У супрацоўніцтве з грамадскасцю. Старшыня Лядскага сельвыканкама Павел Літавар расказаў, як працуюць органы самакіравання і што ўдаецца зрабіць агульнымі намаганнямі

 

Старшыня Лядскага сельвыканкама Павел Літавар па сваёй сутнасці не кабінетны работнік. Ён найчасцей сярод людзей, каб даведацца з першых вуснаў, што хвалюе вяскоўцаў, дзе “слабое звяно” на тэрыторыі сельсавета, якія ёсць прапановы з месцаў, каб аператыўна вырашыць тое ці іншае актуальнае пытанне.

 

– Такі адкрыты дыялог спрыяе зваротнай сувязі, а словы, сказаныя асабіста ды ў нефармальнай абстаноўцы, найбольш глыбока пранікаюць у сэрцы людзей, – лічыць Павел Анатольевіч. – Працаваць з насельніцтвам надзвычай важна. Тады пра парадак вакол дамоў ды на грамадскіх тэрыторыях вяскоўцы не забываюць. І аб добраўпарадкаванні могілак дбаюць, іншыя праблемы з іх поля зроку не сыходзяць. У нашым Лядскім сельсавеце – 18 населеных пунктаў, дзе пражывае 1842 чалавекі. Зразумела, што без грамадскіх памочнікаў было б складана быць у курсе ўсіх спраў на месцах, але ў нас па-сапраўднаму баявітыя старасты – ініцыятыўныя, дзелавыя, чулыя да аднавяскоўцаў. Гэта тычыцца Ірыны Кейш з Тапілішак, Дануты Сідлярэвіч са Старадворцаў, Ванды Гірдзь з Андрушоўцаў, Марыі Місюк з Мураўёўкі, Марыі Семянчук са Скрагаў і іншых грамадскіх актывістаў.

 

– Павел Анатольевіч, якую ролю ў мясцовым самакіраванні адыгрываюць народныя абраннікі – дэпутаты?

 

– У складзе нашага дэпутацкага корпуса людзі аўтарытэтныя, працавітыя, добрыя арганізатары, здольныя падставіць плячо ў вырашэнні пэўных бытавых праблем сваіх землякоў, правесці растлумачальную работу. Гэта дэпутаты Уладзімір Найдзін, Аляксандр Сяргей, Кацярына Войдак, Станіслаў Яхімчык, Ганна Сыч.

 

Заўсёды можна спадзявацца на ўзаемаразуменне і дапамогу народных абраннікаў у Шчучынскі раённы Савет дэпутатаў. Гаворка перш за ўсё пра дэпутатаў - кіраўнікоў арганізацый Аляксандра Тулю, Франца Арабчыка. Да прыкладу, Аляксандр Віктаравіч вельмі зацікаўлены ў такім агульным праекце, як навядзенне парадку на зямлі. Сіламі ААТ “Дэмбрава” ў вёсках Лядскага сельсавета зносяцца старыя забудовы, пустуючыя і незапатрабаваныя вытворчыя будынкі, а вызваленыя плошчы ўключаюцца ў севазварот.

 

Населеныя пункты набываюць зусім іншы, больш прывабны выгляд. Многае ў гэтай справе робіць і непасрэдна сельвыканкам, працуючы са спадчыннікамі або праз суд устанаўліваючы адсутнасць гаспадароў таго ці іншага нежылога дома. На знос выдзяляюцца і бюджэтныя сродкі, якія мы своечасова асвойваем. За апошні час знесены 18 безгаспадарных старых дамоў. У выніку сумеснымі намаганнямі адчувальна памаладзелі Лядск, Мураўёўка, Скрагі, Старадворцы. Разабраны і старыя адміністрацыйныя будынкі былога калгаса “Бальшавік” у Амбілеўцах. Работа ў гэтым напрамку будзе працягвацца.

 

– Амаль паўсюль не менш злабадзённа стаяць пытанні па добраўпарадкаванні сельскіх дарог…

 

– Дзякуючы партнёрскім адносінам з РУП “Гроднааўтадар” і дарожным майстрам гэтай арганізацыі Іванам Рабусам летась былі добраўпарадкаваны пяць з’ездаў з магістралі Р-51 у аграгарадкі Тапілішкі і Ляшчанка, вёску Красная, а ў гэтым годзе заасфальтаваны з’езд на вёску Мураўёўку, дзе, дарэчы, было выкарыстана 100 тон асфальтабетоннай сумесі. Стараемся трымаць кантакты і цесна супрацоўнічаць увогуле з усімі дарожнымі службамі, каб пры неабходнасці аператыўна вырашаць узнікаючыя праблемы.

 

– Павел Анатольевіч, што найбольш радуе Вас як старшыню сельвыканкама?

 

– Тое, што наша тэрыторыя развіваецца, што да нас едуць жыць людзі з іншых рэгіёнаў. За апошні час куплена 15 сядзібаў у сельскай мясцовасці. А, да прыкладу, у аграгарадку Ляшчанка па вуліцы Дружбы ўведзена ў эксплуатацыю 6 дамоў для маладых спецыялістаў ААТ “Дэмбрава”. Усе, хто па-сапраўднаму хоча працаваць, маюць работу – на птушкафабрыцы, у мясцовых сельгасарганізацыях, на іншых прадпрыемствах. Ствараюцца ўмовы для самазанятасці.

 

Што б хацелася палепшыць – дык гэта дэмаграфічную сітуацыю. Сёлета ў нашым сельсавеце нарадзілася чацвёра немаўлят. А няхай бы буслы куды часцей наведвалі маладыя сем’і, прыносячы дзетак!

 

Гутарыла Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!