Галоўная ёлка раёна заззяла!
Шчучынцы з нецярпеннем чакалі, калі ж лясная прыгажуня на плошчы Свабоды расквеціцца рознакаляровымі агеньчыкамі. І вось ён – урачысты момант! На адкрыццё галоўнай ёлкі раёна сабраліся выхаванцы дзіцячых садкоў, мясцовых школ, настаўнікі і проста нераўнадушныя гараджане. Многія завіталі на імпрэзу цэлымі сем’ямі.
-- Мы кожны год прыходзім на гарадскую ёлку, -- гавораць Уладзімір і Таццяна Васько. -- Нашы сынок і дачушка водзяць карагоды з дзеткамі і вітаюцца з Дзядулем Марозам. Хочацца, каб яны ўбачылі галоўную ёлку раёна і дакрануліся да навагодняй казкі, якая зараз пануе ў горадзе.
Удзел у свяце прынялі і кіраўнікі грамадскіх аб’яднанняў раёна.
Павіншаваць гасцей з наступаючымі святамі прыйшлі галоўныя казачныя персанажы Дзед Мароз і Снягурка. Навагодняе прадстаўленне, якое было падрыхтавана актывістамі ПТДіМ, прыйшлося ўсім даспадобы.
Весяліўся народ ад душы! У дружны карагод запрасілі ўсіх казачныя героі. Затым усе разам на “раз, два, тры” запальвалі шчучынцы ёлку: хутка рознакаляровыя агеньчыкі зазіхацелі на галінках лясной прыгажуні.
Госці свята дружна вадзілі карагоды, удзельнічалі ў вясёлых гульнях, танцавалі і зацягвалі ўсімі любімыя навагоднія песні. Дапамагалі малечы не згубіцца ў вялікім натоўпе валанцёры гарадскіх школ. Свята прыйшло на “ўра!”
Дзякуючы намаганням работнікаў нашай камунальнай службы, Шчучын стаў па-сапраўднаму святочным. Плошча, сквер і вуліцы роднага горада ззяюць рознакаляровы агнямі. Яркія гірлянды, шары і навагоднія скульптуры ўжо паспелі ацаніць і шчучынцы, і госці горада. Людна было каля атрыбутаў Новага года падчас адкрыцця ёлкі. Людзі фатаграфаваліся на памяць з галоўнымі героямі свята і зычылі ўсім добрага настрою. А настой ужо сапраўдны навагодні! Адкрыцця ёлкі распачало шэраг святочных мерапрыемстваў, якія пройдуць на Шчучыншчыне ў бліжэйшы час.
Да бою курантаў засталіся лічаныя тыдні. Горад і гараджане ў чаканні чароўных святаў.
Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара і Аляксандра КАСПЕРЧУКА.