Вучні Каменскай сярэдняй школы імя П.А. Кузьміна сустрэліся з выпускніком іх школы, выратавальнікам Дзянісам Макарэвічам

 

Традыцыйна кожны чацвёрты чацвер месяца для вучняў 8-11 класаў праводзіцца інфармацыйна-адукацыйны праект “Школа актыўнага грамадзяніна”, дзе вучні сустракаюцца з цікавымі асобамі, даведваюцца пра асаблівасці розных сфер грамадскага жыцця.

 

22 лютага вучні Каменскай сярэдняй школы імя П.А. Кузьміна сустрэліся з цікавым чалавекам, выпускніком школы, маёрам унутранай службы, старшым памочнікам начальніка цэнтра аператыўнага ўпраўлення Гродзенскага гарадского аддзела МНС Дзянісам  Макарэвічам.

 

Тэма размовы  была надзённая, прысвечаная супрацоўнікам Узброеных Сіл, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, пагранічнай службы,  мытнай службы.

 

На пачатку мерапрыемства класны кіраўнік 10 класа Жанна Карук адзначыла, што 8 верасня 2023 года  Дзяніс Макарэвіч атрымаў прэмію “Чалавек года горада Гродна”.

 

 

Вучні задавалі госцю шмат пытанняў, на якія атрымлівалі грунтоўныя адказы. Яны даведаліся, што пасля заканчэння Каменскай сярэдняй школы ў 2008 годзе Дзяніс паступіў ва  ўніверсітэт грамадзянскай абароны, бо вельмі хацеў стаць выратавальнікам.  Ён шмат займаўся і займаецца спортам, прымае ўдзел у спаборніцтвах. І зусім хутка накіруецца на рэспубліканскія спаборніцтвы у складзе каманды Гродзенскай вобласці. Працуе у МНС ужо 16 год, за апошнія 6 год на яго ліку больш 80 патушаных пажараў і 15 выратаваных жыццяў, мае шмат узнагарод, сярод якіх нагрудны знак  “За адзнаку” II ступені.

 

Пра сваю службу Дзяніс Яўгеньевіч кажа: "Я вельмі люблю сваю работу і іду на яе з задавальненнем. Безумоўна, хапае розных сітуацый, таму што прафесія выратавальніка вельмі няпростая. Але кожнае выратаванае жыццё – гэта адзнака тваёй работы і стымул для далейшай працы. Я лічу, што кожны павінен выбіраць сваю прафесію па прызванні”.

 

Госць расказаў вучням, якімі якасцямі павінен валодаць работнік МНС, як стаць выратавальнікам, якія ў работнікаў МНС ёсць прыкметы,  падзяліўся цікавымі момантамі з вопыту сваёй службы. Прысутныя павіншавалі Дзяніса Яўгеньевіча са святам і пажадалі поспехаў у працы, перамогі ў спаборніцтвах.

 

 

Яшчэ доўга пасля мерапрыемства вучні не хацелі адпускаць госця, бо хацелася пагутарыць з  сапраўдным героем нашага часу.

 

Жанна ВАРОНІК, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!