разбягаліся: на любы колер, густ, памер і аб'ём.
На традыцыйным восеньскім кірмашы ў Шчучыне садавіну, гародніну, кветкі, саджанцы, зерне і многае іншае прапаноўвалі пакупнікам сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, фермеры і вяскоўцы нашага раёна, а таксама розных населеных пунктаў вобласці.
– А мы свой тавар ужо распрадалі, – радуюцца дзяўчаты з СВУ "Пратасаўшчына", якія прывезлі на кірмаш восем тон азімай пшаніцы. – Кошт 40-кілаграмовага мяшка – 18 руб. 40 капеек. Разабралі літаральна за некалькі гадзін.
Хутка рэалізавалі пшаніцу і прадстаўнікі ААТ "Орля" – у іх было тры тоны. Крыху меншым попытам карыстаўся ячмень, але і на яго знаходзіўся свой пакупнік.
Добра ішоў гандаль у вяскоўцаў з Ражанкі, якія прадавалі сваю ўласную гародніну: напрыклад, бульбу "Скарб" яны прапаноўвалі па 40 капеек, а цыбулю – па рублю.
Шчучынец Стас прывёз на кірмаш трусоў, а таксама цэлую птушкаферму. Качкі – па 30 рублёў за адну, цацаркі – па 20 рублёў, індыкі – 25-30 рублёў, куры – 15 рублёў, а трусы – ад 10 рублёў… У продажы былі нават пер'я паўліна.
Практычна ўся сельгаспрадукцыя была прадстаўлена на кірмашы: і бульба розных сартоў, і морква, і буракі, і капуста, і часнок… Прадавалі рыбу, яйкі, мёд… Свае эксклюзіўныя вырабы прапаноўвалі рамеснікі. Калекцыю адзення прадставіла фабрыка "8 Сакавіка".
І госці таксама прыехалі з разнастайным таварам. Напрыклад, жыхар Зельвы Андрэй ужо чацвёрты год запар прывозіць шчучынцам свой мёд, а таксама праполіс і пяргу. З духмяным мядком прыехаў на кірмаш і Міхаіл са Свіслацкага раёна. Павел з Бераставіцы прывёз на продаж каля 20 відаў туй, а ўладальнікі ўласнага гадавальніка з Малога Мажэйкава Лідскага раёна прапаноўвалі аматарам-садаводам саджанцы пладовых дрэў і кусты. Кошт яблыні, напрыклад, – ад 10 рублёў, вішні – 15-20 рублёў, буякі – ад 10 рублёў. Лішак свайго ўраджаю прывёз на кірмаш Казімір з Зельвенскага раёна: капусту і буракі прадаваў па 80 капеек, моркву – па рублю, а цыбульку – па 1 руб. 20 кап. А вось гродзенка Наталля прапаноўвала пакупнікам каля 50 розных відаў гарбаты…
– На кірмаш мы прыязджаем кожны год, – гаворыць адзін з пакупнікоў Уладзімір. – Сёння мы з жонкай купілі капусту і буракі. Звычайна ўсё вырошчваем на сваім агародзе, а вось калі чаго не хапае на зіму, або што не урадзіла – купляем на кірмашы. Тут і цэны прымальныя, і выбар ёсць.
Па пакупкі на кірмаш прыехала і Надзея Генадзьеўна з Рэзаў.
– Купіла зерня пшаніцы, – гаворыць жанчына. – Садавіну і гародніну вырошчваю сама, а вось па пшаніцу для сваіх гадаванцаў на кірмаш прыехала. Вельмі зручна, што можна звярнуцца па дапамогу да рабят з валанцёрскага атрада моладзі. Яны і паднясуць, і загрузяць.
На кірмашы працавалі старшакласнікі з усіх гарадскіх школ, члены раённай арганізацыі "БСРМ", якія з гатоўнасцю адгукаліся на кожную просьбу.
Запасціся на зіму садавінай і гароднінай – гэта выдатна, але які ж кірмаш без забаў, жартаў і конкурсаў? У сваё прафесійнае свята работнікі культуры раёна дарылі ўсім цудоўны настрой, выконваючы песні і прапаноўваючы прыняць удзел у забавах. Падчас святочнай праграмы былі падведзены вынікі конкурсу на лепшую кампазіцыю з сельскагаспадарчай прадукцыі сярод арганізацый раёна. Граматы і каштоўныя падарункі ўручыла пераможцам загадчыца сектара культуры Шчучынскага райвыканкама Анжэла Турэвіч. Трэцяе месца заняла кампазіцыя ААТ "Дэмбрава", другое – ААТ "Шчучынаграпрадукт". Пераможцам у конкурсе стаў філіял "Жалудоцкі агракомплекс" з унікальнай кампазіцыяй, якую стварылі работніцы філіяла Рэгіна Календа і Галіна Бекіш.
Нягледзячы на даволі халоднае надвор'е і ледзяны вецер усё ж знайшліся смельчакі, якія вырашылі прыняць удзел у атракцыёне "Шчучынская рыбалка", а адзін з удзельнікаў – Сяргей – нават двойчы. Узнагародай для іх стала рыба, якую яны злавілі.
Капуста, бульбачка, буракі, морква, яйкі і нават курыца з пеўнем – усё гэта маглі выйграць тыя, хто вырашыў набыць сельскагаспадарчую латарэю. А вось да некаторых шчасліўчыкаў фартуна была вельмі добразычлівай: яны выходзілі за выйгрышам не раз, і нават не два!
Доўга гудзеў кірмаш, задаволеныя сваімі пакупкамі, вярталіся дамоў шчучынцы і вяскоўцы. Цяпер – з бульбачкай і капусткай – і зіму можна сустракаць!
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.