Мясцовая вертыкаль падводзіць вынікі. На сесіі Астрынскага сельскага Савета дэпутатаў абмеркавалі актуальныя пытанні

 

На расшыраную сесію Астрынскага сельскага Савета дэпутатаў сабраліся не толькі народныя абраннікі і старасты вёсак, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, прадстаўнікі ключавых службаў раёна, але і прыйшлі нераўнадушныя жыхары гарадскога пасёлка. Усе разам вызначалі “болевыя кропкі” рэгіёна і выпрацоўвалі алгарытм далейшых дзеянняў, каб эфектыўна вырашыць злабадзённыя пытанні. Удзел у сесіі прыняла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк.

 

Са справаздачным дакладам перад прысутнымі выступіла старшыня Астрынскага сельскага Савета дэпутатаў і сельвыканкама Наталля Лебядзевіч, якая прааналізавала ход выканання Комплекснага плана мерапрыемстваў па павышэнні ўзроўню жыццезабеспячэння насельніцтва свайго рэгіёна. Фотаздымкі на экране падмацоўвалі агучанае старшынёй.  

 

-- Галоўная мэта мясцовага самакіравання – паляпшэнне якасці жыцця людзей, -- пераканана Наталля Іванаўна. – А жывём мы на тэрыторыі адметнай і багатай на таленты ды традыцыі. Толькі ў нас можна наведаць адзіны ў краіне музей Алаізы Пашкевіч, паўдзельнічаць у самабытных святах вёсак, пазнаёміцца з насельнікамі “Коннага двара “Кентаўр”, пабываць на знакамітым “Навадворскім фэсце” і іншых брэндавых мерапрыемствах нашага краю.

 

 

Вядома, жыццё складаецца не толькі са святаў. Таму найбольш у дакладзе старшыні ішла гаворка аб сельсавецкіх буднях, праблемах і шляхах іх вырашэння. Так, праводзіцца вялікая работа па ўмацаванні законнасці, правапарадку і пажарнай бяспекі. Менавіта на прафілактыку арыентавана дзейнасць грамадскіх фарміраванняў. Было праведзена 60 сельскіх сходаў, пад асаблівай увагай грамадскасці тыя, хто злоўжывае спіртным і, што называецца, не хоча жыць па-людску. За мінулы год былі працаўладкаваны 11 чалавек, яшчэ двое атрымалі часовую работу, 9 залежных ад алкаголю грамадзян накіраваны на лячэнне ў ЛПП. Дарэчы, да абмеркавання гэтай злабадзённай тэмы падключыўся і начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Сяргей Асовік. 

 

Не застаюцца без увагі сельсавецкай улады мнагадзетныя сем’і, пенсіянеры, якія пражываюць у адзіноце і ўвогуле адзінокія. Бездапаможных людзей сталага веку імкнуцца ўладкаваць у сацыяльныя ўстановы, прыёмныя сем’і, камусьці дапамагчы справай і словам. За 2021 год 52-м грамадзянам аказана матэрыяльная дапамога з Фонду сацыяльнай абароны на агульную суму 5240 рублёў: на рамонт жылля, печаў, набыццё паліва і лекаў. Матэрыяльная дапамога напярэдадні 1 верасня аказвалася 29 мнагадзетным сем’ям.

 

 

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў – таксама адна з ключавых задач. Напрыклад, за тры апошнія гады на тэрыторыі Астрынскага сельсавета было знесена 47 нежылых абвятшалых дамоў (20 з іх – летась), у выніку чаго вызвалена 5 га зямлі. РУП “Гроднаэнерга” правяло комплексны капітальны рамонт паветраных ліній у вёсках Кобраўцы і Арлова Гара, а таксама па вуліцы Кірава ў Астрыне. Асфальтаванне вуліц у Кобраўцах і Нарашах выканалі дарожнікі ДРБУ-161, падсыпалі дарогу ў Вялікіх Бярозаўцах, правялі ямачны рамонт у Кобраўцах Правых. Аднак яшчэ хапае і нявырашаных праблем, звязаных з якасным рамонтам дарожнага палатна. На пытанні прысутных даў свае адказы і тлумачэнні начальнік ДРБУ-161 Мечыслаў Сцельмашок.

 

Дэпутат па Кобраўскай выбарчай акрузе, дырэктар ААТ “АграГЖС” Віктар Паўлюкевіч расказаў аб тым, з якімі вытворчымі паказчыкамі завяршылі год астрынскія аграрыі, якую сацыяльную нагрузку бярэ на сябе гаспадарка, бо ў аддаленых вёсках і на хутарах жывуць пажылыя людзі, што калісь у маладосці закладвалі эканамічны падмурак сённяшняга досыць паспяховага аграпрадпрыемства.

 

Падзялілася вопытам сваёй работы і стараста вёскі Нарашы Раіса Ушкевіч, якой разам са сваёй дружнай нарашанскай камандай удаецца паспяхова вырашаць многія важныя для сялян пытанні. А стараста вёскі Кульбачына Віктар Токць выказаў словы падзякі за адрамантаваную дарогу, узняў пытанне паркоўкі аўтатранспарту ў непасрэднай блізкасці да возера, бо парушаюцца элементарныя экалагічныя патрабаванні. На думку неабыякавага старасты, рашэннем праблемы можа стаць устаноўка адпаведнага дарожнага знака.

 

Такія важныя тэмы, як эпідэмсітуацыя і вакцынацыя насельніцтва (а на тэрыторыі Астрынскага сельсавета, спадзяемся, ужо выпрацаваўся калектыўны імунітэт, бо прышчапілася каля 67% насельніцтва) узняла галоўны санітарны ўрач раёна Анастасія Круковіч. З цікавасцю слухалі прысутныя і выступленне дырэктара філіяла аблспажыўтаварыства Вануша Навасардзяна. Справа ў тым, што жыхары вуліцы 8 Сакавіка г.п. Астрына спадзяюцца на аднаўленне работы магазіна, аднак з-за эканамічнай мэтазгоднасці людзям прапануецца альтэрнатыўнае гандлёвае абслугоўаванне – паслугі аўталаўкі. Абмеркаванне гэтага пытання яшчэ будзе мець свой працяг на ўзроўні райвыканкама, а пакуль былі выслуханы ўсе пункты гледжання.

 

 

Вынікі размовы падвяла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк. Яна выказала шчырыя словы падзякі за супрацоўніцтва кіраўнікам арганізацый і прадпрыемстваў, што знаходзяцца на тэрыторыі Астрынскага сельсавета, а таксама дэпутатам і старастам населеных пунктаў за плённую камандную работу, паставіла новыя задачы перад дэпутацкім корпусам, закранула ў сваім выступленні актуальныя тэмы сучаснасці. Ганна Станіславаўна падзякавала астрынчанам і за актыўную грамадзянскую пазіцыю падчас рэферэндуму па прыняцці новай рэдакцыі Асноўнага Закона краіны, па якім нам жыць, тварыць, працаваць.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!