Навуковую манаграфію, прысвечаную Шчучыну, выдаў нядаўна дацэнт Сяргей Данскіх. Прапануем нашым чытачам адчуць эвалюцыю гарадской тапаграфіі

Сучасны Шчучын – адзін з самых прыгожых і ўтульных невялікіх гарадоў Беларусі. Рацыянальная планіроўка, добра акцэнтаваны цэнтр, арганічнае спалучэнне старажытных і сучасных будынкаў, утульныя скверы і зона адпачынку – усё гэта робіць наш горад прывабным месцам для жыцця і выклікае гонар шчучынцаў. Не выпадкова, што на мяжы ХХ–ХХІ ст. Шчучын пачаў прыцягваць да сябе ўвагу даследчыкаў, якія імкнуліся вызначыць асаблівасці і тэндэнцыі гістарычнага шляху горада. Паступова назапашваўся фактычны матэрыял ды ўзнімаўся ўзровень гэтых прац – ад навукова-папулярных артыкулаў і нарысаў да гісторыка-дакументальных хронік. Нарэшце Шчучын дачакаўся сапраўднага навуковага даследавання. Як стала вядома рэдакцыі, дацэнт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Сяргей Данскіх выдаў навуковую манаграфію “Шчучын: лакальная гісторыя ў кантэксце рэгіянальных працэсаў”, якая прысвечана Году малой радзiмы. Прапануем нашым чытачам фрагмент гэтай працы, якi адлюстроўвае эвалюцыю гарадской тапаграфіі Шчучына.

 

Сучасны чалавек упэўнены, што ў кожным населеным пункте павінны быць вуліцы з назвамі і нумарамі дамоў. Але спачатку былі дарогі. Мястэчка Шчучын сфарміравалася ў XVI ст. на перакрыжаванні двух вялікіх шляхоў: Віленскага і Гродзенскага гасцінцаў. Віленскі гасцінец сучасныя гісторыкі называюць “Шляхам Ягелонаў”. Ён звязваў дзве сталіцы: польскі Кракаў і літоўскую Вільню. На Шчучынскай зямлі гэты тракт праходзіў праз Масты – Ражанку – Руткевічы – Шчучын – “грэблю” (плаціну) з карчмой на рацэ Туроўцы – Плянты – Гернікі – Старыя Васілішкі. Мясцовыя жыхары лічылі яго вельмі старажытным і ўжо ў пачатку XVII ст. называлі “Старасвіцкім гасцінцам”. Гродзенскі гасцінец звязваў Гродна і Навагрудак. Ён ішоў праз Каменку – Яцвезск (некалі маленькае мястэчка з касцёлам на поўдзень ад вёскі Зарэчча) – брод з карчмой на рацэ Тур’я (сучасная вёска Тур’я, старажытная назва Туроўка) – Шчучын – карчму “Карысць” (на поўдзень ад вёскі Даўлюдаўшчына) – Казарэзы – Жалудок – карчму “Жужма” на рацэ Лебяда – Збляны – “Шаўковы перавоз” на Нёмане. Перакрыжаванне гэтых дарог утварыла гандлёвы пляц у цэнтры мястэчка – сучасную плошчу Свабоды. Ад яе адыходзілі тры вуліцы, якія ў XVI–XVII ст. называліся гасцінцамі. Гродзенскі гасцінец – сучасная заходняя частка вул. Леніна. Ражанкаўскі гасцінец – вул. 17 Верасня. Жалудоцкі гасцінец – усходняя частка вул. Леніна.

 

 

Паўночная “магістраль” – сучасная вуліца Савецкая – сфарміравалася толькі ў ХХ ст. Да гэтага мястэчка Шчучын мясцілася выключна на паўднёвым беразе Туроўкі. На паўночным беразе знаходзіўся панскі двор “Вялікі Шчучын паноў Лімантаў (XVII ст.) і графаў Сцыпіё дэль Кампа” (XVIII ст.). На паўночным усходзе мястэчка каля “грэблі” на рацэ Туроўцы ў XVІІІ ст. з’явіўся фальварак Шчучын. Такім чынам, панскія ўладанні доўгі час рабілі немагчымым развіццё Шчучына ў паўночным накірунку, і мястэчка на тры стагоддзі набыло форму літары “Т” – тры вуліцы-“гасцінца” з гандлёвай плошчай пасярэдзіне.

 

Першапачаткова мястэчка дзялілася на “пляцы”, якія ў ХІХ ст. пачалі называць дварамі. Шчучын сфарміраваўся на прыватнай зямлі, і за кожны “пляц” жыхары мястэчка штогод плацілі пану “чынш” альбо адпрацоўвалі “паншчыну”. У цэнтры мястэчка “пляцы” былі малымі, але дарагімі. Яны прызначаліся для гандлёвых крамаў і не мелі агародаў. Далей ішлі больш танныя вялікія “пляцы” з агародамі, а на ўскрайку пачыналіся ворыўныя землі жыхароў мястэчка. У першай палове XVII ст. амаль усе шчучынцы мелі агароды, а ворыва апрацоўвалі толькі 75 % жыхароў. Да іх “пляцаў” дадаваліся валокі зямлі ў наваколлі мястэчка. У гэты час мястэчка Шчучын дзялілася на 57 “пляцаў”, у тым ліку 29 уздоўж Жалудоцкага гасцінца. Некалькі пляцаў заставаліся пустымі – у мястэчку пражывала толькі 49 сямей – асобных гаспадарстваў. У тым ліку 12 рамеснікаў і 5 агароднікаў.

 

 

Мястэчка Шчучын да 1939 г. мясцілася на прыватнай зямлі. Каб у паселішчы з’явіліся новыя жыхары, уладальнікі павінны былі павялічыць колькасць “пляцаў”, вылучыўшы з навакольных палёў і лугоў участкі зямлі для забудовы. Але яны лічылі гэта немэтазгодным. Таму на працягу 250 гадоў мястэчка Шчучын амаль не павялічвалася, а колькасць “пляцаў” ніколі не складала больш за 65 (з улікам карчмы і падвоенага “пляца” шчучынскага войта). У 1848 г. у мястэчку налічваліся тыя ж 49 двароў!

 

Рост Шчучына адбываўся за кошт з’яўлення тут каталіцкіх кляштараў ды яўрэйскага насельніцтва. Метрычныя кнігі Шчучынскага касцёла пачатку ХІХ ст. яшчэ не фіксуюць вуліцы, але ведаюць іншыя месцы жыхарства мясцовых жыхароў: мястэчка Шчучын, шчучынскі двор, лазарэт пры двары, аптэка, сярэдні млын, шчучынскі бровар, фальварак, цагельня, кляштар піяраў, канвент сясцёр міласэрнасці. Да гэтага спісу трэба дадаць пошту і сем “піцейных дамоў” (карчмы і пастаялыя двары – “заязды”). Іх арандавалі мясцовыя яўрэі, таму ў метрычных кнігах касцёла яны не адлюстроўваліся. Пры гэтых установах жылі духоўныя асобы, настаўнікі, медыкі, майстры, вучні, а таксамі людзі, якія фармальна не лічыліся месцічамі: парабкі, вартаўнікі, кухаркі, конюхі і інш.

 

 

Хуткі рост Шчучына пачаўся ў 1861 г. пасля адмены прыгоннага права. Тагачасныя ўладальнікі Шчучына князі Друцкія-Любецкія пачалі паступова прадаваць зямлю на ўскрайках мястэчка для прыватнай забудовы. Цэнтр мястэчка – гандлёвую плошчу з асобнымі крамамі і гандлёвымі радамі – так званыя “Сукенніцы Шчучынскія” на паўднёвым баку сучаснай плошчы, яны да апошняга трымалі ў сваёй уласнасці. Усе пабудовы князёў Любецкіх у 20-х гг. ХІХ ст. былі выкананы ў стылі класіцызму (касцёл і кляштар піяраў) ці з яго элементамі – калонамі і порцікамі (гандлёвыя рады і крамы, забудова фальварка, дом лясніцтва) – і былі пафарбаваны ў белы колер. Астатняя забудова была драўлянай і крытай гонтам. Паміж дамамі мясціліся агароды і невялікія сады.

 

Напрыканцы ХІХ ст., калі колькасць двароў у Шчучыне дасягнула 130, пачалі стыхійна фарміравацца першыя вуліцы. Яны ўтварыліся ўздоўж старых дарог і атрымалі адпаведныя назвы: Гродзенская, Віленская і Ражанкаўская. Гандлёвы пляц на расійскі манер пачалі называць базарам. Неўзабаве з’явіліся вуліцы Паштовая (зараз Кастрычніцкая), Плянтоўская (зараз Камсамольская), Гандлёвая і завулак на могілкі (ад гандлёвай плошчы на захад, зараз забудаваныя). Плянтоўскую вуліцу часта называлі “Плянцікі”. Тут жыла яўрэйская бедната. На гандлёвай плошчы сяліліся заможныя яўрэі, а ўздоўж Ражанкаўскай вуліцы – яўрэйскія рамеснікі і духоўныя асобы. Паштовая і часткова Гродзенская вуліцы прываблівалі царскіх чыноўнікаў, настаўнікаў і ўрачоў. На Віленскай вуліцы (былы Жалудоцкі гасцінец) пераважна жылі “мяшчане” – старое хрысціянскае насельніцтва мястэчка. Нумарацыі дамоў не існавала. Яны называліся па прозвішчах жыхароў ці ўладальнікаў: дом князя, дом настаўніка Касяка, дом доктара Кондрата, дом Жука і г.д.
Падчас “першай нямецкай акупацыі” ў 1915–1918 гг. былі пабудаваны вежа з гадзіннікам і вузкакалейная чыгунка, якую называлі “конка” альбо “лорка”. Вузкакалейка прызначалася для вывазу беларускага лесу для нямецкага фронту. Яно была пракладзена ў форме перавернутай літары “Z”: ад прыстані на рацэ Тур’я на поўдзень ад вёскі Даліна Зарэчная да станцыі Ражанка. Адтуль яна ішла ўздоўж усходняга ўскрайку шашы “Станцыя Ражанка – Рэзы – Шчучын”. Вузкакалейка праходзіла праз мястэчка і маёнтак Шчучын да дарогі Гродна – Ліда (зараз траса М 6), дзе паварочвала на захад і ішла ўздоўж паўднёвага боку шашы да вёскі Плянты. Так утварылася новая вуліца Каляёвая (зараз вуліцы 17 верасня і Савецкая), а назва Ражанкаўская перайшла да сучаснай вуліцы Гастэлы.

 

 

“За польскім часам” у 20–30-х гг. ХХ ст. у выніку дзяржаўнай парцэляцыі буйной зямельнай уласнасці ў Шчучыне з’явіліся новыя вуліцы: Папярэчная (зараз Лермантава) і Польная (зараз Першамайская і Фрунзэ), а таксама перавулак Зацішша (зараз Мічурына), якi ўтварыўся на зямлi былога княскага фальварка “Ферма”. Сучасная вуліца Акадэмічная называлася Польнай дарогай. Польныя вуліца і дарога лічыліся, адпаведна, паўднёвым і ўсходнім ускрайкамі мястэчка. Акрамя вуліц з рэгулярнай планіроўкай, каля мястэчка з’явіліся “асады”, дзе дамы маглі размяшчацца больш-менш хаатычна. Былы княскі фальварак Шчучын узяў у арэнду і разбудаваў заможны селянін. Гэтае месца пачалі называць “асада Шчучын”. За дрэваапрацоўчым заводам з’явілася паселішча для працоўных – “асада фабрычная “Тартак” (зараз Чайкоўскага). Асобныя тапонімы склаліся стыхійна: “Шкляная горка” (зараз Горкага) ці “На вуглу” (зараз “Дом Саветаў”).

 

У 30-х гг. ХХ ст., калі Шчучын стаў цэнтрам асобнага павета, польскія ўлады ўзяліся за добраўпарадкаванне мястэчка. У паўночнай частцы гандлёвай плошчы быў разбіты сквер рэгулярнай радыяльнай планіроўкі з ружовымі кустамі, а па заходнім перыметры высаджаны дрэвы. Для правядзення базараў прызначалася новая вуліца Гандлёвая (зараз Пушкіна). Вузкакалейку разабралі, і вуліца ад цэнтра мястэчка да дрэваапрацоўчага завода братоў Канапацкіх (зараз завод “Аўтапровад”) атрымала назву Фабрычнай (зараз Савецкая).

 

 

Напрыканцы 30-х гг. ХХ ст. польскія ўлады перайменавалі большасць шчучынскіх вуліц. Гродзенская і Віленская вуліцы былі аб’яднаны ў адну вуліцу Юзафа Пілсудскага. Польная вуліца стала насіць імя Тадэвуша Касцюшкі, а Ражанкаўская – Эдварда Рыдз-Сміглага. Гандлёвая вуліца стала вуліцай 11 Лістапада, а Польная дарога – вуліцай Легіёнаў. 

 

Не паспелі мясцовыя жыхары прызвычаіцца да новых назваў, як у верасні 1939 г. у Шчучын прыйшла савецкая ўлада. На гэты раз назвы змянілі ўсе вуліцы мястэчка, а дамы атрымалі нумарацыю. Новыя назвы ўшаноўвалі прозвішчы заснавальнікаў марксізму-ленінізму і савецкіх лідараў, да якіх адразу пасля Вялікай Айчыннай вайны далучыліся класікі рускай культуры. Гэтыя назвы існуюць па сённяшні дзень, за выключэннем вуліц Варашылава (зараз Гастэлы), Загараднай (зараз Гагарына) і Жданава (зараз Акадэмічная).

 

Найбольш цікавыя змены адбыліся ў паўночнай частцы Шчучына. На зямлі княскага маёнтка пасля 1953 г. узнік ваенны гарадок, які афіцыйна лічыўся вуліцай Астроўскага. Былы княскі фальварак – “асада Шчучын” – ператварыўся ў вёску Першамайскую, якая стала сядзібай калгаса імя Сталіна – першай калектыўнай гаспадаркі Шчучынскага раёна. Такім чынам, у другой палове ХХ ст. Шчучын працягваў складацца з трох частак: гарадскога пасёлка (з 1962 г. горада) – былога мястэчка, ваеннага гарадка – былога маёнтка і вёскі Першамайская – некалі фальварка і асады.

 

“Уз’яднанне” Шчучына адбылося літаральна на нашых вачах. У снежні 1995 г. тэрыторыя былога ваеннага гарадка была перададзена гораду Шчучыну. У маі 2013 г. вёска Першамайская была далучана да горада. Зараз гэта некалькі ўтульных вулачак і завулкаў: Азёрная, Майская і Набярэжная. Гэтак упершыню за 400 гадоў усе часткі старажытнага Шчучына аб’ядналіся ў сучасным беларускім горадзе. Вось так, шаноўны чытач, наш шпацыр па вулачках старога Шчучына прывёў да нечаканай высновы: дэ-факта самы малады горад Беларусі – гэта Шчучын!

 

Сяргей ДАНСКІХ.
Фота Аляксандра КАСПЕРЧУКА і з архіва рэдакцыі.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!