Веласіпед – не толькі для спорту. Чым падабаецца гэты від транспарту шчучынцам?

Сорамна прызнацца, але пасябраваць з веласіпедам мне ўдалося толькі ў гэтым годзе. Пакуль яшчэ свежыя ўспаміны пра першыя метры і кіламетры, якія давялося наматаць на сяброўскім “веліку”, я вырашыла адшукаць аднадумцаў, якія не ўяўляюць сваё жыццё без гэтага віду транспарту.
Маргарыта Бясецкая, Алена Юрканіс, Яна і Святлана Бурдзей – як кажуць, сяброўкі па інтарэсах. Некалькі разоў на тыдзень дзяўчаты сустракаюцца, каб наматаць “энную” колькасць кіламетраў, падыхаць духмяным летнім паветрам і пагутарыць пра надзённае. Тым больш што трое з іх – Маргарыта, Алена і Яна – працуюць на Шчучынскім масласырзаводзе. Некалькі разоў на год работнікі гэтага прадпрыемства праводзяць сімвалічныя велапрабегі. Таму круціць педалі для іх не навіна.
Дзяўчаты, у адрозненні ад мяне, навучыліся катацца на двухколавым транспарце яшчэ ў дзяцінстве, таму ва ўспамінах кожнай ёсць і асобыя моманты, якія падчас можна назваць экстрэмальнымі. Ці памятаеце вы, як каталіся пад рамай, таму што рост не дазваляў залезць на сядло? А можа вам успомнілася, як вы вучыліся тармазіць або першы раз паехалі “без рук”? Дзяўчыны таксама памятаюць кожны з гэтых незабыўных момантаў.


– Мой першы “Аист” мне падарылі на шэсць гадкоў, – распавядае Маргарыта Бясецкая. – Гэта былі такія цудоўныя гадзіны! Канешне, не абыходзілася без падзенняў, але ўспаміны пра той час вельмі добрыя. Гэтым летам ужо я разам з мужам вучыла нашага сына кіраваць двухколавым транспартам. 
Свае першыя веласіпеды-раскладнікі Алена і Маргарыта захавалі і па сённяшні час. Жалезныя “Аисты”, нібыта музейныя экспанаты, не бываюць абдзелены настальгічнымі позіркамі ды кранальнымі ўспамінамі. На змену ім прыйшлі веласіпеды сучасныя, з больш зручнай сістэмай тармажэння. Іх кошт залежыць не толькі ад колькасці ўдасканаленняў, але і ад фірмы-вытворцы. Сёння ў спецыялізаваных магазінах ёсць “жалезныя коні” на любы густ і памер кашалька.
Яна і Святлана набылі свае новенькія веласіпеды гэтым летам. Дзяўчаты сцвярджаюць, што пры выбары кіраваліся не маркай, а зручнасцю. 
– Галоўнае, каб веласіпед падыходзіў табе, – сцвярджае Яна Бурдзей. – Я вельмі доўгі час марыла яго набыць, шукала варыянты, капіла грошы. Накіравалася ў гродзенскі веламагазін. Вялікім плюсам было тое, што на веласіпедзе можна паспрабаваць праехацца яшчэ да моманту яго пакупкі. Тады я і выбрала сабе новага двухколавага сябра. А праз тыдзень мая сястра Святлана набыла сабе такі ж самы ў Шчучыне. 
Разам дзяўчыны даследуюць раён, аднойчы за раз праехалі каля 40 кіламетраў, але нават не адчулі стомленасці. 


– Увогуле мы аддаем перавагу велавандроўкам на тэрыторыі былога аэрадрома. Тут меншая колькасць машын і зручна ехаць, бо няма бардзюраў і іншых перашкод. Можна паехаць кудысьці за горад, на возера. Так мы апынуліся ля вадаёма за Тапілішкамі. Плануем адправіцца ў невялічкую вандроўку да Нёмана. Было б цудоўна ўзяць з сабой тэрмас, бутэрброды і адпачыць на свежым паветры.
А вось у горадзе рух для веласіпедыстаў цяжкі: спецыяльных дарожак няма ды перашкод хапае. Добрай навіной стала з’яўленне адпаведнай зоны ўздоўж трасы М6. Тут зручна праехацца з Плянтаў у бок Ішчална. 
Для Алены Юрканіс у ягадна-грыбны перыяд веласіпед самы лепшы кампаньён. І катаецца яна ў лес не па прымусе, а па жаданні. 
– Увогуле, як самастойны від транспарту, веласіпед падыходзіць для такога горада, як Шчучын, – разважае Алена. – За дзесяць хвілін можна дабрацца ў любую яго кропку, гэта вельмі эканоміць час, не кажучы пра паліва. Экалагічным выкарыстанне аўтамабіляў наўрад ці назавеш, а вось веласіпед пераважае і ў гэтым паказчыку.
Вельмі прыемна, што ў апошні час тых, хто падтрымлівае веларух у Шчучыне, становіцца больш. Жыхары горада выязджаюць на вячэрнія прагулкі цэлымі сем’ямі. Канешне, культура паводзінаў на гэтым відзе транспарту яшчэ патрабуе ўдасканалення.
– Калі я была ў Германіі, то заўважыла, што там той, хто рухаецца на веласіпедзе, мае перавагу над пешаходамі, – распавядае Маргарыта. – А ўсе ўдзельнікі веларуху актыўна выкарыстоўваюць знакі і паказваюць рукамі, куды яны збіраюцца звярнуць, або папярэджваюць пра свае далейшыя дзеянні. Бяспека, у тым ліку і асабістая, павінна быць на першым месцы.
Падчас нашай кароткай гутаркі ўсе яе ўдзельніцы сышліся на адным меркаванні: веларух – справа карысная. Калі ёсць магчымасць адправіцца на велапрагулку – абавязкова ёю скарыстайцеся! Нягледзячы на нагрузку фізічную, падчас такіх паездак адпачываеш духоўна. 
Юлія ЦІМАШЧУК. Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!