На дзень нараджэння да… Чэслава Немэна

 

Па добрай традыцыі 16 лютага, у Дзень нараджэння нашага знакамітага земляка – рок-музыканта і кампазітара Чэслава Немэна, у ягоным доме ў Старых Васілішках збіраюцца прыхільнікі творчасці і сябры клуба-музея.

 

Загадчык установы Уладзімір Сянюта заўжды з хваляваннем рыхтуецца да гэтай даты: стараецца адшукаць новыя факты з багатага на падзеі і творчыя адкрыцці жыцця музыканта, які хоць і заваяваў сусветную вядомасць, калі пераехаў у Польшчу, аднак сэрца яго заўжды належала роднаму краю. З задавальненнем праводзіць Уладзімір Уладзіміравіч экскурсіі па сядзібе, сардэчна прымае турыстаў з усяго свету, з любоўю расказвае пра феномен таленавітага вясковага хлопчыка, што нарадзіўся ў сям’і Выджыцкіх, а потым праславіў не толькі свой род, але і сваю Радзіму.

 

 

Так было і на гэты раз. З нагоды 83-й гадавіны з дня нараджэння Чэслава Немэна ў клубе-музеі ў Старых Васілішках адбылася арт-сустрэча “Дзіўны свет”. Зноў у доме Выджыцкіх сабраліся госці, гучалі песні, лілася шчырая сяброўская размова.

 

-- Калі мы больш за дзесяцігоддзе таму назад па крупінках збіралі экспанаты для адраджэння гэтай сядзібы, то і падумаць не маглі, што іх назбіраецца так багата. Інтэр’еры пакояў атрымаліся вельмі блізкімі да той абстаноўкі, у якой рос і фарміраваўся як асоба Чэслаў Немэн -- кумір і “голас пакалення”, а навакольны ландшафт з кожным годам набывае ўсё новыя абрысы -- са знакавымі камянямі і малымі архітэктурнымі формамі, -- адзначыў Уладзімір Сянюта.

 

Сапраўды, кожнаму, хто завітвае на гэты вясковы падворак з далёкіх ці блізкіх краёў, усё тут міла і… дзіўна. Няўжо ў такой сціплай абстаноўцы рос музыкант, якому будзе наканаваны гучны тытул -- “Лепшы музыкант Польшчы ХХ стагоддзя”?!

 

 

-- З дзяцінства Чэсіка акружала музыка. Бацька, Антон Выджыцкі, іграў у мясцовым духавым аркестры, рамантаваў і настройваў музычныя інструменты, -- распавядаў Уладзімір Уладзіміравіч. – Чэслаў спяваў у школьным і касцельным хоры, па ўспамінах, ужо з маленства іграў на піяніна…

 

Песня-споведзь “Дзіўны гэты свет” прынесла яе аўтару і выканаўцы Чэславу Немэну ашаламляльны поспех. Кампазітар-наватар, уладальнік рэдкага па дыяпазоне і тэмбры голасу, наш зямляк выступаў у парыжскай “Алімпіі”, на адкрыцці алімпійскіх гульняў ў Мюнхене, пакараў сваім талентам публіку ЗША і Англіі, ФРГ і Швецыі, Італіі і Індыі… А прыязджаючы на гастролі ў СССР, заўжды запрашаў на свае канцэрты аднавяскоўцаў і землякоў, браніраваў для іх месцы ў першых радах.  

 

Вельмі важна, што цікавасць да творчасці нашага знакамітага земляка сёння праяўляюць не толькі прадстаўнікі старэйшага пакалення, але і моладзь. З задавальненнем прыехалі ў мінулую сераду ў Старыя Васілішкі навучэнцы Шчучынскага сельскагаспадарчага ліцэя. Некаторыя з іх упершыню пачулі гэта імя і адкрылі для сябе дзівосны свет Чэслава Немэна. Маладыя людзі дзяліліся сваімі ўражаннямі ад экскурсіі ў музейнай “Кнізе водгукаў”, вывучалі вінілавыя альбомы рок-зоркі, разглядвалі фотаздымкі на сценах, заводзілі патэфон, які ў гэтым доме слухалі яшчэ бацькі музыканта.

 

-- Упэўнена, што жыццёвы і творчы шлях Чэслава Немэна, яго бясконцая любоў да сваёй Бацькаўшчыны паслужаць прыкладам для многіх сучасных юнакоў. Гэта знаёмства надасць упэўненасці ў свае сілы і творчыя магчымасці, -- выказала меркаванне вядучы метадыст аддзела арганізацыйна-метадычнай работы раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Галіна Петушок.

 

Як заўжды, домік Чэслава Немэна крануў да глыбіні душы сваёй гасціннасцю. Тут удзельнікаў арт-сустрэчы частавалі яблыкамі з сада Выджыцкіх і духмянымі сухафруктамі, прапанавалі гарбату і канапкі з вясковым салам. Сапраўдны дзень нараджэння са смачнымі пачастункамі!  

 

Госці ўсклалі кветкі да мемарыяльнай дошкі Чэслава Немэна, абяцалі яшчэ не раз прыехаць у гэтыя чароўныя мясціны, дзе адчуваецца аўра творцы, дзе, няйначай, лунае яго душа.

 

У мерапрыемстве прыняла ўдзел старшыня раённай арганізацыі ГА “Саюз палякаў на Беларусі” Яніна Місюк.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота Галіны ПЕТУШОК.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!