Дзясятага ліпеня, восемдзесят год таму

нарадзілася ўдзельніца Вялікай Айчыннай вайны, блакадніца Ленінграда Вера Мікалаеўна Кузьміна. Павіншаваў яе з гэтай юбілейнай датай старшыня раённага савета ветэранаў Эдмунд Станіслававіч Дзікевіч. 

Гасцей імянінніца чакала пры поўным парадзе: у святочным касцюме з медалямі. Нават і не скажаш, што Веры Мікалаеўне ўжо 80, яна зусім не выглядае на свае гады. Праўда, здароўе крыху стала падводзіць. Але гэта і не дзіўна. Выпрабаванні, што выпалі на яе долю, не маглі не пакінуць свой след. Яна і так яшчэ малайчына, трымаецца. 
Зусім маленькаю засталася Вера Мікалаеўна сіратою. Ёй было толькі чатыры гадкі, калі ў блакадным Ленінградзе ад голаду памерла яе мама. Тата ваяваў на фронце, да гэтай пары лічыцца прапаўшым без вестак. І ў 1942 годзе Веру з сястрычкай вывезлі ў дзіцячы дом у Яраслаўлі. 
У Яраслаўлі Вера Мікалаеўна “на выдатна” закончыла рамеснае вучылішча. Дзяўчыне прапаноўвалі застацца працаваць на заводзе. Але яна разам з іншай моладдзю накіравалася асвойваць цалінныя землі. Туды ж паехала і сястра. Менавіта там дзяўчаты знайшлі свае палавінкі. Так атрымалася, што сястра Веры са сваім мужам прыехалі жыць на Шчучыншчыну і пастаянна клікалі сюды Веру з сям’ёй, у якой на той час было ўжо трое дзяцей – сынок і дзве дачушкі. Нарэшце Кузьміны прыняла рашэнне аб пераездзе. 
Жылі, расцілі дзяцей. Каля дваццаці год Вера Мікалаеўна адпрацавала на Шчучынскім заводзе “Аўтапровад”. Яе муж пайшоў з жыцця восем год таму. 
Сёння сваю любімую матулю апякаюць дзеці. І ў дзень нашага візіту разам з ёю была дачка Ірына Валянцінаўна Альшэўская. 
– Мы яе вельмі любім і шкадуем, – гаворыць Ірына Валянцінаўна. – Мама пражыла цяжкае жыццё, рана страціўшы бацькоў, змяніла не адзін дзіцячы дом. І цяпер, у такім паважаным узросце, наш святы абавязак даглядаць і клапаціцца пра яе. 
Віншуем з юбілеем, паважаная Вера Мікалаеўна! Здароўя Вам, сіл і доўгіх год жыцця.
Ганна РУДСКАЯ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!