Таленавітыя землякі. У складзе гурта “Агонь Аркестр” іграе наш зямляк Аляксандр Сасноўскі

Многія шчучынцы, якія любяць глядзець тэлевізійныя шоу фармату “Вечерний Ургант”, напэўна, паспелі ацаніць новы праект папулярнага беларускага тэлевядучага Яўгенія Перліна “Макаёнка, 9”, 
які трансліруецца суботнімі вечарамі на канале “Беларусь-1”. Яго гасцямі ўжо сталі Леанід Якубовіч, Сяргей Трафімаў, Аляксандр Саладуха, Анатолій Ярмоленка, Сяргей Бабкін, Дар’я Домрачава і іншыя папулярныя медыйныя персоны. А ці ведаеце вы, што у складзе гурта “Агонь Аркестр”, які гучыць у праграме ў музычных паузах, іграе наш зямляк Аляксандр Сасноўскі? 

– Я рос у вельмі творчай сям’і, – гаворыць Аляксандр. – Мая мама Наталля Паўлаўна – таленавіты мастак, працуе ў розных жанрах. Бацька Сяргей Іванавіч прафесійна займаецца разьбой па дрэве. Не дзіва, што мне таксама захацелася звязаць сваё жыццё з творчасцю. А паколькі заўсёды любіў музыку, то хутка вызначыўся з выбарам. У маёй старэйшай сястры Вольгі, якая ўсур’ёз займалася выяўленчым мастацтвам, была акустычная гітара. Менавіта яна і стала маім першым інструментам.
Бацькі Аляксандра ўсяляк падтрымлівалі захапленне хлопчыка музыкай, прадстаўляючы свабоду выбару. І той у хуткім часе самастойна асвоіў не толькі гітару, але і бас, навучыўся іграць на барабанах.
– Падчас вучобы ў школе я часта прымаў удзел у розных конкурсах мастацкай самадзейнасці, – працягвае наш суразмоўца. – А ў старэйшых класах мяне паклікалі іграць у рок-гурце “Прамы рэпартаж”. Я з задавальненнем згадзіўся і ўзяў у рукі бас-гітару. Падчас інтэнсіўных рэпетыцый атрымаў каштоўны вопыт работы ў калектыве, што мне вельмі спатрэбілася ў будучым. 


Пасля заканчэння школы Аляксандр Сасноўскі паступіў у сталічны Інстытут сучасных ведаў імя А.М. Шырокава, дзе паспяхова асвоіў прафесію культуролага-менеджара, спецыялізацыя – прадзюсіраванне ў сферы мастацтваў.
– Нягледзячы на занятасць на вучобе, я амаль не выпускаў бас-гітару з рук, увесь свой вольны час практыкаваўся, – кажа Аляксандр. – Тады і зразумеў, што хачу дасканала асвоіць менавіта гэты інструмент. Калі адчуў, што дасягнуў дастатковага ўзроўню майстэрства, пайшоў іграць у гурт. Разам з сябрамі мы ігралі аўтарскую музыку, якую запісвалі дома выключна для сябе. Але калектыў у сілу пэўных прычын праіснаваў нядоўга.
Хутка таленавітага шчучынскага музыканта заўважылі ў музычных кругах сталіцы і пачалі запрашаць у розныя камерцыйныя праекты ў якасці “сесіёншчыка”.


– Працаваць у тандэме з вядомымі музыкантамі заўсёды цікава і вельмі карысна для пашырэння кругагляду, – зазначае Аляксандр Сасноўскі. – Нямала паджэмаваў з удзельнікамі гуртоў “Песняры” і “Сябры”, з якімі мы тварылі ў сумесных праектах. Падчас наведвання прафесійных студый, дзе да гэтага запісваліся “Brutto”, Макс Корж і іншыя вядомыя беларускія выканаўцы, даведаўся шмат новага ў тэхнічным плане. Быў прыемна здзіўлены, што на студыі “Белтэлерадыёкампаніі” адзін са сваіх альбомаў запісваў знакаміты на ўвесь свет нямецкі рок-гурт “Rammstein”. 
Паколькі Аляксандру падчас сваёй прафесійнай дзейнасці даводзіцца іграць у розных стылях, то і музыку ён слухае розную. Аднак перавагу аддае якаснай поп-музыцы, а таксама дыска і фанку. А вось сярод бас-гітар, якіх ужо “перабраў” нямала, мае цягу да шасціструнных.
– Зараз маім асноўным гуртом з’яўляецца “Агонь Аркестр”, з якім мы ўжо далі некалькі сольных канцэртаў, – дзеліцца Аляксандр Сасноўскі. – Апошні – ўчора ў Гомелі. Гэта было вельмі яркае і запамінальнае шоу! Ад находжання на адной сцэне з гэтымі людзьмі я адчуваю сапраўдную асалоду і задаволенасць. Не так даўно тэлевядучы Яўгеній Перлін запрасіў нас іграць у праекце “Макаёнка, 9”, і мы з задавальненнем згадзіліся. Да ўсяго ў складзе кавер-гурта “Аганёк бэнд” я часта выступаю ў маленькіх клубах, дзе мы іграем песні гуртоў “Ляпис Трубецкой”, “Звери”, “Король и Шут”, “ Ленинград” і іншых.
Нягледзячы на даволі насычаны канцэртны графік, Аляксандр выдатна сумяшчае хобі і работу – працуе спецыялістам па маркетынгу ў адной з гандлёвых кампаній. А як толькі выдаецца свабодная хвіліна – спяшаецца дадому, дзе яго чакаюць любімая жонка Вікторыя, сын Цімафей і дачушка Тэя.


– Сям’я – гэта самы каштоўны падарунак, які мне прыпаднёс лёс, – зазначае шчучынскі музыкант. – Менавіта каханая і дзеткі з’яўляюцца асноўнай крыніцай майго натхнення. Дома ў нас заўсёды валадараць спакой і гармонія – найлепшы фундамент для творчага развіцця і кар’ернага росту!
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота з архіва 
Аляксандра САСНОЎСКАГА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!