“Арляняты” едуць змагацца за “Залатую шайбу” рэспублікі або 38:0 на нашу карысць
У лядовым палацы ў Лідзе прайшоў абласны этап турніру “Залатая шайба” паміж раённымі камандамі дывізіёна “Б” сярод юнакоў 2002-2004 гадоў нараджэння. Гонар Шчучыншчыны на спаборніцтвах абарала хакейная каманда “Арляняты”.
У першай сустрэчы нашы хакеісты разграмілі “ў сухую” апанентаў з Ашмян з лікам 9:0. Затым з такім жа лікам абыгралі зборную Бераставіцкага раёна, а ваўкавыскую хакейную дружыну перамаглі з лікам 8:0. Такім чынам “Арляняты” паспяхова выйшлі з падгрупы і прадэманстравалі ўсім, што не намераны саступаць.
Заключныя матчы абласнога этапу “Залатой шайбы” праходзілі асабліва напружана. Аднак гэта не перашкодзіла нашым спартсменам “разабрацца” з камандамі Карэліцкага (1:0) і Гродзенскага (5:0) раёнаў, а ў фінальнай гульні з астравецкімі хакеістамі закалаціць у вароты апанентаў 6 галоў, не прапусціўшы за ўвесь турнір ніводнай (!) шайбы. Такім чынам “Арляняты” адстаялі права абараняць гонар Гродзеншчыны на рэспубліканскім этапе спаборніцтваў, які пройдзе ў сакавіку ў Бабруйску.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.