У ваенным камісарыяце Шчучынскага раёна сабраліся воіны-інтэрнацыяналісты, якія служылі ў Афганістане (ДАПОЎНЕНА)

Тры дзесяцігоддзі мінула з таго моманту, калі апошні савецкі салдат пакінуў тэрыторыю гэтай краіны. Напярэдадні юбілейнай даты, якая будзе адзначацца 15 лютага, нашы землякі атрымалі памятныя ўзнагароды – медалі “30 год вываду савецкіх войскаў з Афганістана”.

Усіх удзельнікаў сустрэчы цёпла віталі ваенны камісар Шчучынскага раёна падпалкоўнік Аляксандр Генадзьевіч Гайдук і старшыня Шчучынскай раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Артур Пятровіч Місюк. 
– На ўліку ў ваенным камісарыяце знаходзіцца 220 воінаў-афганцаў, – паведаміў Аляксандр Генадзьевіч. – Кожны з іх абавязкова атрымае памятную ўзнагароду. Для таго, каб уручыць медалі, мы выязджаем у працоўныя калектывы, сельсаветы, школы, дзе ўрачыста ўшаноўваем ветэранаў той неаб’яўленай вайны. Менавіта на вас мы ўскладаем сёння вялікія надзеі ў выхаванні моладзі. На жаль, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны застаецца ўсё менш побач з намі. Таму вы павінны быць прыкладам мужнасці для сённяшняга маладога пакалення.
Як заўсёды шчыра і адкрыта звярнуўся да сваіх баявых таварышаў Артур Пятровіч. Ён гаварыў аб тым, як радзеюць іх рады, як важна берагчы сябе і сваіх блізкіх. Ён падкрэсліў, што 15 лютага для ўсіх іх асаблівы дзень – гэта свята са слязамі на вачах. 
– Нам пашчасціла застацца жыць, і мы помнім усіх, хто загінуў, хто памёр ад ран на радзіме, – не хаваў ён сваіх эмоцый. – Мы заўсёды ўдзячны за падтрымку, асабліва былым і сённяшнім кіраўнікам раёна – Сяргею Іосіфавічу Ушкевічу, Івану Юльянавічу Сакалоўскаму і Сяргею Васільевічу Ложэчніку. Дзякуючы гэтым нераўнадушным людзям нам многае ўдалося: кожны год 15 лютага воіны-афганцы атрымліваюць матэрыяльную дапамогу, для іх гэты дзень – выхадны. Традыцыйна мы збіраемся на мітынг у памятнага знака “Салдатам неаб’яўленай вайны”, каб схіліць галовы ў памяць пра баявых сяброў, ускласці кветкі і вянкі…
Адзін за адным падыходзілі мужчыны, якім, здаецца, зусім нядаўна давялося глядзець смерці ў твар, кожны за сваім медалём. Пра што яны думалі ў гэты момант? Пра дні, праведзеныя ў Афгане, пра тых, хто ўжо пакінуў гэты свет, ці радаваліся, што атрымалі магчымасць жыць? Напэўна, кожны пра сваё. Тая вайна назаўсёды аб’яднала гэтых мужных людзей, якіх некалі выбраў час…
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!