У рабоце старасты дробязей не бывае. Людміле Арабчык з аграгарадка Ляшчанка ўдаецца сумяшчаць грамадскую дзейнасць, работу і… салодкае хобі

 

Сёння старасту аграгарадка Ляшчанка Людмілу Арабчык многія лічаць мясцовым жыхаром – настолькі добра яна ведае пасёлак і людзей. Між тым у гэтыя дні споўнілася роўна 30 год, як яна прыехала сюды жыць і працаваць. За гэты час сапраўды зраднілася з Ляшчанкай і з тутэйшымі людзьмі, што ўжо каля дзясятка год выбіраюць Людмілу Антонаўну сваім лідарам.

 

– У аграгарадку пражывае 560 чалавек. Што асабліва радуе, ёсць дружныя мнагадзетныя сем’і. А вось колькасць нядобранадзейных істотна зменшылася. Сіламі грамадскасці вядзецца вялікая прафілактычная работа, і гэта дае добры вынік, – дзеліцца стараста. – Прыемна бачыць, як некаторыя бацькі перагледзелі свае прыярытэты і зразумелі, што няма нічога больш каштоўнага, чым дзеці. Як ні дзіўна, але ў гэтым “перавыхаванні” нам у пэўнай ступені дапамог… дзіцячы прытулак, што калісь знаходзіўся на нашай тэрыторыі. Людзі ўвачавідкі ўбачылі, якая незайздросная доля ў рабят, што сталі сіротамі пры жывых бацьках. Добра, што людзі праз сэрца прапусцілі іх лёсы і многае ўсвядомілі. Зараз у так званым “СОПе” засталася ўсяго адна сям’я, дзе, на шчасце, яўна бачны добрыя перамены.

 

Ляшчанка – месца прывабнае для жыцця. Дзякуючы тутэйшым прадпрыемствам і ўстановам ёсць для людзей работа, будавалася нямала жылля, дый райцэнтр побач. Стараста задаволена, што раённая ўлада пачула запыты жыхароў, і летась адрамантаваны самы праблемны ўчастак дарогі – выезд з вуліцы Маладзёжнай на цэнтральную шашу Шчучын-Астрына.

 

– За апошнія гады прыемныя змены адбыліся ў нашай краме “Родны кут”, дзе абноўлена гандлёвае абсталяванне, заўжды ёсць добры выбар тавараў, да таго ж Шчучынскі філіял аблспажыўтаварыства ўклаў сродкі ў добраўпарадкаванне навакольнай тэрыторыі, – расказвае Людміла. – Любяць нашы пакупнікі і прыватны магазінчык Раісы Якусік, дзе заўжды ўсё свежанькае, а гаспадыня гандлёвай кропкі надзвычай уважліва вывучае попыт сваіх наведвальнікаў.

 

Кажуць, правінцыю вызначаюць людзі. Дык вось, у Ляшчанцы жыццё віруе і здзіўляе. Дзякуючы ініцыятыўнасці работнікаў культуры на чале з Вольгай Мішкель і мясцовых жыхароў тут пастаянна праходзяць цікавыя мерапрыемствы і святы, на якія збіраецца люд з усяго наваколля. Асабліва запомніліся баталіі, што разгарэліся падчас сельскага фестывалю-конкурсу “Вясковы асілак”.

 

– Заўзята ўдзельнічаем мы і ў фестывалі кветак, які праходзіць у Жалудку, кожны раз атрымліваем узнагароды ў розных намінацыях, – распавядае Людміла Антонаўна. – Балазе аматараў ландшафтнага дызайну і аматараў-кветкаводаў у нас багата. Гэта ў першую чаргу Марыя Ханько, Станіслаў Рум, Святлана Майко, Ядвіга Івашкевіч і многія іншыя, з каго хочацца браць прыклад.

 

Прымна і тое, што ў Ляшчанцы нямала незаспакоеных людзей з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Яны – надзейныя памочнікі старасты. Гэта старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі Лявон Кунцэвіч, такія нераўнадушныя і ініцыятыўныя вяскоўцы, як Алена Арабчык, Ядвіга Ткачук, Лілія Масюкевіч – ды хіба ж пералічыш усіх?!

 

Варта сказаць, што і сама Людміла Антонаўна літаральна запальвае сэрцы іншых сваёй кіпучай энергіяй. Працуючы сакратаром у мясцовай школе і займаючыся грамадскай работай, яна застаецца цудоўнай гаспадыняй. Яе хобі – печыва, ды на самым што ні ёсць мастацкім узроўні! Візітоўка з цеста – усемагчымыя грыбы і грыбочкі, бы баравікі з лясной палянкі. А якія ж смачныя! Рэцэпты і майстар-клас ад прызнанага кулінара могуць атрымаць усе жадаючыя.

 

– Мы з сям’ёй вельмі любім і сапраўдныя грыбы збіраць, адпачываць на прыродзе, дзе і рыбалка, і “грыбалка”, – смяецца жанчына.

 

Каштоўна тое, што Людміла Антонаўна заўжды разумее і ва ўсім падтрымлівае свайго мужа – Франца Вацлававіча Арабчыка. Ён не толькі дырэктар Ляшчанскай сярэдняй школы, але і актыўны дэпутат як Лядскага сельскага Савета, так і Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў.

 

Супружная пара выхавала цудоўных сыноў. Старэйшы Павел – падпалкоўнік, выкладчык на ваеннай кафедры БНТУ, а днямі бацькі даведаліся, што сын паспяхова паступіў у аспірантуру і пераязджае на вучобу ў Санкт-Пецярбург. Малодшы з братоў абраў свой шлях і ўжо скалясіў паўсвету на велікагрузным аўтацягніку. Але ўсе дарогі Арабчыка-малодшага нязменна вядуць у родную Ляшчанку. Быць патрыётамі сыноў навучылі іх бацькі.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!