Ад берасцяных грамат да сучасных кніг
Ці ведаеце вы, як у часы Скарыны на свет з’яўляліся кнігі, якую друкаваную спадчыну пакінуў нам Францыск і чаму яго называюць беларускім Леанарда Да Вінчы? Аб гэтым і многім іншым ішла размова падчас літаратурна-навуковых чытанняў, якія нядаўна прайшлі ў Шчучынскай раённай бібліятэцы імя Цёткі. Удзел у мерапрыемстве прынялі прадстаўнікі духавенства, выкладчыкі і навучэнцы гарадскіх школ, а таксама доктар гістарычных навук, прафесар кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Святлана Валянцінаўна Марозава.
Адкрыў літаратурна-навуковыя чытанні святар Ігар Каласоўскі. Цікава расказаў пра старажытныя царкоўныя кнігі, якія захаваліся ў шчучынскіх храмах, святар Сергій Сямашка. Прысутныя нават змаглі ўбачыць гэтыя рарытэтныя выданні і дакрануцца да гісторыі.
Пазнавальнай была прэзентацыя “Ад берасцяных грамат – да сучасных кніг”.
Гэты год асаблівы для беларускага кнігадрукавання, юбілейны. Мы адзначаем 500-годдзе з дня выхаду ў свет першай друкаванай кнігі на роднай мове. Не сыходзіць з нашых вуснаў імя Францыска Скарыны, дзякуючы якому мы з гонарам сцвярджаем, што першая кніга на землях усходніх славян менавіта наша! За сваё жыццё першадрукар выдаў 25 кніг і быў першым, хто выкарыстаў нумерацыю старонак, чырвоны радок, гравюры, тытульны ліст, тлумачэнне незразумелых слоў, прамежкі паміж словамі, тэксты-прамовы і пасляслоўі. Творчасці нашага славутага земляка і кнігадрукаванню была прысвечана лекцыя доктара гістарычных навук Святланы Валянцінаўны Марозавай. З захапленнем слухалі школьнікі пра этапы развіцця культуры, пра тое, як нялёгка было выдаць кнігу ў часы Скарыны.
Калі мы ўспамінаем аб Скарыне, паўтараем адны і тыя ж словы: нарадзіўся ў Полацку, вучыўся ў Кракаве і Падуі, першую кнігу надрукаваў у Празе, затым жыў у Вільні… Але ці ўсё так проста было ў жыцці асветніка? Змястоўныя даклады пра жыццё і творчасць Ф. Скарыны разам са сваімі кіраўнікамі праектаў падрыхтавалі гімназісты Дзмітрый Унукевіч, Рэната Новік, Ангеліна Бурноўская і Кацярына Гук. А як хораша чыталі вершы, прысвечаныя першадрукару, вучні СШ №3 г. Шчучына Георгій Трахімчык, пераможца раённага конкурсу чытачоў Іван Собаль і пераможца міжнароднага конкурсу чытачоў Анастасія Радзівон!
Парадаваў сваімі спевамі народны ансамбль духоўнай музыкі РЦКіНТ “Преображение”. Дарэчы, акампаніятарам выступіў святар Сергій Сямашка. Чытанні прайшлі на адным дыханні. А як інакш, калі размова вялася пра добрую кнігу?!
Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара.