Навагодні ранішнік у Васілішкаўскім доме-інтэрнаце сабраў шматлікіх гасцей
Дабрачынная навагодняя акцыя "Нашы дзеці" мае працяг. Выхаванцы Васілішкаўскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця прыйшлі на звычайны ранішнік, а трапілі ў цудоўную казку. Каля ёлкі іх віталі казачныя героі – Дзед з Бабай, Калабок, Ліса, Воўк ды Крывалапы Мішка.
Рабяты разам з выхавацелямі, настаўнікамі ды гасцямі вадзілі карагоды, танцавалі і гучна пляскалі ў далонькі. А гасцей на пераднавагодняе свята завітала многа – павіншаваць выхаванцаў дома-інтэрната прыехалі намеснік Міністра працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Ігар Старавойтаў, намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама Аліна Варанюк, намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Алена Пасюта.
– Усе – і дарослыя, і дзеці чакаюць у такія святочныя дні сапраўднага цуда, – звярнуўся да ўдзельнікаў ранішніка Ігар Старавойтаў. – Мы з вялікай радасцю прыехалі павіншаваць вас з надыходзячымі святамі. Няхай Новы год прынясе толькі поспех, шчасце і лепшыя эмоцыі!
Цёплыя пажаданні выказалі першы прарэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Алег Раманаў, старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” і прафсаюзны лідар Шчучыншчыны Юрый Пашук, а таксама дырэктар ААТ "Васілішкі" Уладзімір Серахан, прадстаўнікі розных грамадскіх аб'яднанняў, святары.
Колькі прыемных падарункаў атрымалі выхаванцы Васілішкаўскага дома-інтэрната! І мяшок смачных цукерак, і розныя гульні ды цацкі, і сертыфікаты на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Напярэдадні ранішніка ў рабят была магчымасць напісаць Дзеду Марозу лісты з запаветнымі жаданнямі: хлопцы папрасілі настольныя гульні, а дзяўчаты -- парфюм. Усе гэтыя просьбы выканаў калектыў Гродзенскага ўніверсітэта.
Юлія ЦІМАШЧУК. Фота аўтара.