Ваша дзіця піша вершы? Абавязкова растлумачце яму пра інтэлектуальную ўласнасць

 

Чаму важна фарміраваць у дзецях разуменне аўтарскага права на створаныя імі вырабы і творы? Якія перавагі даюць малым іх таленты і здольнасці? Ці могуць распараджацца сваімі правамі на інтэлектуальную ўласнасць дзеці і падлеткі? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні далі эксперты Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці.

 

Здабыткі маральныя і матэрыяльныя

Паўсюдна падкрэсліваецца, што вельмі важна развіваць у дзяцей фінансавую, прававую, юрыдычную свядомасць. Адак не менш важна фарміраваць у малых свядомасць і ў сферы інтэлектуальнай уласнасці. І дарослыя таксама павінны ведаць, што такое правы дзяцей як аўтараў і ўладальнікаў інтэлектуальнай уласнасці. Такім чынам мы інвестуем у будучыню, у дабрабыт грамадства і дзяржавы, падкрэсліў Аляксандр Заяц, намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці (НЦІУ):

— Нашы дзеці штодня ствараюць інтэлектуальную ўласнасць. Нехта піша вершы, нехта малюе, нехта распрацоўвае камп'ютарныя праграмы, а нехта ў юным узросце ўжо з'яўляецца прафесійным выканаўцам. Кожнае дзіця — творца, і важна адшукаць і раскрыць яго таленты і здольнасці. А яшчэ мы павінны растлумачыць дзецям, што яны могуць сваёй працай і розумам абагачацца не толькі маральна і духоўна, але і мець матэрыяльныя выгоды ад сваіх здольнасцяў, талентаў і магчымасцяў. То-бок, дзеці павінны разумець, што такое інтэлектуальная ўласнасць і якія перавагі можа ім прынесці

З іншага боку, з дзяцінства малыя павінны ведаць, што нельга браць чужое — «не бяры цацкі, не спытаўшы ў іх гаспадара». Тое ж датычыцца і інтэлектуальнай уласнасці: нельга прысвойваць вершы або малюнкі суседа па парце або выкарыстоўваць пірацкую музыку.

Задача дарослых — тлумачыць дзецям з маленства, што, каб выдзеліцца ў асяроддзі аднагодкаў, неабавязкова мець тэлефон апошняй мадэлі. Можна напісаць верш, які пакладуць на музыку, і кампазіцыя стане вядомым хітом. Можна стварыць мабільны дадатак, які будзе мець сотні тысяч пампаванняў. Можна прыдумаць нейкую тэхнічную прыладу, якая стане асновай будучага стартапу. Можна прыводзіць шмат прыкладаў, каб дзеці разумелі, што інтэлектуальная ўласнасць — гэта іх магчымасці і перавагі. Такім чынам, гэтая асветніцкая работа з малымі стане інвестыцыяй у будучыню грамадства і дзяржавы, падкрэсліў спецыяліст.

Аўтарскае права да 14 гадоў і пасля

Класічна інтэлектуальная ўласнасць падзяляецца на дзве групы аб'ектаў: аб'екты аўтарскага права і сумежных правоў, а таксама аб'екты права прамысловай уласнасці. Да першай групы адносяцца літаратурныя, музычныя, мастацкія творы, камп'ютарныя праграмы і іншае. Да другой — вынаходніцтвы, карысныя мадэлі, прамысловыя ўзоры, тапалогія інтэгральных мікрасхем, сарты раслін, сакрэты вытворчасці ноу-хау і іншае, агучыла Марыя Шматава, вядучы спецыяліст аддзела права прамысловай уласнасці і дагавораў упраўлення прававога і кадравага забеспячэння НЦІУ:

— У дачыненні да ўсіх гэтых аб'ектаў у аўтараў і іншых праваўладальнікаў узнікаюць пэўныя правы: асабістыя немаёмасныя правы і маёмасныя. Бадай, самае вядомае асабістае немаёмаснае права, якое ўзнікае абсалютна ва ўсіх аўтараў, — права аўтарства — то-бок, права прызнавацца аўтарам. У дачыненні маёмасных правоў найбольш важнае — выключнае права. Яно дае аўтару і праваўладальніку магчымасць распараджацца і выкарыстоўваць канкрэтны аб'ект інтэлектуальнай уласнасці самастойна ці дазваляць (або забараняць) рабіць гэта іншым.

Магчымасць мець аўатарскія правы не мае ўзроставых абмежаванняў — дзеці да 18 гадоў, якія стварылі нейкі прадукт інтэлектуальнай дзейнасці, валодаюць гэткім жа наборам правоў на яго, як і дарослыя, якія б зрабілі тое ж самае. Аднак у дачыненні да аўтараў-дзяцей ёсць асаблівасць па рэалізацыі правоў, якімі яны валодаюць. Да 14 гадоў ажыццяўляць правы аўтараў самастойна яны не могуць — гэта робяць іх законныя прадстаўнікі. З 14-ці падлеткі могуць рэалізоўваць свае аўтарскія правы самастойна ў поўным аб'ёме.

Трэба разумець, што важны не толькі аб'ект інтэлектуальнай уласнасці, але і правы на яго, таму яны ахоўваюцца дзяржавай. За парушэнне аўтарскіх правоў прадугледжана адказнасць, у тым ліку адміністрацыйная. І да яе, напрыклад, за незаконнае выкарыстанне аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці, могуць быць прыцягнуты ў тым ліку і падлеткі ад 16 гадоў, падкрэсліла спецыяліст.

Дзеці-вынаходнікі

Творчая дзейнасць не залежыць ад узросту, бо да яе схільныя і дарослыя, і дзеці. Для апошніх творчасць нават больш характэрна, паколькі дзеці не абмежаваны рамкамі культуры, моды, нейкімі эстэтычнымі перавагамі. Іх розум больш гнуткі, таму што не абмежаваны навуковымі адкрыццямі і тэарэмамі, якія складаюць аснову навуковых ведаў аб наваколлі, упэўнена Вольга Нікіфарава, вядучы спецыяліст аддзела права прамысловай уласнасці і дагавораў упраўлення прававога і кадравага забеспячэння НЦІУ:

— Ва ўсе часы дзеці стваралі аб'екты інтэлектуальнай уласнасці. Сальвадор Далі, напрыклад, напісаў сваю першую карціну ў шэсць гадоў. Валянцін Сяроў стварыў партрэт «Ляля» ў 15, а Пабла Пікаса ў восем гадоў напісаў свайго «Пікадора». Вядома і шмат дзяцей-вынаходнікаў. Луі Брайль прыдумаў свой знакаміты шрыфт у 15 гадоў, а 13-гадовы Дзмітрый Рэзнікаў — зубную шчотку для касманаўтаў. Жозэф Бамбардзье стварыў першы ў свеце правобраз снегаходу.

Дзіцячая творчасць уносіць значны уклад у развіццё мастацтва, літаратуры і навукі. Дзецям-вынаходнікам нават прысвечана свята, якое адзначаецца 17 студзеня ў дзень нараджэння Бенджаміна Франкліна, які ў 13 гадоў стварыў ласты для рук.

А ў Беларусі для папулярызацыі сярод дзяцей навукі і вынаходніцтваў арганізоўваецца нацыянальны навукова-інжынерны конкурс Белсэф. Летась найвышэйшымі прызавымі месцамі ў ім былі адзначаны такія вынаходніцтвы, як «Выкарыстанне пластыкавых бутэлек для стварэння наглядных дапаможнікаў па біялогіі пасродкам 3D-друку (распрацоўка Праплёткінай Надзеі з Мінска). А таксама «Даследаванне магчымасцяў выкарыстання газавых разрадаў у дэфектаскапіі металічных канатаў» (распрацоўка Вабішчэвіча Івана з Брэсцкай вобласці), расказала Вольга Нікіфарава:

— Беларускія дзеці-вынаходнікі ўдзельнічаюць таксама і ў міжнародных конкурсах. Бронзавымі прызёрамі XVІІ Міжнароднай выставы юных вынаходнікаў летась сталі два беларускія вынаходнікі: Аляксандр Чэрній — аўтар сонечнай печы-грыля і Максім Яроменка — аўтар прылады для аблягчэння перасоўвання людзей з абмежаванымі магчымасцямі. У 2022-м сярод пераможцаў міжнароднага дзіцячага конкурсу «Школьны патэнт — крок у будучыню» таксама былі школьнікі з Беларусі. Напрыклад, Раман Рабцаў і Павел Сыс з Віцебска, якія распрацавалі шматфункцыянальную прыладу для аўтаматычнага маніторынгу мікраклімату. А таксама Аляксей Карнішоў з Віцебска, які стварыў мабільную робататэхніку — робата-пагрузчыка «біг-фут».

Падтрымаць юных пісьменнікаў

Дапамагаюць дзецям раскрываць свае здольнасці ў Беларусі нават бібліятэкі. Напрыклад, 18 устаноў цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк сталіцы штогод наведвае больш за 900 тысяч чытачоў.

— Тут дзеці могуць знайсці самую розную інфармацыю і прыходзіць усёй сям'ёй, а прававая база бібліятэк штомесяц абнаўляецца, — запэўніла Таццяна Швед, дырэктар Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк г. Мінска. — За год мы праводзім каля чатырох тысяч мерапрыемстваў. А ў часы пандэміі бібліятэкі сталі даваць праз інтэрнэт інфармацыю пра новыя паступленні ў бібіліятэчны фонд і такім чынам захавалі сваю запатрабаванасць.

Бібіліятэкары зацікаўлены ў тым, каб дзеці не толькі заахвочваліся творамі мастацтва, а і самі стваралі іх. Каб падтрымаць юных чытачоў, бібліятэкары анансавалі ў лютым на кніжнай выставе-кірмашы кнігу, якую напісала адна з чытачак 10-й бібліятэкі Мінска. А таксама зладзілі сустрэчу з яе патэнцыйнымі чытачамі — такімі ж падлеткамі, як і яна.

— Актыўна працуем мы і са сталічным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі. У 15-й бібліятэцы працуе клуб-студыя «Малінаўскія галасы». Дзякуючы саюзу і Іне Фраловай нашы чытачы могуць рэалізаваць права апублікаваць свае вершы, — дадала бібліятэкар. — Увагу аддаём і дзецям з абмежаванымі магчымасцямі. Спецыяльна набываем кнігі з буйным шрыфтам альбо можам прынесці кнігі дадому, калі ёсць такая патрэба.

У тэму

Сёлета Нацыянальны інстытут інтэлектуальнай уласнасці разам з Мінадукацыі, Дзяржкамітэтам па навуцы і тэхналогіях і Саветам маладых вучоных НЦІУ ладзіць сярод вучняў 9—11 класаў конкурс «Адкрываючы свет інтэлектуальнай уласнасці».

Мерапрыемства мае на мэце сумяшчэнне адукацыйнага і спаборніцкага элементаў дзеля распаўсюджвання ведаў у сферы інтэлектуальнай уласнасці і стымуляванння навучэнцаў да праслухоўвання лекцыйных матэрыялаў, кажуць арганізатары конкурсу. Да ўдзелу ў ім, дарэчы, заахвочваюцца не толькі вучні выпускных класаў, але і школьнікі іншых класаў.

Конкурс, які будзе адбывацца да 31 снежня ўключна, пройдзе ў чатыры этапы. Першы стартуе ўжо 1 кастрычніка. Удзельнікаў чакаюць анлайн-лекцыі і заданні ў сферы інтэлектуальнай уласнасці, а пераможцаў — каштоўныя прызы. У межах конкурсу праводзяцца таксама дзве дадатковыя намінацыі: «Найлепшы настаўнік» і «Найлепшая школа». Пакінуць заяўку на ўдзел можна на сайце НЦІУ 

 

ЗВЯЗДА

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!