Час казкі, дабра і радасці

У Палацы творчасці дзяцей і моладзі прайшло раённае свята для дзяцей-інвалідаў "Волшебные огоньки Деда Мороза". На тэатралізаванае прадстаўленне, якое падрыхтавалі таленавітыя супрацоўнікі гэтай творчай установы, сабраліся хлопчыкі і дзяўчынкі з усяго раёна.

Мерапрыемства было заяўлена як навагодняя казка, і такі незвычайны фармат поўнасцю пацвердзіла. Атмасфера казкі з ўсімі яе атрыбутамі – з нечаканымі паваротамі, сюрпрызамі, пазнавальнымі персанажамі – панавала ў шыкоўнай зале палаца больш за гадзіну.

Павіншаваць дзяцей прыйшлі сюды добрыя і шчодрыя госці – начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама У.Р. Дубок, першы сакратар РК ГА "БРСМ" А.С. Богдзель, старшыня раённага савета ГА "БРПА" Т.С. Трахімчык.

Уладзімір Раманавіч Дубок ад імя кіраўніцтва райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў і сябе асабіста павіншаваў дзяцей, іх бацькоў, педагогаў з надыходзячымі святамі Раства і Новага года, пажадаў усім моцнага здароўя, добрага настрою, пабольш усмешак і веры ў цуды і дабро. Зычліва прывіталі прысутных і іншыя госці. Алена Славаміраўна і Таццяна Сяргееўна завіталі на свята з падарункамі, якія падчас акцыі "Цуды на Раство" сабралі рабяты з усяго раёна.

А потым дзятва і дарослыя з задавальненнем вадзілі карагоды, удзельнічалі ў гульнях, радаваліся з'яўленню Зімы, Снягуркі і Дзеда Мароза, і зусім не баяліся злой Кікімары і яе сяброў. Зіхацела агнямі прыгажуня ёлка, гучалі музыка і песні. Радасцю свяціліся вочы хлопчыкаў і дзяўчынак... Несумненна, свята пакіне ў іх сэрцах незабыўныя ўражанні.

 А яшчэ матулі і таты ахвотна фатаграфавалі сыноў і дачушак у спецыяльна створанай казачнай фотазоне і ля вялізнага насценнага гадзінніка, стрэлкі якога паціхеньку набліжаюцца да навагодняй апоўначы.

Таццяна ПАЛУБЯТКА. Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!