У гасцях у няштатнага карэспандэнта Марыі Рудой
У Жалудок да Марыі Мікалаеўны Рудой мы завіталі зусім не выпадкова. Гэта цікавая, абаяльная і энергічная жанчына ўмее здзіўляць і радаваць сваім аптымізмам.
– Я была надзвычай шчаслівая, калі мая дачка Алена паступіла на аддзяленне журналістыкі, – узгадвае Марыя Мікалаеўна. – А аднойчы і сама ўзялася за пяро, дакладней кажучы, – за клавіятуру камп’ютара, каб падрыхтаваць заметку для шаноўнай “Дзянніцы”. Мяне настолькі ўразілі нашы жалудоцкія энтузіясты сцэны – іх майстэрства, шырыня душы, жаданне падарыць людзям добры настрой, што я сфатаграфавала артыстаў і напісала тое, што адчувала. Матэрыял апублікавалі па гарачых слядах. З тае пары ў мяне завязалася нават не проста супрацоўніцтва, а цесная дружба з калектывам нашай раёнкі.
Пачуць такое прызнанне з вуснаў грамадскага карэспандэнта вельмі прыемна. Марыя Рудая – нашы “вочы і вушы” ў гэтым рэгіёне: заўжды патэлефануе і раскажа, што цікавага адбываецца ў пасёлку, над якімі чарговымі праектамі працуюць жалудчане. А яшчэ ў яе ёсць сапраўдны талент “адкрываць” незвычайных людзей, жыва і вобразна расказваць пра іх захапленні.
– Калі мы вырашылі ў Жалудку стварыць музей народнай творчасці, то адправіліся ў своеасаблівую экспедыцыю па наваколлі. Асабіста я аб’ехала Купры, Зенюкі, Баяры Лябецкія, іншыя вёскі і пазнаёмілася з такімі цудоўнымі ткаллямі, вышывальшчыцамі, кулінаркамі, што пра кожную захацелася расказаць чытачам. А колькі ў нас кветкаводаў! Не здарма ж Жалудок – сталіца кветкавага фестывалю. Тэм для публікацый багата. Грамадскае жыццё ў нас б’е крыніцай, – разважае жанчына.
Да нашай гутаркі падключаецца і сын Марыі Мікалаеўны – Віталій Панок, які прыехаў да матулі ў госці з Францыі. Ён – скульптар, жыве ў Парыжы, але малая радзіма для яго вельмі многае значыць, як і родная мова, беларуская культура. Свайму 12-гадоваму сыну Мілану на гэты раз ён паказаў Мінск: разам зазірнулі ў гімназію-каледж імя І.В. Ахрэмчыка, куды Віталій у свой час паступіў на вучобу ў такім жа ўзросце, як цяпер Мілан, завіталі на кафедру скульптуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, дзе мастак працягваў адукацыю, сустрэліся з выкладчыкамі і студэнтамі.
– Калі хочаш, каб дзеці пайшлі па тваіх слядах, пакажы ім мясціны, дзе ты сам спасцігаў навуку, – справядліва лічыць Віталій. – Я расказваю ў Парыжы і сваім блізкім (жонка Наталі – францужанка), і сябрам пра знакамітага земляка-рэвалюцыянера Валерыя Урублеўскага – генерала Парыжскай камуны, пра ўраджэнца Жалудка Пінхуса Крэменя – яркага прадстаўніка Парыжскай мастацкай школы, які ствараў свае шэдэўры ў адзін час з Пабла Пікасо, Маркам Шагалам, Хаімам Суціным. Жалудоцкі след у Парыжы вельмі выразна прасочваецца.
Трэба сказаць, што ў Віталія таксама свой адметны творчы почырк у мастацтве. Як скульптар Панок працуе з дрэвам, глінай, каменем. Работы атрымліваюцца выразныя, лаканічныя. Для яго скульптуры характэрна захаванне рэалістычных традыцый і пластычных форм, але нямала работ, дзе ёсць месца абстрактнай метафары, канструктыўнасці і знакавасці.
– Дарэчы, я ў захапленні ад таго, што ў Жалудку пакінулі пасля сябе ўдзельнікі пленэру: цэлы парк каменных скульптур! Многіх аўтараў арыгінальных работ я ведаю асабіста: Ігара Засімовіча – па акадэміі, меў стасункі і з Уладзімірам Панцялеевым. Гэтыя і іншыя мастакі знайшлі сваю творчую нішу ў сябе на Радзіме, што вельмі каштоўна. Для мяне ж Францыя – выпадковая заканамернасць. У Мінск па студэнцкім абмене напрыканцы 90-х прыехалі французскія студэнты, мы пасябравалі з Наталі, а потым сталі сям’ёй. Сын ужо добра валодае беларускай мовай, і менавіта ён той чалавек, з якім я магу штодзённа гутарыць на роднай мове, жывучы ў Парыжы.
Мы доўга гутарылі аб перапляценні культур, менталітэце беларусаў і французаў, каштоўнасці сям’і для чалавека і грамадства.
– Дзякуючы сыну я пяць разоў была ў Парыжы, – гаворыць Марыя Мікалаеўна. – Гэты горад натхняе, але сэрца маё тут. І так цудоўна, што ў Жалудку ёсць каму чакаць у госці нашых «французаў», частаваць іх дранічкамі і хатняй каўбаскай, здзіўляць добрымі зменамі, што адбыліся ў пасёлку, і паказваць родную «Дзянніцу», на старонках якой можна прачытаць і пра свае мясціны, і пра сваіх людзей і нават … пра сябе, – гарэзліва ўсміхаецца наш няштатны аўтар.
А мы чакаем ад яе новых цікавых допісаў!
Таццяна СТУПАКЕВІЧ. Фота аўтара.