“Скураны мяч” вызначыў пераможцаў

У Шчучыне прайшлі раённыя спаборніцтвы па міні-футболе “Скураны мяч” сярод рабят 2003-2004 гадоў нараджэння. За званне мацнейшых футбалістаў Шчучыншчыны змагаліся 17 каманд, якія былі падзелены на дзве падгрупы.

Гульні ладзіліся адначасова на дзвюх спартыўных пляцоўках: на гарадскім стадыёне “Алімп” і міні-футбольнай пляцоўцы са штучным пакрыццём па вуліцы Авіятараў. 
У “гарадской” падгрупе мацнейшай стала футбольная дружына з Ражанкі, якая перамагла ўсіх сваіх сапернікаў і набрала 9 ачкоў. Другое і трэцяе месцы занялі адпаведна каманды СШ №1 і СШ №2 г. Шчучына. 
Сярод сельскіх каманд не было роўных юным футбалістам з Орлі. Між іншым, гэта адзіная зборная, у складзе якой гулялі дзяўчынкі.
– Мой брат Аляксей – нападаючы орлеўскай хакейнай дружыны, аднак футбол ён любіць не менш, – зазначае Ганна Рымко. – Яго захапленне перадалося і мне. Калі трэнер Уладзімір Уладзіміравіч Хелскі прапанаваў прыняць удзел у футбольным турніры “Скураны мяч”, не раздумваючы згадзілася. Такой магчымасцю скарысталася і мая сяброўка Ганна Карповіч. Мы выкладваліся на полі па поўнай, каб заваяваць перамогу.


Прызёры спаборніцтваў былі ўзнагароджаны кубкамі, дыпломамі і медалямі. Першы сакратар раённага камітэта “БРСМ” Алена Славаміраўна Богдзель уручыла юным футбалістам салодкія падарункі. 
Падчас матчаў трэнеры ўважліва сачылі за гульнёй каманд і вылучалі найбольш перспектыўных ігракоў. Усе яны ўвойдуць у склад зборнай каманды раёна і будуць абараняць гонар Шчучыншчыны на абласным этапе спаборніцтваў “Скураны мяч”.
Аляксандр КАСПЯРЧУК. Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!