"Танцавальная вечарына" па-шчучынску

 пакарыла сэрцы ўдзельнікаў Міжнароднага дабрачыннага фестывалю для людзей з абмежаванымі магчымасцямі

-- Даведаўшыся, што на Свіслаччыне ў рамках чарговага міжнароднага праекта ААН "Садзейнічанне развіццю на мясцовым ўзроўні ў Рэспубліцы Беларусь" ладзіцца этнафестываль "Музыка нашых сэрцаў", мне падумалася, а чаму б і нашым актывістам -- такім творчым, такім натхнёным маладым людзям -- не прыняць удзел у гэтым неардынарным мерапрыемстве на ўлонні прыроды, -- расказвае загадчыца аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў ТЦСАН Аксана Канстанцінаўна Шостак. -- Зазірнуўшы ў інтэрнэт, я звязалася з гаспадарамі аграсядзібы "Фальварак "У Рыся" і атрымала "дабро!" ад Рышарда і Яніны Казюкаў. Гэта цудоўная супружная пара пры падтрымцы дзяржавы, грамадскіх арганізацый, замежных партнёраў вырашыла ўстроіць такое незабыўнае свята для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Нам, шчучынцам, яны былі шчыра рады, як і гасцям з Мінска, Гродна, Мастоў, Слоніма, Зэльвы, Дзятлава…

Самае цудоўнае ў такіх выпадках, што адкрываюцца сэрцы добрых людзей, лічыць Аксана Канстанцінаўна. Народныя касцюмы для самадзейных артыстаў ахвотна прадаставіла дырэктар РЦКіНТ С.П. Жвірбля, а транспарт (на фестываль сабраліся не толькі рабяты, але і іх бацькі!) выдзеліў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама У.Р. Дубок.

 Над праграмай працавалі з азартам і натхненнем. Рэжысёр па адукацыі, А.К. Шостак падрыхтавала цікавы сцэнарый імпрэзы "Танцавальная вечарына", а загадчыца аддзялення ТЦСАН Т.У. Панова, дарэчы, да ўсяго прафесійны харэограф, адшліфоўвала з удзельнікамі пастаноўкі элементы "даўнейшых" танцаў.

-- Наша шчучынская дэлегацыя (ажно 33 чалавекі!) была самай масавай на фестывалі. Да таго ж там мы напаткалі землякоў -- рабят з Васілішкаўскага дома-інтэрната, -- расказвае А.К. Шостак. -- Сустрэлі нас вельмі гасцінна. Мы былі ўражаны размахам фальварка, які нагадвае сапраўдную этнавёску з цэлым комплексам старажытных сялянскіх хатак, дзе цалкам захаваўся сялянскі побыт. І дзеці, і дарослыя былі ў захапленні. А якая прыветная, шчырая гаспадыня сядзібы і заснавальніца сацыяльна-дабрачыннай установы "Дарогаю дабра"  Яніна Казюк! Здаецца, на кожнага са шматлікіх гасцей у яе хапала і добрых слоў, і пачастункаў, і ўсмешак. Дзяўчаты-валанцёры ў строях Купалінак былі гатовы ў любую хвілінку прыйсці на дапамогу. Для людзей з інваліднасцю раскінулі шатры, каб у выпадку стомленасці можна было зайсці і адпачыць.

У захапленне прывяла нашых артыстаў і імправізаваная сцэна ля ракі, зробленая ў форме вялікага карабля. Гасцей фэсту віталі старшыня Ваўкавыскага райвыканкама Міхаіл Сіцько, прадстаўнікі абласной арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў, а гала-канцэрт адкрыла сама Заслужаная артыстка краіны Ірына Дарафеева!

 На такой пляцоўцы і ў "такой кампаніі" немагчыма было дрэнна выступіць. Цудоўна справіліся са сваімі ролямі ўдзельнікі "Танцавальнай вечарыны" Галіна Адаська, Дзмітрый Салейка, Андрэй Каханоўскі, Дар'я Налівайка і многія іншыя. "Сваіх" артыстаў у якасці гукарэжысёра цудоўна падтрымлівала загадчыца аддзялення ТЦСАН А.Р. Шпакоўская. Здорава дапамагалі ў вырашэнні любых пытанняў кіраўнікі гурткоў Н.Д. Рудкоўская, А.А. Болтак, А.А. Кавальская, спецыяліст па сацыяльнай рабоце В.А. Сцефановіч.

А фестываль набіраў абароты! Рыцары клуба "Арыдан" збіралі публіку на свае паядынкі. Стаянка першабытных людзей уражвала пераканаўчым антуражам і рытуальнымі танцамі далёкіх продкаў. Рамеснікі ладзілі майстар-класы, а разьбяры па дрэве на вачах цікаўнага люду стваралі казачныя скульптуры. Можна было праехацца ў брычцы, пагладзіць пысу рахманага коніка, пакатацца на паравозіку, які шпарка і без рэйкаў бегаў па ўсім фальварку. А якое захапленне выклікалі байкеры і парад рэтра-тэхнікі!

 -- Дзякуючы такому фестывалю, як "Музыка нашых сэрцаў" мы пашыраем свой кругазор, глыбей пазнаем сябе і іншых. На памяць аб фэсце засталіся яркія ўспаміны і цікавыя знаёмствы, -- дзяліліся эмоцыямі члены шчучынскай дэлегацыі.

 -- Нам рана жыць успамінамі! -- смяецца Аксана Шостак і расказвае аб планах на будучае. -- Мы пачынаем ужо рыхтавацца да новай вандроўкі -- на ІХ фестываль творчасці маладых інвалідаў "Калі мы разам, мы дужэй", які пройдзе ў Дзятлаве. І на гэты раз у нас будзе новая "фішка": вывучыць самім і расказаць іншым пра такую каларытную краіну, як Бразілія з яе знакамітым карнавалам, адметнай кухняй, экзатычнымі лялькамі і неверагодна яркімі касцюмамі.

У чарговы раз падумалася: якія крэатыўныя, захопленыя цікавай справай людзі працуюць у Шчучынскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Іх падтрымка і дапамога людзям з абмежаванымі магчымасцямі раскрыць свае таленты, самарэалізавацца, паверыць у свае сілы дарагога каштуе. Нагадаем, што аддзяленне дзённага знаходжанне інвалідаў, якім загадвае А.К. Шостак, аказвае цэлы спектр сацыяльна-рэабілітацыйных паслуг. Тут дзейнічаюць дзесяць аб'яднанняў па інтарэсах -- ад арт-тэрапеўтычных і фізкультурна-аздараўленчых напрамкаў да заняткаў па камп'ютарнай граматнасці і стварэнні відэаролікаў. Сапраўды у нашым сацыяльна арыентаваным грамадстве робіцца вельмі многае, каб людзі з інваліднасцю адчувалі сябе на роўных, развіваліся, пашыралі межы жыццядзейнасці.

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!