Калі лічбы ажываюць, альбо Як навучыць дзяцей вучыцца
Вы не хочаце, каб дзіця гадзінамі сядзела за хатнімі заданнямі і пасля ўсё роўна ўставала з-за стала з «пустой галавой»? Навучыце яго вучыцца. Існуюць пэўныя методыкі, якія дазволяць школьнікам лягчэй і хутчэй запамінаць даты, вызначэнні, правілы, вершы, параграфы, замежныя мовы. Сёння нават створаны адукацыйныя цэнтры, вочныя і анлайн-курсы з гучнымі назвамі накшталт «Супермозг», «Эфектыўнае навучанне», «Суперпамяць», дзе вучаць такім хітрыкам... Насамрэч асобныя прыёмы асацыятыўнага запамінання (так званых мнематэхнік) былі вядомы яшчэ ў старажытным Рыме, пры дапамозе падобных практык знаўцы рыхтуюцца да спаборніцтваў па запамінанні вялікага аб'ёму лічбаў, а сёе-тое, напэўна, знаёма і вам. Згадайце, як вы запаміналі правіла пра «бісектрысу — крысу», якая бегае па вуглах.Так, гэта таксама адзін з прыёмаў мнематэхнік.
Рыхтуемся да школы
Вы можаце з дзіцем гадзінамі пісаць кручкі, складаць лічбы і чытаць словы, але будзеце ўпускаць самае галоўнае. Дзіця павінна навучыцца карыстацца сваімі ведамі. А значыць, для падрыхтоўкі да школы трэба больш гутарыць з малым — абмяркоўваць з ім казкі, якія прачыталі, дзяліцца ўражаннямі, звяртаць увагу на тое, як мяняецца прырода ў розны час года. Уважліваму і назіральнаму дзіцяці куды лягчэй вучыцца. А развіваць памяць яно будзе, калі проста пачне пераказваць свае навіны за дзень.
Дарэчы, адным з найбольш эфектыўных практыкаванняў для развіцця памяці ў старажытных школах было вядзенне дзённіка. Спачатку запісваліся ўсе падзеі за дзень, нават з дробязямі (калі чалавек устаў і што паеў). Пасля задача ўскладнялася: дзённік вёўся праз дзень (ці нават тыдзень), але згадаць у ім трэба было падзеі за ўвесь прамежак часу, што прайшоў пасля апошняга запісу.
Клапоцімся пра рабочую прастору
Самых маленькіх трэба прывучыць да распарадку і паказаць ім, як планаваць свой час. Можна разам з дзіцем разбіць хатняе заданне на асобныя міні-задачы і па пунктах распісаць, што і ў якой паслядоўнасці яно будзе рабіць. Паклапаціцеся, каб на стале, за якім дзіця робіць урокі, не ляжала нічога лішняга — інакш яно будзе пераключаць увагу на прадметы, перабіраць іх, шукаць ім прымяненне. А ў выніку выкананне хатняга задання зацягнецца. Але часам здаецца, што стол прыбраны, і малы выдатна разумее школьны матэрыял, а толькі на рашэнне чатырох прыкладаў па матэматыцы ў яго сыходзіць гадзіна. Дзіця можа грызці аловак, качацца на стуле, спяваць ці згадваць нейкія падзеі, жартаваць ці ныць, што яму нічога не хочацца. Але ёсць адзін маленькі прыём, які дазволіць выправіць сітуацыю: пастаўце пясочны гадзіннік альбо завядзіце будзільнік на пэўны перыяд — і юны школьнік паспрабуе ўкласціся ў адмераны яму на выкананне хатняга задання час.
Аздабляем заняткі эмоцыямі
Ёсць пэўныя правілы, якіх трэба прытрымлівацца падчас заняткаў з дзецьмі. У галаве малога не застанецца інфармацыя, калі вы крычыце на яго, калі ён будзе баяцца, што раптам назаўтра яго выкліча строгая настаўніца. Так, мая малая вельмі баялася патрабавальную настаўніцу англійскай мовы і ніяк не магла запомніць зададзеныя да ўроку словы. Нам дапамог... гумар. Спачатку мы паспрабавалі ўявіць настаўніцу як звычайнага чалавека, з якім могуць здарацца ўсе тыя ж непрыемнасці, як і з дзіцем. «Уяві, што настаўніца зранку, як і ты, калі спяшалася ў школу, праліла сваю гарбату (убачыла дзірку на шкарпэтках, прамокла пад дажджом і г. д.). І непрыступны настаўнік станавіўся бліжэйшым, а яго прадмет пераставаў выклікаць складанасці. А часам мы жартавалі, спрабуючы ўяўляць настаўнікаў як герояў мультфільмаў — і дзіця ўжо з задавальненнем ішло ў школу, дзе выкладаюць людзі, падобныя на Лася Арыстоцеля ці персанажаў-смяшарыкаў.
Англійскія словы мы завучвалі пры дапамозе асацыяцый. Мы пачалі ажыўляць асобныя літары, найбольш складаныя спалучэнні і нават прыдумваць гісторыі. Напрыклад, пісаць літару S дзіця пачало без памылак, калі я сказала, што гэта змяя, якая шыпіць на ўсіх, хто стаіць за ёй. Гэтак жа малое больш не блытала англійскія літары «b» і «d», калі мы дамовіліся, што першая да ўсіх суседзяў, што ідуць за ёй, паварочваецца «пузікам». Альбо што глядзіць ў той жа бок, што і яе «маці» — вялікая літара В. Літара «е» ў нас ператварылася ў маленькую мышку з доўгім хвастом, і, як пасля высветлілася, мышы вельмі любяць зялёны колер, бо іх у слова green запаўзло ажно дзве. Аказалася, што такая гульня дазваляла запомніць дзясятак слоў у некалькі разоў хутчэй за банальнае зазубрыванне.
Прыдумваем «гісторыі»
Насамрэч асацыяцыі дазваляюць паскорыць запамінанне не толькі замежных моў, але і тэрмінаў, вершаў, лічбаў і нават табліцы Мендзялеева.
Калі дзіця вучыць верш, прапрацуйце з ім кожны радок. Патлумачце словы, якія могуць падацца незразумелымі. Летась падлавіла малодшага сына на тым, што ён не ведаў, што такое «каляіна» і «просінь» неба — таму ніяк не мог вывучыць вершык. Затое як хутка ён пачаў запамінаць зімовыя вершыкі! Ён уяўляў, што адбываецца ў вершы, ставіў сябе на месца герояў, адчуваў гукі, пахі, разам з вершаванымі героямі каціўся з горкі, куляўся ў снег і крыўдзіўся, калі сябры рагаталі над яго бядой.
Добра запомніць апавяданні можна, калі чытаць іх з алоўкам і падкрэсліваць ключавыя словы, а пасля іх выпісаць. Дзякуючы такой падказцы лёгка пераказаць увесь змест.
Вельмі карысна навучыць дзіця запамінаць ланцужкі слоў. Наша памяць так пабудавана, што ў ёй можа змясціцца каля сямі адзінак інфармацыі. Але значна больш слоў можна запомніць, калі іх звязаць у гісторыі. Напрыклад, вам трэба запомніць ланцужок слоў: вада, шарык, лісток, бірулька, бор, вугаль, кіслародная маска, фотаздымак, неонавая шыльда. Дастаткова прыдумаць гісторыю. Для запамінання нават лепш, калі яна будзе смешнай, недарэчнай. Давайце паспрабуем уявіць, як па вадзе плавае шарык, унутры якога знаходзіцца лісток і падарунак будучаму гаспадару шарыка — бірулька. Шарык узлятае і накіроўваецца ў бор. Там нехта паліў вогнішча, ад якога застаўся толькі вугаль. Гэты турыст забыўся сваю кіслародную маску, але мы змаглі даведацца, як ён выглядаў, бо там застаўся і фотаздымак, на якім мы бачым хлопца пад неонавай шыльдай. А цяпер вы зможаце ўзнавіць увесь ланцужок слоў? Вось вам і яшчэ адзін бонус: толькі што вы вывучылі дзесяць першых элементаў з табліцы Мендзялеева (вада — вадарод, гелевы шарык — гелій, ліст — ліцій, бірулька — берылій, далей элемент бор, вуглярод (вугаль), кісларод, фтор (фота) і неон.
Такім жа чынам можна вывучыць геаграфію (напрыклад, запомніць ланцужок слоў-асацыяцый з назвамі краін і іх сталіц, рэк, азёр, гарадоў, што знаходзяцца ў пэўнай вобласці.
Малюем карту-падказку
У некаторых школах настаўнікі ўжо пачынаюць знаёміць дзяцей з такім прыёмам, як інтэлект-карта (альбо ментальная). Яна дазваляе цэлы ўрок з падручніка ператварыць у лагічны малюнак. Прыём распрацаваў брытанскі вучоны Тоні Б'юзен у 80-я гады мінулага стагоддзя. Да таго ж ментальная карта прывучае дзіця мысліць лагічна, упарадкоўваць інфармацыю. Так любы тэкст можна падзяліць на некалькі асобных частак, а да кожнай зрабіць схематычны малюнак, падабраць сімвалы, якія будуць звязаны з цэнтральным малюнкам — тэмай урока — пры дапамозе стрэлак. Прычым дзеці самі прыдумваюць сімвалы. Школьніку дастаткова толькі кінуць позірк на такі малюнак, і ён лёгка перакажа змест. Да таго ж пры дапамозе інтэлект-карт зручна рыхтавацца да экзаменаў: на ўзнаўленне ў памяці ўсіх пройдзеных за год тэм пойдзе значна менш часу, чым на гартанне старонак падручніка. А найбольш прасунутыя школьнікі могуць у адной інтэлект-карце ўмясціць не тое што тэму ўрока, а цэлы раздзел падручніка.
Калі ж вы пакуль не гатовы ствараць такія разгорнутыя малюнкі-падказкі, навучыце дзіця запамінаць інфармацыю пры дапамозе маленькіх картак. Нарэжце з кардону «візітовак» і запішыце на іх замежныя словы, правілы, гістарычныя даты, прыклады... Так, на адным баку карткі можа быць прыклад 6х4, а на другім адказ 24, і такія вучэбныя «візітоўкі» трэба зрабіць па ўсёй табліцы множання. Няхай дзіця выцягвае іх са стоса. Калі дало правільны адказ, картку адкладайце асобна, памылілася — вяртайце яе да нявывучаных. З кожным днём стос з невядомымі прыкладамі будзе змяншацца. Такім жа чынам можна прапісаць і слоўнікавыя словы (на адным баку карткі — з прапушчанай літарай, на другім — з падказкай).
А яшчэ вельмі важна сачыць за тым, каб дзіця не стамлялася, рабіць перапынкі. Ад вучобы праз сілу не будзе карысці — інфармацыя проста не засвоіцца. Даведацца, колькі часу менавіта ваш сын ці дачка могуць працаваць прадукцыйна, дапаможа тэст-дыктоўка. Бярыце гадзіннік, дыктуйце тэкст і ўважліва назірайце, як дзіця яго запісвае. Калі яно пачне дапускаць больш памылак ці будзе пытацца: «Ці многа яшчэ?», час націскаць на «стоп» і рабіць перапынак.