У Першамайскай школе адбылося ўрачыстае адкрыццё абноўленага гісторыка-краязнаўчага музея
Па-сапраўднаму знакавай падзеяй у Год гістарычнай памяці стала ўрачыстае адкрыццё абноўленага гісторыка-краязнаўчага музея ў Першамайскай СШ. Доўгі час ён знаходзіўся ў асобным памяшканні, якое зараз патрабуе капітальнага рамонту. Разам з тым прасторныя плошчы школы дазваляюць эстэтычна і функцыянальна размясціць каля паўтары тысячы экспанатаў, разгарнуць новыя тэматычныя экспазіцыі і выставы рарытэтаў.
У сераду пасля заняткаў педагогі і вучні Першамайскай СШ прымалі з гэтай нагоды ганаровых гасцей. На цырымонію адкрыцця музея прыехалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Павел Тарчынскі, старшыня раённага савета ветэранаў Васілій Жукоўскі і старшыня ветэранскай арганізацыі Першамайскага сельсавета Дзмітрый Рэвера, ветэран Узброеных Сіл, падпалкоўнік у адстаўцы Віктар Анашкін. Прыйшлі раздзяліць радасць урачыстасці старшыня Першамайскага сельвыканкама Наталія Сідлярэвіч і дырэктар рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Котра” Тадэвуш Люткевіч. Не магла не прыехаць з Гродна і заснавальніца гэтага музея, яго самы першы кіраўнік Людміла Антухевіч. Сустрэча атрымалася надзвычай цёплай і хвалюючай.
Перад пачаткам мерапрыемства госці і вучні ўсклалі кветкі і запалілі лампадкі памяці ля абеліска ў гонар землякоў, што мужна змагаліся з ворагам падчас Вялікай Айчыннай вайны. Урачыстасць распачалі выкананнем Дзяржаўнага Гімна.
-- Ужо на працягу 40 гадоў наш музей беражліва захоўвае гістарычную праўду пра самую жорсткую з войнаў, пра ўсе значныя падзеі мясцовага жыцця, звесткі аб знакамітых земляках і працоўных буднях першамайцаў. Школу выхавання музейнай справай прайшло не адно пакаленне вучняў, -- канстатавалі вядучыя і запрасілі да дыялогу Людмілу Антухевіч -- чалавека, горача ўлюбёнага ў гісторыю і краязнаўства, якому ўдалося згуртаваць вакол сябе такіх жа апантаных энтузіястаў, сабраць цікавыя звесткі і экспанаты, запісаць успаміны ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай.
-- Мы адкрылі наш школьны гісторыка-краязнаўчы музей 22 чэрвеня 1982 года. Літаральна жылі гэтай справай, праводзілі вялікую даследчую работу, адкрывалі новыя імёны герояў і новыя факты. Важна, каб вы не толькі беражліва захавалі тое, што па крупінках сабрана, але і далей развівалі музейную справу, -- заклікала рабят і калег-настаўнікаў Людміла Канстанцінаўна.
Словы ўдзячнасці людзям, якія стаялі ля вытокаў стварэння музея, і тым, хто сёння дастойна падхапіў патрыятычную эстафету, выказала старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк. Яна адзначыла ўнікальнасць гістарычнай спадчыны першамайскага краю, багацце народных традыцый, якія захоўваюць школьнікі. Так, савет музея Першамайскай школы стаў пераможцам раённага этапу рэспубліканскага конкурсу юных экскурсаводаў і лепшым распрацоўшчыкам музейных заняткаў ў рамках акцыі “Я гэты край Радзімаю заву”. Вучаніца Святлана Павукова -- у ліку пераможцаў абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу юных экскурсаводаў, а работа Паўла Сідлярэвіча прызнана лепшай на ІХ абласной навукова-практычнай краязнаўчай канферэнцыі “Край Гарадзенскі”.
Не раз узгадвалася імя былога дырэктара Першамайскай школы Зінаіды Ерэміновіч. Па яе ініцыятыве ў музеі ў свой час былі адкрыты новыя залы, наладжана дзейснае супрацоўніцтва з заказнікам “Котра”. За плённае ваенна-патрыятычнае выхаванне маладога пакалення імя Зінаіды Пятроўны занесена ў раённую Кнігу Славы.
Аб перспектывах развіцця музея распавяла дырэктар школы Наталля Дашкевіч, падкрэсліўшы, што верагоднасць і аб’ектыўнасць музейнай інфармацыі дапамагае данесці да нашчадкаў гістарычную праўду.
Пасля цырымоніі пераразання традыцыйнай чырвонай стужкі кіраўнік музея Наталля Гудач і яе выхаванцы правялі ў абноўленых інтэр’ерах першую экскурсію – вельмі змястоўную, насычаную цікавымі фактамі і шчырымі эмоцыямі. Нядзіўна, што госці з задавальненнем пакідалі свае запісы ў Кнізе водгукаў.
Размова аб далейшым развіцці музейнай справы, напрамках адукацыйнага працэсу, аб распрацоўцы новых турыстычных маршрутаў, прыцягненні турыстаў у рэгіён працягвалася за круглым сталом у школьным цэнтры экалагічнай адукацыі.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.