Вальс для ветэранаў гучаў сёння ў выкананні вядомага на Шчучыншчыне музыканта Генадзя Панова на вуліцы Астроўскага ў райцэнтры

 

Менавіта там жыве ветэран Вялікай Айчыннай вайны Вера Рыгораўна Маслава, якую з вялікім святам, Днём Перамогі, прыехалі павіншаваць шматлікія госці.

 

Старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк, намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Алена Пасюта, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання ад Гродзенскай вобласці Валянцін Байко, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Васілій Жукоўскі, старшыня Шчучынскай раённай арганізацыі ГА "Беларускі саюз жанчын" Святлана Шанчук, старшыня раённай арганізацыі РГА "Белая Русь" Юрый Пашук і іншыя не шкадавалі цёплых слоў, выказваючы гэтай мужнай жанчыне вялікую падзяку за мір, за нашу свабоду і незалежнасць. Усе разам жадалі Веры Рыгораўне доўгіх-доўгіх год жыцця, здароўя і яшчэ многа-многа вёсен сустракаць Дзень Перамогі.  Яны ўручылі ветэрану кветкі і падарункі, у тым ліку і ад гандлёвай сеткі "Еўраопт".

 

А музычныя падарункі для Веры Рыгораўны падрыхтавалі мастацкі кіраўнік народнага ансамбля беларускай песні “Медуніцы” Генадзь Паноў і артысты Шчучынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Песню "Дзень Перамогі" падхапілі і госці, і суседзі Веры Рыгораўны.  Дружным строем, вітаючы ветэрана, прайшлі выхаванцы праваслаўнага ваенна-патрыятычнага клуба "Дружына", якім кіруе маёр у адстаўцы Генадзь Шышкін.

 

 

– Я такая шчаслівая! – прызналася Вера Рыгораўна. – Сёння я сустракаю чарговы  Дзень Перамогі! Гэта так радасна і так кранальна. Такое віншаванне стала для мяне сапраўдным сюрпрызам. І так прыемна чуць сёння столькі прыгожых слоў, якія ідуць ад душы. А гэтыя гукі музыкі нібы вяртаюць мяне ў маладосць. Жадаю ўсім толькі мірнага неба і моцнага здароўя.

 

 

З такімі ж шчырымі віншаваннямі і шматлікімі пажаданнямі, з кветкамі і падарункамі накіраваліся госці і да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны Марыі Рыгораўны Клачковай і Веры Мікалаеўны Кузьміной. Вельмі паважаны ўзрост і стан здароўя, на жаль, не дазваляюць гэтым гераічным жанчынам любавацца на вуліцы квітнеючым маем. Таму гасцей яны прымалі дома.

 

 

– Ужо 97 гадкоў жыву на гэтым свеце, – расказала Марыя Рыгораўна. – Радуюся кожнаму дню і кожны год з асаблівым пачуццём сустракаю Дзень Перамогі.  

Са святам, вас, ветэраны! Жывіце доўга і будзьце здаровымі! Мы ўдзячны вам за ваш подзвіг!

 

Ганна РУДСКАЯ. 

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!