Сезон вялікай нарыхтоўкі. Традыцыйнае восеньскае свята “Шчучынскі кірмаш” праходзіць у гэту нядзелю ў раённым цэнтры

Традыцыйнае восеньскае свята “Шчучынскі кірмаш” праходзіць у гэту нядзелю ў раённым цэнтры.
На вуліцы Леніна сваю прадукцыю для продажу шчучынцам прадставілі сельгаспрадпрыемствы раёна. Сярод прадаўцоў нямала і тых, хто прапануе пакупнікам прадукцыю пчалярства, а таксама саджанцы дэкаратыўных і кветкавых культур, вырашчаных у асабістых гаспадарках.
Сярод вялікага выбару сельгаспрадукцыі асаблівым попытам сёння карыстаецца бульба розных сартоў, якой на зіму запасаюцца гараджане. У прыярытэце таксама рэпчатая цыбуля, капуста і морква.





Мяркуючы па бойкім працэсе продажу, відавочна, што любяць шчучынцы восеньскія кірмашы, арганізатарам якіх традыцыйна выступае Шчучынскі райвыканкам.

Сёння кожны госць зможа не толькі запасціся розным харчаваннем, але і зарадзіцца добрым настроем. У гэты дзень сваёй творчасцю і культурнай праграмай гараджан і гасцей горада будуць радаваць артысты Шчучынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, якія сёння прымаюць віншаванні з нагоды прафесійнага свята -- Дня работнікаў культуры.
А галоўнай разынкай свята стануць традыцыйныя “кірмашовыя пацехі”. Гасцей чакаюць розыгрыш сельскагаспадарчай латарэі, атракцыён “Шчучынская рыбалка”, песні і танцы.
Не прапусціце!
Фота аўтара.
