У раённым цэнтры культуры і народнай творчаці прайшоў навагодні ранішнік, арганізатарам якога выступіла раённая арганізацыя РГА “Белая Русь”.
У святочным мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за 50 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 6 да 10 гадоў, а таксама іх бацькі.
З надыходзячымі Ражаством і Новым годам дзетак і дарослых павіншавала старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Станіславаўна Хвядзюк:
-- Кажуць, пад Новы год усе жаданні збываюцца! Няхай усе вашы мары абавязкова ажыццявяцца, а сэрцы перапаўняе любоў і дабрыня. Шчасця, здароўя вам і вашым блізкім!
З цёплымі словамі да юных удзельнікаў свята звярнуўся старшыня раённай арганізацы РГА “Белая Русь” Юрый Тадэвушавіч Пашук:
-- Упэўнены, вы ўсе старанна вучыліся на працягу года, таму заслужылі падарункі ад Дзеда Мароза. Многія з вас нават ужо паслалі яму паштоўкі з пажаданнямі. Мы, дарослыя, дапаможам ім ажыццявіцца!
І вось навагодняя ёлка заззяла рознакаляровымі агеньчыкамі. Дзеткі разам з бацькамі вадзілі вакол зялёнай прыгажуні карагоды, гулялі і танцавалі разам з феяй, дамавёнкам Кузяй і Бабай Ягой, расказвалі Дзеду Марозу і Снягурачцы вершы, а тыя з задавальненнем адорвалі рабят салодкімі падарункамі. Дадому ўсе разыходзіліся ў прыўзнятым настроі і з верай у цуда.
Усяго падарункі ад грамадскага аб’яднання “Белая Русь” у раёне атрымалі больш за 150 хлопчыкаў і дзяўчынак. Між тым навагоднія святы працягваюцца, і наперадзе нас чакае яшчэ нямала цікавых мерапрыемстваў.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.