Вернемся ў мінулае на імгненне. Аб чым пісала раёнка 30 гадоў назад
Працягваючы гартаць архіўныя падшыўкі, прапануем перанесціся на 30 гадоў назад і са старонак “Савецкай вёскі" даведацца, якія падзеі ў Шчучынскім раёне адбываліся ў 1990 годзе.
Няма чаргі на жыллё
Ключы ад новых кватэр атрымалі ў калгасе “Расія” перад Новым годам 21 сям’я. а ўсяго ў апошнія гады ў цэнтры гаспадаркі – вёсцы Дэмбрава – кватэры атрымалі больш 60-ці сем’яў. Такое стала магчымым дзякуючы шырокаму прымяненню гаспадарчага спосабу будаўніцтва. Зараз у калгасе няма чаргі на атрыманне дома. Кватэры з усімі выгодамі маюць не толькі працаўнікі палёў і ферм, але і настаўнікі.
Добраўпарадкаванне возера
Поўным ходам ідзе будаўніцтва РДК. Яго праектам прадугледжаны і работы па добраўпарадкаванню возера. Запланавана прывесці ў парадак набярэжную з пляцоўкамі. Для таго, каб выканаць неабходны аб’ём работ, неабходна прыкладна на 1,1-1,3 метры панізіць узровень вады ў возеры.
Па заяўках кліентуры
Жалудоцкі рамонтны завод, акрамя рамонту трактароў, вырабу іншай прамысловай прадукцыі для сельскай гаспадаркі, выконвае заказы прадпрыемстваў і прыватных асоб. У прыватнасці для завода “Аўтапровад” выраблена каля 500 складных металічных кантэйнераў для транспарціроўкі дроту і правадоў. На заводзе прымаюцца заказы ад уладальнікаў аўтамотатранспарту на шліфоўку каленчатых калоў і расточку цыліндраў рухавікоў аўтамабіляў усіх марак. На заводзе мяркуецца асвоіць выраб рассоўных цяпліц і ручных прылад для апрацоўкі глебы.
З’явілася інвалюта
Побач з вырошчваннем агародніны, на якой спецыялізуецца саўгас “Шчучынскі”, у апошні час тут заняліся і развядзеннем рапсу. Яго зерне ахвотна купляюць не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой. Вось і летась рапс набылі шэраг замежных краін, заплаціўшы саўгасу інвалютныя рублі. За інвалюту можна будзе набыць новую імпартную тэхніку, камп’ютары, якія неабходны для далейшай канцэнтрацыі і спецыялізацыі вытворчасці.
Новая прадукцыя
Сыр “Букавінскі” пачаў выпускаць масласырзавод. Тэрмін яго выспявання – 30 сутак. Са смакавымі якасцямі сыру ўжо змаглі пазнаёміцца жыхары Шчучына, Гродна, Ліды. Цяпер на заводзе выпускаюцца сыры пяці назваў: “Расійскі”,”Вырускі”, “Адыгейскі”, “Дыетычны” і “Букавінскі”. За два месяцы бягучага года іх выпушчана і рэалізавана 539 тон.
Гэты ўсюдыісны дэфіцыт
З мэтай упарадкавання гандлю і забеспячэння насельніцтва раёна таварамі павышанага попыту, выканком раённага Савета народных дэпутатаў прыняў наступнае рашэнне. Згодна з выдзеленымі раёну фондамі на мыючыя сродкі, адпускаць мыла туалетнага – 1 кілаграм у год на чалавека, гэта значыць па 250 грам штоквартальна; мыла гаспадарчага – па 200 грам штоквартальна; пральнага парашку – да 5 кілаграмаў у год на чалавека. У сцвязі з існуючым становішчам райвыканкомам размеркаваны дэфіцытныя тавары па сельскім Саветам, а тыя ў сваю чаргу павінны размеркаваць іх па працоўным калектывах. Пры размеркаванні ў працоўных калектывах тавараў павышанага попыту неабходна ўлічваць, наколькі сапраўды неабходна дадзеная рэч таму ці іншаму прэтэндэнту. Не сакрэт, што ў мінулым годзе сістэма чарговасці прывяла да таго, што сотні пыласосаў, халадзільнікаў, пральных машын “перакачавалі” за межы раёна, а то і наогул у Польшчу.
Напракат? Калі ласка!
Шчучынскі пункт пракату штомесячна аказвае розных паслуг насельніцтву на суму каля пяці тысяч рублёў. У цяперашні час на руках жыхароў Шчучына знаходзіцца 180 каляровых і 140 чорна-белых тэлевізараў, 85 халадзільнікаў, 15 піяніна, дзясяткі пракльных машын, пыласосаў, магнітафонаў, музычных інструментаў. У пастаянным абароце знаходзіцца 400 каіплектаў пасцельнай белізны, дзіцячыя каляскі, манежы, раскладушкі, кавамолкі.
Ну і ну! Мяняю на…
У мяне тры сыны амаль дарослыя, ды і муж яшчэ. Ва ўнівермагу г.п. Астрына мне прадалі па спіску шэсць пар дзіцячых калготак 14 нумару. Можа каму патрэбны такія, прапаную памяняцца. Па чыёйсці міласці прыходзіцца ўспамінаць пра натуральны абмен. Часам да абсурду даходзяць рашэнні мясцовых органаў. Вось і даводзіцца для хлопцаў-падлеткаў купляць… калготкі, якія хіба спатрэбяцца для іх будучых дзяцей!
Па чутках і на справе
Згодна з разнарадкай, выдзеленай раёну, цукар будзе, як і летась, выдавацца па талонах па ўстаноўленай норме. Гэта значыць, што ў чэрвені, ліпені, калі самы сезон нарыхтоўкі варэння, жыхары раёна маюць магчымасць атрымаць па тры кілаграмы на кожнага чалавека. У жніўні, верасні, кастрычніку – па два, а ў астатнія месяцы – па кілаграму.
Аўтамабіль у арэнду
Вось ужо пайшоў трэці год, як калгас імя Фрунзе перадаў усе аўтамабілі ў арэнду вадзіцелям. Пры новых умовах арганізацыі працы частка прыбытку за перавезеныя грузы ідзе ў даход вадзіцелю. Менавіта з гэтага даходу ён плаціць за амартызацыю аўтамабіля, бензін, запчасткі, стаянку ў гаражы. Ад 35 да 50 працэнтаў прыбытку атрымліваюць шафёры ў якасці прэміі. Астатнія грошы ідуць у фонд развіцця калгаса. І зразумела, акрамя прэмій вадзіцелі штомесячна атрымліваюць цвёрдыя аклады.
З чым ідзём да рынку?
Што запланавана пабудаваць, адкрыць, арганізаваць у раёне ў недалёкім будучым? Ужо некалькі гадоў запар ідуць размовы аб будаўніцтве ў калгасе “1 Мая” каўбаснага цэха. У плане на 1991-92 гады будаўніцтва гэтага цэха магутнасцю 250 тон каўбасных вырабаў ёсць. У эксперыментальнай базе “Руткевічы” намечана арганізаваць вытворчасць канцэнтраваных сокаў, вырошчванне і перапрацоўку шампіньёнаў, сушку садавіны. Саўгас “Шчучынскі” мае намер у будучым годзе закончыць будаўніцтва цяпліцы плошчай у 0,5 га для вырошчвання ранняй гародніны, пабудаваць у 1993-94 гадах цэх па перапрацоўцы гародніны магутнасцю 3 мільёна ўмоўных банак у год. Завод “Аўтапровад” будзе будаваць новы цэх па выпуску тавараў народнага ўжытку. Масласырзавод запланаваў адкрыць фірменны магазін у Шчучыне. У 1991-92 гадах у раёне намечана пабудаваць цэх па вытворчасці безалкагольных напіткаў, які будзе выпускаць 3 тысячы бутэлек напіткаў за змену.
P.S. 1990-ы быў вельмі складаным годам. З другога паўгоддзя савецкія людзі ў поўнай меры адчулі дэфіцыт прадуктаў першай неабходнасці. Раптам стала не хапаць мыйнага парашку, самаго мыла, цукру, круп, макаронаў, тэлевізараў. Многія тавары пачалі прадавацца толькі па талонах і спісах. Талонная і спісачная сістэмы гандлю не давалі гонару перабудовачным працэсам у грамадстве. У СССР пачаліся найцяжэйшыя дэзінтэграцыйныя працэсы...
Сяргей КАСПЯРЧУК.