Жыхарка вёскі Мілеўцы Леакадзія Міхайлаўна Макара на сваім прысядзібным участку атрымлівае за сезон два ўраджаі бульбы
Нядаўняе знаёмства з вяскоўкай не проста пацвердзіла сказанае, але і дабавіла ў партрэт хутаранкі новых яркіх фарбаў.
Сама сабе аграном
Чаму хутаранкі, спытаеце? Дык жа сядзіба мае новай знаёмай знаходзіцца наводшыбе ад вёскі: з аднаго боку прасціраецца поле з рыжай пожняй, з другога зялёнай сцяной стаіць кукуруза. У садзе і агародзе расце ўсё, што родзіць на нашай зямлі. Нават сланечнік падстаўляе пад прамяні сонца свае яркія шапкі. На адной з градак толькі вылезлі купіны-ўсходы... бульбы. Але ці не запозна?
– Гэта ж будзе другі ўраджай за сезон, – здзіўляе гаспадыня. – Тую, што садзіла ў красавіку, ужо сабрала. Нядаўна вызвалілася градка – таксама бульбачкай заняла. Як бачыце, градку раблю крыху падвышанай: вільгаць у такой добра трымаецца. Сорт бульбы свойскі – доўгенькая скараспеечка. Кладу ў зямлю насенне прарошчанае, пасадкі прыкрываю саломай і рэшткамі бульбоўніка. Расліна праз такую коўдру праб’ецца, затое ні палоць, ні акучваць потым не трэба. У канцы верасня зноў смакаваць маладыя клубні буду... І не падкормліваю бульбу ніякімі пакупнымі ўгнаеннямі. Гною магу пакласці, а найлепш – попел.
У руплівай вяскоўкі і свой метад вырошчвання агуркоў. Паміж радамі робіць лунку і кладзе туды, абабраўшы стручкі, фасолю, прысыпае зямлёй. Гэта потым добрае ўгнаенне.
Увогуле, здаецца, у Міхайлаўны ўсе культуры размешчаны па ўласным метадзе. Вось участак з бульбай заканчваецца... кустом руж, агуркі нахабна абвілі сцёблы кукурузы, а кабачкі схаваліся ад спёкі ў куст вяргінь. Побач утульна пачуваюць сябе і памідоры. На іх лістах – ні плямінкі. “Я іх ад фітафторы ўвогуле нічым не апрацоўваю. Усё натуральнае”, – запэўнівае Леакадзія Міхайлаўна.
Па падворку нагульваюць тлушч гусі і індыкі, сакочуць куры. У цяньку ля плоту скруціліся абаранкам два коцікі, трэці ў “эскорце” пры гаспадыні. “Аднойчы пайшлі з дачкой па справах, дык каты праводзілі нас да скрыжавання. Паселі там і чакалі пакуль не вернемся”, – хваліць верных жывёлін жанчына.
Уменне за спінай не насіць
Даведваюся, што прыхільнасць да зямлі ў Леакадзіі Міхайлаўны з маленства. Вытокі – у бацькоўскім доме ў Баярах, што за Гернікамі. І прафесію яна некалі выбрала зямную – скончыла тэхнікум у Навагрудку, стала аграномам. На працу накіравалі ў Скоржыкі. Гэтая вёска, а таксама Мілеўцы і Жадэйкі ўваходзілі ў склад вытворчага ўчастка, дзе брыгадзірствавала малады спецыяліст. А жыла 28-гадовая Леакадзія – увага! – на здымнай кватэры... у гэтым самым доме на хутары. Пасялілася яна сюды 1 красавіка 1968 года. Акурат у той дзень з будучым мужам Раманам Альфонсавічам Макара падалі заяву ў загс.
Але аграномія не стала яе лёсам. Жыццё распарадзілася інакш: не раз вучыла новым прафесійным навыкам. Так, Міхайлаўна пасля нараджэння першай дачушкі па просьбе свекрыві перабралася ў Шчучын. “Не хацеў адпускаць мяне старшыня калгаса Банадысеў, і мужу добрую работу прапаноўваў”, – успамінае суразмоўца. У горадзе працавала ў насеннай інспекцыі, нянькай і загадчыцай гаспадаркі ў двух дзіцячых садках. Былі ў працоўнай біяграфіі і курсы швачак у Доме афіцэраў, і работа вартаўніком у вучылішчы, санітаркай у прыёмным пакоі бальніцы, а таксама ў сельскім швейным цэху... Дзе б ні працавала – мела павагу ад начальства і людзей. “Я люблю працу”, – заяўляе мне 77-гадовая гаспадыня дома.
Між іншым, нават стаўшы гараджанкай, разбітная маладзіца сялянскую жылку не страціла.
– Калі мы ўжо жылі ў кватэры на вуліцы Зялёнай, непадалёку, на балоце, хлевушкі пабудавалі і завялі жыўнасць, – усміхаецца Леакадзія Міхайлаўна. – З пятага паверха вёдры з кормам для траіх свіней насілі. Коз трымалі, трусоў, качак і іншую птушку. Дочкі-”пчолкі” дапамагалі.
Не менш актыўны перыяд у жыцці Л.М. Макара – пасля выхаду на пенсію. Пасялілася ў сваіх родных Баярах. Уладкавалася швачкай у швейным цэху. Купіла цялятка і вырасціла з яго карову. Трымала свіней і кабылу... Але нечакана змянілі месца жыхарства. Былая кватэрная гаспадыня з Мілеўцаў, застаўшыся без мужа, жыць адна на хутары не захацела, паехала ў горад да сына. Прапанавала Лёдзі з мужам: “Пераязджайце сюды, жывіце!”.
– Раман пагадзіўся, нават узрадаваўся, – усміхаецца субяседніца. – Шкада, разам пажылі тут мала. Муж працаваў у будаўнічай арганізацыі, тройчы быў у Чарнобылі, гэта і адбілася на здароўі... Вось ужо 13 год як адна...
Прызнаецца – складана было адной на першых парах. Дочкі і ўнукі са Шчучына прыязджалі, падтрымлівалі. А потым адзінота адступіла. Ды і за працай няма калі сумаваць. “Для мяне зямля – гэта святое”, – кажа жанчына.
Рэцэпт бадзёрасці
Дарэчы, у Леакадзіі Міхайлаўны тры дачкі – Ірына, Валянціна і Анжэла. Старэйшая і малодшая жывуць у Шчучыне, а сярэдняя ажно ў Санкт-Пецярбургу. Нядаўна Валянціна прыехала праведаць матулю. І адразу ўзялася за рамонт у доме. Вось і ў дзень нашага візіту на хутар маці і дачка меліся клеіць шпалеры. Госця з Піцера ахвотна далучаецца да нашай размовы і дадае важны штрых да партрэта матулі:
– У мамы вялікая цяга да жыцця. Хтосьці ў складаныя хвіліны апускае рукі, толькі не яна. Ведаеце, у мамы і таблетак дома няма. Нездаровіцца – прысела, гарбаты з мелісы, мяты, лісця чорных парэчак заварыла...
– Ці не за слабае лякарства? – сумняваюся я.
– Ёсць яшчэ адно – моцная вера, – дапаўняе Валянціна. – Мама звяртаецца да Бога. І Гасподзь чуе яе малітвы, дае сілы, дапамагае. Дарэчы, і для мяне, як і для мамы, зямля – гэта штосьці святое, бо яна нас корміць. Мегаполіс сілы забірае, вось і я сюды прыехала стомленая, але ў родным куточку аднавіла сілы.
Між іншым, у бадзёрай і жыццярадаснай цяпер Леакадзіі Міхайлаўны быў момант, калі трывога агортвала душу. Урачы сказалі, што галоўны “матор” у яе, як у стагадовай бабулі. Кажа, справілася з хваробай пасля лячэння ў санаторыі ў знакамітым Фаросе. Туды адправіў цешчу зяць – муж Валі, які на марскім узбярэжжы будаваў дачы для высокіх службовых асоб. Міхайлаўна сцвярджае, што ў Фаросе нават мела гутарку з першай лэдзі вялікай краіны Раісай Максімаўнай...
Старасць яе дома не застане
Дарэчы, у працавітай і добразычлівай жанчыны-хутаранкі свой распарадак дня. Прачынаецца ў пяць гадзін раніцы, абавязкова робіць тыбецкую зарадку... Прынамсі, на працягу апошніх пяці год – з дня ў дзень. Міхайлаўна ахвотна паказвае мне элементы зарадкі. Жвава масіруе-размінае ўсе часткі цела – ад макушкі да ступняў ног. Кажа, ад такіх практыкаванняў арганізм абуджаецца. А яшчэ важны складнік у яе ранішнім распарадку – кубачак духмянай кавы.
На дварэ – ясны летні дзень. Каб засцерагчыся ад гарачага сонца, Леакадзія Міхайлаўна прыкрывае галаву прыгожым капялюшыкам з кветкай на палях. І на маіх вачах ператвараецца з сялянкі ў паненку. “Я з маладосці модныя галаўныя ўборы любіла і насіла”, – прызнаецца. Увогуле ў гэтай патомнай вяскоўкі манеры гараджанкі. Прыгожая сакавітая мова, позірк з какетлівым прыжмурам... І нават неяк па асабліваму жанчына бярэцца за руль веласіпеда. Дарэчы, хутаранка – вялікая ахвотніца асядлаць двухколавы веласіпед. Вось і нядаўна ў Каменку на сваім “горніку” зганяла. А пры неабходнасці да аўталаўкі пад’едзе, у магазін, што ў Скоржыках, і да Шчучына даімчыць... “Старасць мяне дома не застане”, – жартуе аматарка велападарожжаў, – А сядзець “на паверхах” не для мяне”.
Дарэчы, дом яе пад нумарам 13. Але дачка, між іншым, астрапсіхолаг-нумеролаг па родзе занятку, супакойвае, што гэта лічба пад кіраваннем Бога, а калі суміраваць 1 і 3, то атрымаецца 4, а гэта цярпенне і здароўе. Вось толькі балансу трэба прытрымлівацца паміж працай і адпачынкам, наказвае матулі.
– Якім правілам кіруецеся ў жыцці? – пытаю новую знаёмую. І чую ў адказ:
– Жыць у радасці!
Гледзячы на пенсіянерку з іскрынкамі ў вачах, бадзёрую і жвавую, разумею, што гэта ёй удаецца. Веру, што хутка ўдасца здзейсніць ёй і падарожжа ў экзатычную краіну, пра якое цяпер марыць. Атрымалася ж пабываць у свой час у многіх польскіх гарадах, у Адэсе, Маскве і Санкт-Пецярбургу, што пацвярджаюць фотакарткі ў салідным сямейным альбоме.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.