Цікавыя факты пра вёску Мураванка ў нашым матэрыяле

Вёска Мураванка добра вядомая не толькі на Шчучыншчыне, але і далёка за яе межамі. Такую знакамітасць яна набыла дзякуючы помніку архітэктуры 16 стагоддзя – Маламажэйкаўскай царкве-крэпасці. Пабываць у гэтым унікальным храме імкнуцца многія жыхары нашай краіны, а таксама замежжа. Накіраваліся ў гэту вёсачку і мы разам са старшынёй Мажэйкаўскага сельсавета Аленай Яўгеньеўнай Жэшка, каб пазнаёміцца з мясцовымі жыхарамі і даведацца пра цікавыя факты з гісторыі гэтай вёскі. 
Былі часы…
Ніколі не ведаеш, куды цябе завядуць журналісцкія шляхі-дарогі, якія цікавыя сустрэчы падораць. Вось і на гэты раз нават не меркавала, што сярод маіх прыемных суразмоўцаў акажуцца бацькі святара Сергія Сямашкі, з якім мы знаёмы не адзін год. 
Мураванка для Фёдара Фёдаравіча і Капіталіны Іванаўны Сямашкаў сыграла вялікую ролю ў іх лёсе: тут яны стварылі сваю сям’ю, пабудавалі дом, выхавалі трох сыноў, працавалі, выйшлі на заслужаны адпачынак. Цяпер даглядаюць сваю дыхтоўную сядзібу, вырошчваюць садавіну-гародніну і … сумуюць па тых часах, калі жыццё ў іх любімай вёсцы біла крыніцай. 


– Мы пазнаёміліся ў Гардзееўцах, – успамінае Фёдар Фёдаравіч. – Я тады працаваў у сельмагу, а мая жонка прыехала ў гэты магазін з рэвізіяй. І вось з таго моманту заўсёды разам. 
Фёдар Фёдаравіч перабраўся ў Мураванку з вёскі Семашкі Лідскага раёна, а Капіталіна Іванаўна – з суседніх Царкоўцаў. Абодва добра памятаюць, калі ў Мураванцы працавала свая маслабойня, выпякала духмяны хлеб свая пякарня, карысталася вялікім попытам машынна-трактарная станцыя, на базе якой і быў пазней створаны Жалудоцкі рамзавод.
– Яшчэ ў канцы шасцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя ў нашай Мураванцы была лазня, – расказвае Капіталіна Іванаўна. – Няхай сабе зусім просценькая, але была! Дзесьці ў сямідзясятыя гады пабудавалі новую драўляную лазню, а праз нейкі час – цагляную. У нас ёсць цэнтральны водаправод і каналізацыя, свае ачышчальныя збудаванні, кацельня, заасфальтаваныя дарогі, да многіх дамоў падведзены газ. Адным словам, цывілізацыя прыйшла сюды даўно. І сёння ў нашай вёсачцы амаль няма пустуючых дамоў – паступова ў іх з’яўляюцца новыя ўладальнікі. Гэта месца прываблівае не толькі турыстаў, але і новых жыхароў Мураванкі. 
Мае суразмоўцы запрашаюць паглядзець унікальны будынак, у якім зараз жыве адзін са старажылаў Мураванкі, што ведае шмат цікавых фактаў з гісторыі вёскі. На жаль, яго якраз не аказалася дома. А раней тут размяшчаўся палітаддзел і друкарня, дзе, як сцвярджаюць вяскоўцы, друкавалася раённая газета Жалудоцкага раёна. 
– Наша самае дарагое багацце – сем’і нашых дзяцей, нашы адзінаццаць унукаў і пяцёра праўнукаў, – гавораць шчаслівыя бабуля і дзядуля. – Нам самім усяго хапае, мы дзякуем Усявышняму за ўсё, што маем. 
Выбраў Мураванку на жыхарства
Самы непасрэдны ўдзел у развіцці Мураванкі прымаў Мікалай Мікалаевіч Ясюкевіч, які трапіў у гэту вёсачку па размеркаванні. Яго як маладога спецыяліста накіравалі працаваць інжынерам на Жалудоцкі рамзавод. Праз некаторы час ён узначаліў гэта прадпрыемства на доўгія дваццаць год. Тут сустрэў сваю палавінку – Вольгу Уладзіміраўну, настаўніцу матэматыкі. 
Сёння Мікалай Мікалаевіч – старшыня сельскага камітэта. Ён стараецца ва ўсім дапамагаць аднавяскоўцам, прыслухоўвацца да кожнай просьбы. Вопыту яму ў такой справе, прама скажам, не займаць. 
– Сваімі рукамі здольны зрабіць многае, – гаворыць Мікалай Мікалаевіч. – Таму і людзям магу падсабіць. У маёй хатняй гаспадарцы ёсць трактар, які таксама даглядаю і абслугоўваю сам. 
Вельмі шкадуе былы кіраўнік Жалудоцкага рамзавода, што гэта прадпрыемства прыйшло ў заняпад.
– Разумееце, калі ў населеным пункце ёсць вытворчасць, тут і людзі жывуць інакш, тут жыццё адчуваецца, – тлумачыць Мікалай Мікалаевіч. – У нас жа тады было столькі грандыёзных планаў! Пастаянна будавалася новае жыллё для работнікаў, добраўпарадкоўвалася Мураванка. І цяпер наша вёска, асабліва яе цэнтральная вуліца, выглядае дастойна.
“Муж мяне знайшоў у кукурузе!”


У далёкім 1961 годзе прыехала жыць у Мураванку Аляксандра Ігнацьеўна Песцерняк. 
– Нарадзілася я і вырасла ў вёсцы Валкавічы, – расказвае Аляксандра Ігнацьеўна – У бацькоў нас было чацвёра – дзве дзяўчыны і два хлопцы. Працавалі на сваім кавалачку зямлі, трымалі гаспадарку. Тата быў будаўніком – разам з іншымі работнікамі ўзводзіў гаспадарчыя пабудовы. А мама нас гадавала, хадзіла на работу ў мясцовую гаспадарку, апрацоўвала дзялкі з буракамі. Нават я яшчэ помню, як брала нас з сабою ў поле, калі жыта сярпамі жалі. І мы ёй дапамагалі. Цяпер раскідаў нас лёс па ўсім свеце. Адзін брат жыве ў Стаўрапольскім краі – застаўся там пасля службы ў арміі. А другі – у Малдавіі. Пасля заканчэння Ленінградскай лесатэхнічнай акадэміі ён па накіраванні паехаў туды працаваць. А сястра засталася на нашай малой радзіме ў в. Валкавічы. 
У свой час Аляксандра Ігнацьеўна наведвала пачатковую школу, якая размяшчалася ў пустуючай вясковай хаце, а затым – Жалудоцкую школу. Як толькі з’явілася магчымасць – пайшла працаваць.
– Неяк сядзела, сама сабе разважала і думаю: а чаму б мне не атрымаць якую-небудзь спецыяльнасць? – расказвае мая суразмоўца. – І ўладкавалася на Жалудоцкі рамзавод, спачатку вучаніцай, а потым ужо пачала працаваць токарам. Так, прафесію я сабе абрала, мякка кажучы, зусім не жаночую. Канечне, цяжка было. Але паступова прызвычаілася. Нават чацвёрты разрад атрымала. 
Са сваім мужам Аляксандра Ігнацьеўна пражыла разам амаль пяць дзесяцігоддзяў. На жаль, некалькі год таму ён пайшоў з жыцця.


– Муж мяне знайшоў у кукурузе, – жартуе мая суразмоўца. – Яго разам з іншымі вадзіцелямі ад рамзавода накіравалі да нас у гаспадарку вазіць зерне кукурузы. Так мы і пазнаёміліся, а праз два месяцы пажаніліся. Нарадзіліся ў нас тры дзяўчынкі. Адна жыве тут у Мураванцы, другая – у Гродне, а трэцяя – у Ваўкавыску. Кожная знайшла свой хлеб. Заўсёды з нецярпеннем чакаю прыезду сваіх семярых унукаў і чацвярых праўнукаў. А яны ў бабулі частыя госці. 
Невялікі ўтульны домік гаспадыні вельмі акуратны і дагледжаны, і проста патанае ў кветках. Усю гэту прыгажосць ствараюць для матулі дочкі, а яна даглядае яркія петунні і іншыя кветкі, любіць працаваць у сваім гародзіку. 
Ёсць у Аляксандры Ігнацьеўны вельмі дарагая рэліквія – рарытэтны дыван, вытканы яе матуляю у 1938 годзе. Менавіта гэты год, а таксама свае ініцыялы ўвекавечыла на дыване гэта адмысловая майстрыха і пакінула пра сябе добрую памяць.
Жамчужына Мураванкі
Напэўна, самы новы жыхар Мураванкі – святар Кірыл, які атрымаў назначэнне ў мясцовую царкву ў снежні мінулага года і разам з сям’ёй – жонкай Крысцінай і дзвюма дачушкамі – перабраўся сюды жыць. 
– Родам я з Гродна, – расказвае святар. – Закончыў Жыровіцкую семінарыю. Першае месца майго служэння было ў Гродне, а першы прыход – у Зельве. Хачу сказаць, што кожнае богаслужэнне ў гэтай царкве – нешта асаблівае, трапяткое. Я вельмі шчаслівы, што маю магчымасць знаходзіцца ў такім храме, звяртацца з пропаведдзю да людзей. 


Асаблівая атмасфера адчуваецца адразу, як пераступаеш парог царквы. Напэўна, не так проста імкнуцца сюды людзі, едуць турысты, пераадольваючы вялікія адлегласці, каб на свае вочы ўбачыць унікальнае тварэнне архітэктуры. А той, хто прыходзіць сюды па дапамогу, абавязкова яе знаходзіць. 
Святар Кірыл, нягледзячы на тое, што зусім нядоўга служыць у Мураванцы, добра ведае гісторыю кожнай іконы, і канечне ж, тых, што ўяўляюць асаблівую каштоўнасць.
– Нават за той нядоўгі час, пакуль я тут служу, меў магчымасць назіраць цудадзейную сілу Валчынкоўскай іконы Божай Маці, – гаворыць святар. – У сям’і нарадзілася дзіця, у якога былі праблемы са здароўем. Ужо на наступны дзень пасля агульнай малітвы да Божай Маці мы даведаліся, што немаўлятку стала нашмат лепш. 
Добрыя, шчырыя людзі жывуць у Мураванцы. А іншых, напэўна, і не можа быць на такой намоленай зямлі. Мы павінны заўсёды помніць пра такія святыні, шанаваць іх і ніколі не забываць пра тое, што нам не трэба ехаць за край свету, каб убачыць нейкі цуд або захапляцца незвачайнымі архітэктурнымі збудаваннямі. Гэта ўсё побач з намі, у Мураванцы і іншых населеных пунктах нашага раёна, на нашай малой радзіме. Помніце пра гэта!
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!