У вясёлым карагодзе
закружыліся рабяты, якія сабраліся на навагодні ранішнік, арганізаваны ў Шчучынскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці для дзяцей-сірот.
Шчыра і ад усёй душы павіншаваў рабят са святамі начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама Уладзімір Раманавіч Дубок. Ён пажадаў ім усяго толькі светлага, добрага, каб яны заўсёды былі здаровымі, вясёлымі, добра вучыліся і абавязкова былі шчаслівымі.
З падарункамі, што сабралі падчас акцыі “Цуды на Каляды” члены раённых арганізацый “БРСМ” і “БРПА”, завітала на мерапрыемства першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Алена Богдзель.
– Навагоднія святы – самыя доўгачаканыя і чароўныя, і мне вельмі хацелася б, каб у гэтыя светлыя дні збыліся вашы самыя запаветныя мары і жаданні, – звярнулася да рабят Алена Славаміраўна.
Песні, танцы, карагод – Дзед Мароз, Снягурка, Воўк, Сабака і іншыя казачныя персанажы стараліся забаўляць і весяліць рабят. Нават Баба Яга не змагла сапсаваць гэта цудоўнае навагодняе свята.
Усе дзеці атрымалі навагоднія падарункі.
Ганна РУДСКАЯ. Фота аўтара.