Вопыт аграрыяў СВУ “Пратасаўшчына” пераймаюць… праваахоўнікі

Супрацоўнікі Шчучынскага РАУС пазнаёміліся з работай аграрыяў СВУ “Пратасаўшчына”. Ініцыятарам такой сустрэчы выступіў начальнік Шчучынскага РАУС С.М. Сыцэвіч, які перакананы, што супрацоўнікі міліцыі павінны быць кампетэнтнымі ва ўсіх галінах, у тым ліку і ў сельскагаспадарчай.

 

Не выпадкова аб’ектам для наведвання было выбрана СВУ “Пратасаўшчына”. Гэта адно з лідзіруючых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Шчучыншчыны. У паспяховым развіцці немалаважную ролю адыгрывае падтрымка галаўнога прадпрыемства “Гроднааблгаз”, згуртаванасць і прафесіяналізм калектыву. Сплаў вопыту і маладосці дазваляе дасягаць сапраўды высокіх вынікаў. Падчас экскурсіі па сельскагаспадарчых аб’ектах праваахоўнікі пераканаліся, што ў СВУ “Пратасаўшчына” выкарыстоўваюць у рабоце новыя падыходы і тэхналогіі. 

 

 

Першым пунктам прыпынку сталі мехмайстэрні. 

 

З арганізацыяй працы ў гаспадарцы гасцей пазнаёміў дырэктар СВУ “Пратасаўшчына” Віктар Анджэевіч Семяновіч. Капітальны рамонт, бесперабойная работа пункта тэхнічнага абслугоўвання – усё гэта вынік гаспадарлівага падыходу да справы. Майстэрні аснашчаны разнастайным інструментам і абсталяваннем, што значна палягчае працу людзей. Укамплектаваны тут машынна-трактарны парк. Для работнікаў створаны камфортныя санітарна-бытавыя памяшканні, пакой прыёму ежы, кабінеты. Адметна, што тэхніка ў аграрыяў аснашчана GPS-навігацыяй, на тэрыторыі СВУ ўсталяваны відэакамеры. Усё гэта дазваляе кіраўніку кантраляваць работу спецыялістаў аддалена. Працоўная дысцыпліна тут таксама на належным узроўні.

 

 

Кожны разумее, што любы, нават невялікі агрэх, можа прывесці да сур’ёзных наступстваў. 

 

Наведалі супрацоўнікі Шчучынскага РАУС і малочнатаварны комплекс “Глыбокае”. Тут утрымліваюцца 885 рагуль, у тым ліку 490 галоў дойнага статка. Госці пазнаёміліся з працэсам кармлення цялят.

 

 

Нованароджаныя цяляты знаходзяцца ў спецыяльных доміках для абагрэву. Для іх росту створаны камфортныя ўмовы, жывёла забяспечана якаснымі кармамі. Тут ведаюць, што поспехаў у развіцці мяса-малочнай вытворчасці можна дабіцца толькі дзякуючы строгаму выкананню сучасных тэхналогій.

 

 

– Важна, каб праваахоўнікі зразумелі, наколькі моцна сельская гаспадарка ўплывае на развіццё эканомікі нашай краіны, – адзначыў начальнік Шчучынскага РАУС Сяргей Мікалаевіч Сыцэвіч. – Найбольш з гаспадаркамі працуюць участковыя інспектары, якія ўзаемадзейнічаюць з работнікамі і спецыялістамі, але са спецыфікай работы аграрыяў карысна пазнаёміцца і супрацоўнікам ДАІ, АБЭЗ, камандзірам падраздзяленняў. Мы працуем з аграрыямі, аднак такі выезд для падрабязнага азнаямлення з вытворчасцю ў нас прайшоў упершыню. Супрацоўнікам міліцыі павінна быць справа да ўсяго.

 

Ганна КАСПЕР.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!