У Дзень Канстытуцыі адкрылася выстава “Нам жыць і памятаць”, экспанаты і экспазіцыі якой сабралі і аформілі супрацоўнікі цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Шчучынскага раёна

 

Арганізатары запрасілі на ўрачыстае мерапрыемства сваіх калег і сяброў, людзей, якія карыстаюцца сацыяльнымі паслугамі цэнтра. Ганаровым госцем на выставе была і намеснік старшыні райвыканкама Алена Пасюта.

 

Дырэктар ТЦСАН Святлана Шанчук расказала шматлікім наведвальнікам, як нарадзілася і ажыццяўлялася сама ідэя.

 

-- У Год гістарычнай памяці асабліва актуальна фарміраваць аб’ектыўныя адносіны грамадства да нашага гераічнага мінулага, захоўваць і ўмацоўваць адзінства беларускага народа, пачуццё павагі да сваіх продкаў і браць на сябе адказнасць за захаванне памяці аб воінскім і працоўным подзвігу беларусаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, -- падкрэсліла Святлана Уладзіміраўна. -- Нам ёсць чым ганарыцца. Бадай, у кожным доме захоўваюцца свая памяць, свае рэліквіі. І гэта яскрава дэманструе выстава, экспанатамі для якой падзяліліся нашы падапечныя з Першамайскага, Ражанкаўскага, Орлеўскага сельсаветаў, сацыяльныя работнікі, што ў цесным кантакце працуюць з людзьмі старэйшага пакалення, а яшчэ – рэальныя нашчадкі салдат Перамогі.

 

Тэматычна і візуальна выстава “Нам жыць і помніць” складаецца з трох блокаў, пачынаючы ад духоўных вытокаў, этнаграфіі і багатай культурнай спадчыны нашага народа да векапомных вогненных дзён, а затым пасляваеннага аднаўлення. Да глыбіні душы краналі фотаздымкі з сямейнага альбома загадчыцы аддзялення ТЦСАН Аксаны Шостак і яе аповед пра дзядулю-франтавіка Аляксандра Іосіфавіча Гузеня, які з баямі дайшоў да Берліна, неаднойчы быў цяжка паранены, але выжыў, за адвагу ў баявых аперацыях быў узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны І ступені, мноствам медалёў.

 

-- Пасля вайны дзядуля вярнуўся ў родную вёсачку Зачэпічы, працаваў цесляром і меў проста залатыя рукі, вельмі часта расказваў нам пра вайну, -- дзеліцца Аксана Канстанцінаўна і паказвае ваенны фотаздымак бравага вайскоўца.

 

Тут жа, у цэнтры экспазіцыі, выстаўлены рэальныя ўзнагароды рэальнага чалавека – Аляксандра Іосіфавіча Гузеня, які жыў у прынёманскай вёсачцы да 1996 года (амаль да 90-гадовага ўзросту!) з асколкам у целе і пакутлівымі ўспамінамі пра жудасную вайну, наказваў берагчы мір як самую вялікую каштоўнасць на свеце. Галоўнае, што ў гэтай сям’і не толькі дзеці, але ўнукі і праўнукі захоўваюць памяць пра дзядулю-героя, дакладна ведаюць праўду аб тых векапомных падзеях і гатовы падзяліцца сваёй гісторыяй з іншымі.

 

 

З фотапартрэтаў пранікнёна глядзяць на нашых сучаснікаў і іншыя нашы заслужаныя землякі, а экспазіцыя “Шчучыншчына ў асобах” распавядае пра людзей працы, ганаровых грамадзян горада, кіраўнікоў раёна, якія ўнеслі вялікі ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна.

 

Пранікнуцца атмасферай экспазіцый дапамагалі не толькі расказы экскурсаводаў, але і песні ваенных часоў, сучасныя патрыятычныя кампазіцыі. Дарэчы, гэта выстава (па адрасе г. Шчучын, вул. Зялёная, 3А) будзе працаваць на працягу ўсяго года – Года гістарычнай памяці, і кожны жадаючы можа яе наведаць, а, магчыма, падзяліцца тут і сваёй гісторыяй, сямейнымі рэліктамі, якім таксама знойдзецца пачэснае месца.

 

Намеснік старшыні райвыканкама Алена Пасюта выказала словы падзякі ініцыятарам гэтага цікавага праекта, дала высокую адзнаку той рабоце, якую з душэўнай цеплынёй выконваюць супрацоўнікі сацыяльнай службы Шчучыншчыны і пры гэтым яшчэ так плённа далучаюцца да патрыятычнага выхавання.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!