Дзе запальваюць новыя зоркі? У Шчучыне прайшоў фестываль дзіцячай творчасці

 

У рамках раённага фестывалю дзіцячай творчасці прайшоў справаздачны канцэрт, у якім прымалі ўдзел самыя таленавітыя гурткоўцы як Шчучынскага РЦК іНТ, так і з устаноў культуры Жалудка, Астрыны, Васілішак, Новага Двара, Першамайска, Орлі. Было прадстаўлена цэлае сузор’е талентаў у самых розных жанрах – ад вакалу і харэаграфіі да тэатральных пастановак.

 

У фае цэнтра культуры разгарнулася выстава дэкаратыўна-прыкладной творчасці, дзе проста зачароўвалі работы з бісеру, ніцей, дрэва дый увогуле з самых нечаканых прыродных і падручных матэрыялаў. Фантазія, памножаная на навыкі, што атрымліваюць удзельнікі аматарскіх гурткоў пры клубах і Дамах культуры, выліваецца ў сувеніры і фларыстычныя кампазіцыі, арыгінальныя цацкі і эксклюзіўныя рэчы. А работы наведвальнікаў фотагуртка “Чароўная камера” Васілішкаўскага цэнтра культуры ўтварылі цэлы вернісаж!

 

 

Фестывальную праграму “ДЕтство. ТВОрчество. РАдость” адкрылі выхаванцы дзіцячага танцавальнага гуртка Жалудоцкага ДК “Весялінка”. А далей салісты самых розных узростаў – ад малышоў да падлеткаў – дарылі свае любімыя песні. Гучалі музычныя кампазіцыі на беларускай, украінскай, рускай, англійскай мовах. Шчыра парадавалі фальклорнай творчасцю ўдзельнікі ансамбля песні “Медунічкі” РЦКіНТ – яўныя спадчыннікі і надзейная змена, якую рыхтуе знакамітаму народнаму гурту “Медуніцы” яго не меней знакаміты кіраўнік Генадзь Паноў. Па прадстаўленых канцэртных нумарах адчувалася, што ў Орлеўскім і Першамайскім сельскіх клубах таксама ўдзяляюць належную ўвагу памнажэнню культурнай спадчыны з глыбінь народных.
Не абышлі ўдзельнікі фестывалю і творчасць сваёй зямлячкі – Алаізы Пашкевіч, чыё 145-годдзе з дня нараджэння мы будзем адзначаць сёлета ў сярэдзіне лета. Чыталі вершы Цёткі артыстычна, натхнёна – так жа эмацыянальна і пранікнёна, як іх калісь пісала сама паэтка.

 

Чырвонай ніткай праз фестывальную канву праходзіла тэма патрыятызму і Вялікай Айчыннай вайны. Асабліва кранаючай атрымалася літаратурна-музычная кампазіцыя “Дарогамі вайны” ў выкананні юных артыстаў узорнага тэатра “Крок у неба” Навадворскага ДК.

 

А вось іх калегі з Астрынскага Дома культуры і тэатральнай творчасці прыехалі на фестываль з лялечным спектаклем “Пасадзіў дзед рэпку”. Атрымалася цудоўная імпрэза.

 

Асаблівым філасофскім сэнсам і глыбінёй, думаю, не адну мяне закранула песня Вячаслава Вакуленкі “Сансара” ў выкананні маладзёжнага ансамбля аддзела па рабоце з дзецьмі і моладдзю РЦКіНТ. Словам, кожны канцэртны нумар запомніўся сваёй “ізюмінкай”, крэатывам, жаданнем данесці штосьці вельмі важнае да гледача.

 

– Аб дзіцячай творчасці можна разважаць бясконца, бо калі глядзіш, як рабяты спяваюць, танчаць, дэкламуюць вершы, сэрца радуецца як у бацькоў, так і ў кіраўнікоў аматарскіх аб’яднанняў. І калі маленькі артыст выходзіць на сцэну, ты перажываеш за яго больш, чым за сябе, – зазначыла вядучая канцэртнай праграмы Віталіна Панімаш.

 

Сапраўды, у гэты суботні дзень вялікая сцэна раённага цэнтра культуры, дзе часта выступаюць вядомыя беларускія і расійскія выканаўцы, цалкам належала юным дараванням. Дзякуючы карпатлівай рабоце дарослых на нашых вачах запальваліся яркія агеньчыкі ад выступленняў рабят з усіх рэгіёнаў Шчучыншчыны. Магчыма, у гэтым сузор’і талентаў таксама будучыя зоркі!

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!