Велікодныя пірагі з турэйскім смакам

 Нельга ўявіць сабе Вялікдзень без пірагоў. Напярэдадні вялікага свята журналіст “Дзянніцы” накіравалася ў маляўнічую прынёманскую вёску – Турэйск, каб разам з захавальніцамі слаўных беларускіх традыцый выпечы той самы велікодны пірог. 
 У вёсцы жыццё ідзе інакш, чым у горадзе – без мітусні, паважна і роўна. Да свята тут рыхтуюцца загадзя: наводзяць парадкі ля хаты, у хаце і ў душы. 
Разам з калегай Алай Бібікавай мы завіталі ў госці да Фаіны Парфіновіч і яе сябровак. Вясковая хата ціха прытулілася да берага магутнага Нёмана. Ён віднеецца адразу за хлеўчукамі і стаў спрадвечным сведкам сціплага сялянскага жыцця. Гаспадыня сустракае нас на парозе. На невялічкай куханьцы ля акенца – стол, ля якога ўжо завіхаюцца жвавыя турэйскія жанчынкі. 


Фаіна Парфіновіч, Ніна Тарас і Яніна Тарас ураз разбіваюць міф аб тым, што жаночага сяброўства не існуе. Жанчыны шкадуюць, што яшчэ адной сяброўкі няма – захварэла іх Яўгенія Іванчык. Яны сябруюць праз усё жыццё, называюць адна адну простымі вясковымі імёнамі. Разам і ў горы, і ў радасці, таму сталі амаль роднымі. Рэцэпт пірага ў іх і той адзін на ўсіх. Яму амаль 40 гадоў!
За пірагі ўзяліся дружна. Адна малако грэла, другая муку прасявала, трэцяя яйкі ўзбівала. Талакой справа ладзілася хутка. 


– Фаня, ты пірагі замешвай, ты ж гаспадыня, – звярнулася да Фаіны Парфіновіч Яніна Тарас.
Тая адмахнулася, маўляў, ты ў нас самая малодшая! (Яніне – 69 гадоў – заўвага аўтара). Жанчына доўга не спрачалася, перахрысцілася і ўзялася замешваць пірагі. Праз лічаныя хвіліны ў місцы красавалася жоўтае цеста. Бачылі б вы, як хутка хадзілі рукі ў турэйскай гаспадынькі!


– Цяпер трэба паставіць яго ў цёплае месца для ўздыму, – патлумачылі жанчыны, уладкоўваючы міску на ложак і накрываючы яе ручніком.
Пакуль цеста падыходзіла, жанчыны расказвалі пра сябе, пра тыя традыцыі, што жывуць у іх вёсцы з сівых часоў. Яны дэманстравалі, як раней прасавалі пранікам ільняныя ручнікі, і дзяліліся сакрэтам, як стваралі шыкоўны ўзор для дывана на 150 і на 15 прутках. Іх рукатворныя дываны красаваліся побач, на канапе. Не ацаніць працу турэйскіх бабуль было немагчыма. Не дываны, а сапраўдныя шэдэўры. А якія неверагодна прыгожыя ручнікі ствараюць гэтыя майстрыхі! Спецыяльна для нас паказалі турэйскія жанчыны, як раней малолі мак з цукрам у церлі. Церла прынеслі незвычайнае – царскае, “за польскім часам” вырабленае. ажуць, яму больш за 150 гадоў. Мак перамолваўся ажно на муку! 
З інтарэсам слухалі мы расказы пра тое, як раней пяклі хлеб на маслянцы. 


– Цяпер у вёсцы ніхто хатняга хлеба ўжо не пячэ, а раней пяклі ў печах, на лістах аеру, – з сумам адзначылі жанчыны. – Былі малыя, маці расчыняла пірагі з другім пеўнем. Толькі ў пятніцу ў Турэйску ні хлеб, ні пірагі не пяклі, казалі, што цэлы год сажа ў коміне будзе загарацца. А як пірагі падыходзяць, нас з хаты маці не выпускае, каб не апалі яны. Ды яшчэ і палохае, маўляў, як з хаты пойдзеце, мужык будзе лысы! 
Жанчыны смяюцца, гучна і залівіста. Здавалася, вярнуліся яны ў той бесклапотны час, і як не было пражытых гадоў. За размовай і пірагі падышлі хутка. Выпаленая печ ужо ва ўсю дыхала цеплынёй. Цеста двойчы ўмялі, падзялілі на часткі і выклалі ў загадзя змазаныя алеем формы. Пірог жанчыны ладна ўпрыгожылі і памазалі расцертым з цукрам яечным жаўтком. У печ ставілі не на вуглі, а на трыногу. 
– Як толькі пірагі апынуліся ў печы, Яніна Тарас прынесла галушку з таго самага цеста, кінула яе ў шклянку з халоднай вадой і паставіла на люшку. 
– Як толькі галушка ўсплыве – пірагі гатовы! – патлумачыла жанчына. 
Дзіва, але так і атрымалася! 


Прызнацца, дачакацца, пакуль выпекуцца пірагі, было не так і лёгка. Салодкі водар адразочку вяртаў у дзяцінства, калі мама з бабуляй пяклі пірагі ў рускай печы, якая, як важная гаспадыня, стаяла акурат пасярод хаты. Мне заўсёды даставаўся кавалачак цеста, і я старанна ляпіла з яго… вожыка, нажніцамі рабіла надрэзы-іголкі. Калі пірагі былі гатовы, вымазвала іх расцертым жаўтком і, стаіўшы дыханне, сачыла, як яны знікаюць у цемры печы, разам з вожыкам. Заслонка закрывалася, а я ўсё не адыходзіла ад печы, чакала, калі матуля бузе даставаць той пірог, такі смачны, салодкі, духмяны, зроблены рукамі самых любімых і дарагіх сэрцу людзей…


Турэйскія пірагі атрымаліся цудоўнымі: высокімі, прыгожымі, пульхнымі! Нашы гаспадынькі ўзрадаваліся не менш за нас. Пірагі пяклі з малітвай і любоўю, кампаніяй, таму і атрымаліся яны на замілаванне! Ці смачныя? Вельмі! 


На святочным стале ў турэйскіх бабуль пірагі зоймуць пачэснае месца побач з пасхай, фарбаванымі ў шалупенні яйкамі, галубцамі, кішкай з бульбай, хатняй каўбасой і іншымі прысмакамі. За сталом збяруцца самыя родныя. А калі родныя людзі побач – то і Вялікдзень будзе самым светлым, і пірагі самымі смачнымі! 
Вялікі дзякуй, дзяўчаты, за цудоўны майстар-клас і рэцэпт турэйскага пірага! 

У Турэйску гасціла Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара. 


Рэцэпт турэйскага пірага
Для дражджавога цеста спатрэбіцца: 2 кг мукі, 100 г дражджэй, 2 пачкі ваніліну, жменя разынак, 3 яйкі, чайная лыжка солі, 7 жменяў цукру, карыца, 1 літр малака, 50 г маргарыну або масла, некалькі лыжак алею. 
Муку трэба прасеяць, дадаць ванілін, разынкі, разведзеныя цёплай вадой дрожджы, чайную лыжку солі, уліць малако з растопленым маргарынам (маслам), тры ўзбітыя яйкі, пару лыжак алею. Цеста старанна вымесіць. Міску з цестам паставіць у цёплае месца для ўздыму, ахінуць рушніком. Калі цеста паднімецца, двойчы яго ўмяць. Падзяліць на часткі, выкласці цеста ў змазаную форму (можна дадаць у цеста карыцу).
Пірог упрыгожыць каласкамі, косамі, кветкамі (на ваш густ), памазаць расцертым яечным жаўтком з цукрам і пакінуць на 15 хвілін. 
Разгрэбці вуглі і формы з пірагамі паставіць у печ (калі жар моцны – пірагі ставіць на трыногу, як толькі схопіцца верх – накрыць змочанай у вадзе газетай). Пірагі гатовы праз 30-40 хвілін. Пасля вымання з печы пірагі яшчэ раз прамазаць расцертым жаўтком і ўпрыгожыць на свой густ.
Смачна есці!

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!