Убраць ураджай беражліва. Такі алгарытм работы вызначылі для сябе хлебаробы ААТ "Шчучынаграпрадукт"
У працаўнікоў сяла гарачая пара. У прамым і пераносным сэнсе. Пагодлівыя дзянькі, канешне, спрыяюць уборцы ўраджаю, але спякота выпрабоўвае яе ўдзельнікаў на трываласць. Праўда, тыя з іх, хто заняты на хлебнай ніве не першы год, на "падножкі" прыроды не зважаюць.
Вось і камбайнер ААТ "Шчучынаграпрадукт" Станіслаў Іосіфавіч Кахновіч бадзёры і задаволены. Размаўляем з ім на мехдвары – перад выездам на палеткі. "Вы, здаецца, вельмі шмат год працуеце на ўборачнай", – звяртаюся да субяседніка. "Я і сам ужо не памятаю – колькі", – жартуе Станіслаў Іосіфавіч. Настрой у яго добры: дасць бог, сёння жніво фінішуе.
– Працую ў гаспадарцы з 1996 года. Толькі на гэтым камбайне ў мяне адзінаццаты сезон, – пераходзіць ён на сур'ёзны тон. – Сёлета намалаціў звыш 1300 тон зерня.
Работа на хлебнай ніве знаёмая Кахновічу да драбніц. Ён патомны селянін, родам з Дубраўлянаў, а жыве ў Барташах. Мы гутарым аб тым, што ў лепшыя гады намалоты перадавога камбайнера дасягалі і трох тысяч тон, і ён двойчы быў удзельнікам рэспубліканскіх "Дажынак". Сёлета ўраджай не такі багаты, таму важна было правесці ўборку якасна, сабраць ураджай хутка і беражліва, кажа Станіслаў Іосіфавіч. І дзеліцца навіной: старэйшы сын Андрэй працягвае хлебаробскую справу. Летась хлопец працаваў на адвозцы зерня, а сёлета заняты на нарыхтоўцы кармоў.
Гатовы ў дарогу і лепшы вадзіцель гаспадаркі на жніве Станіслаў Лявонавіч Вальмінскі. Яго ГАЗ-53 з ліку машын-"аксакалаў", накруціў на свае колы шмат тысяч кіламетраў, і ўсё ж сёлета не падвёў – перавёз 1345 тон зерня новага ўраджаю. Дарэчы, стаж у С.Л. Вальмінскага бярэцца пад 40 год, але праца на сёлетняй уборачнай – свайго роду дэбют. Да гэтага, расказвае, дастаўляў прадукты ў магазіны. "Ад працы на жніве атрымаў задавальненне!", – запэўнівае субяседнік.
"Малайцы, хлопцы!", – задаволены камбайнерам Кахновічам і вадзіцелем Вальмінскім галоўны аграном ААТ "Шчучынаграпрадукт" Валерый Янавіч Фядзюк. Значны вопыт, а гэта яго 22-е жніво за гады працы ў сельскай гаспадарцы, дазваляе галоўнаму тэхнолагу палёў не памыляцца ў ацэнцы людзей і мець уласны погляд на ход уборачнай:
– На перыяд уборкі звычайна Бог дае добрае надвор'е – на тыдні два абавязкова, – разважае Валерый Янавіч. – А мы не спім ў шапку. Сёлета збожжавыя і зернебабовыя ў гаспадарцы вырошчваліся на плошчы 3673 гектары. На палетках працавалі 13 камбайнаў. Шкада, прырода ўнесла карэктывы ў нашы планы на ўраджай. Таму прыклалі максімум намаганняў, каб убраць тое, што вырасла.
У гэты дзень зладжаны працоўны рытм адчуваўся і на зерняскладзе, які знаходзіцца побач з мехмайстэрнямі. Мерным гулам напаўняў наваколле сушыльны комплекс ЛідаАрай", дзе сабраны ў полі ўраджай даводзяць да патрэбнай кандыцыі. За ходам работ сачылі кіраўнік сельскагаспадарчага ўчастка "Ражанка" А.М. Мілінкевіч і кладаўшчык А.Я. Каленік.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.