У год 75-годдзя трагедыі ў вёсцы Вялікае Сяло сіламі ААТ “Васілішкі” быў адноўлены помнік расстраляным бандытамі настаўнікаў Іосіфа і Соф’і Камінскіх

 

Мы працягваем наш сумесны з пракуратурай Шчучынскага раёна праект, у якім на старонках “Дзянніцы” аднаўляем рэальныя гісторыі людзей, што пацярпелі ад злачынных дзеянняў тэрарыстаў Арміі Краёвай падчас Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд.

 

Расследаванні крымінальных спраў мінулых гадоў працягваюцца і сёння, выяўляюцца новыя факты генацыду насельніцтва Беларусі і нашага рэгіёна ў прыватнасці. Дый нават вядомае раней не шкодзіць узняць з архіваў, каб у Год гістарычнай памяці нагадаць маладому пакаленню, якой цаной даліся сённяшні мірны дзень і стабільнасць у грамадстве.

 

Ніколі не павінны паўтарыцца трагедыі, што выклікала калісьці ідэалагічнае і палітычнае процістаянне паміж людзьмі: адны ўмацоўвалі савецкую ўладу, а другія за гэта забівалі, здзекаваліся, запалохвалі… За прадстаўленымі пракуратурай дакументамі і сухімі фактамі архіўных пратаколаў – абарваныя лёсы і няспраўджаныя надзеі маладых, закаханых, поўных жадання плённа працаваць і будаваць новае шчаслівае жыццё. Яны прыязджалі ў Заходнюю Беларусь уздымаць калгасы, вучыць і лячыць, а іх… забівалі.

 

Расстраляныя мары

 

Старажылы Вялікага Сяла ўзгадваюць, як пасля вайны ў іх вёсцы з’явіўся настаўнік з Віцебшчыны – вясёлы, прыгожы, таварыскі. Іосіф Камінскі нязменна насіў ваенны шынель і гімнасцёрку, відаць, давялося хлопцу прайсці нялёгкімі франтавымі дарогамі. Ён так марыў аб мірным жыцці: вучыць дзяцей, стварыць сям’ю, глыбока пусціць карані ў тутэйшых мясцінах…

 

Будынка школы ў Вялікім Сяле не было – урокі вялі па хатах. І тады Камінскі вырашыў будаваць: дабіваўся, каб перавезці пад школу дыхтоўны пустуючы дом з Тальмаўшчыны, гаспадар якога паехаў на жыхарства ў Польшчу.

 

Трэба сказаць, не работай адзінай жыў малады настаўнік. На адной з педагагічных канферэнцый у раёне ён пазнаёміўся з абаяльнай калегай. Соня выкладала ў Калечыцах. Таксама была камсамолкай, таксама прыехала на Шчучыншчыну з Усходняй Беларусі. Завязалася сяброўства, якое перарасло ў вялікае каханне. Аднак часы былі неспакойныя. Вось што калісьці расказвала каляжанка Соф’і Камінскай: “Не ўсе мясцовыя жыхары прымалі савецкую ўладу, многіх пужала слова “калгас”, людзі з недаверам адносіліся да прыезджых настаўнікаў… Не раз атрымлівалі запіскі з пагрозамі: ад нас патрабавалі з’ехаць. Здаралася, што мы прыходзілі ў школу, а парты вынесены на вуліцу, усё ўверх дном перавернута… Аднойчы добрыя людзі папярэдзілі, каб мы не начавалі дома. У тую ноч бандыты жорстка збілі 13 чалавек – камсамольцаў, сельсавецкіх актывістаў…”

 

Гэтыя ўспаміны Галіны Шакалавай былі змешчаны ў тым ліку і ў кнізе “Памяць. Шчучынскі раён”. А яшчэ прыяцелька Соф’і Камінскай узгадвае, як Соня закахалася ў свайго калегу з Вялікага Сяла і проста свяцілася ад пачуццяў, як напрыканцы лета 1947-га яны пабраліся з інтэлігентным і абаяльным Іосіфам. Хто ж ведаў тады, што такім кароткім будзе шчасце супружнай настаўніцкай пары?

 

З паказанняў сведкі Сабіны Седляр – жыхаркі вёскі Вялікае Сяло:

 

“Спачатку Іосіф Камінскі адзін кватараваў у нашай хаце, дзе мы, дзеці, жылі разам з мамай, а пазней засялілася і ягоная жонка Соф’я. Як потым расказвала мне мама, маладыя пражылі разам літаральна два тыдні!

 

Аднойчы сярод ночы мы пачулі звон разбітага шкла і крык Соні. Бандыты ўламіліся ў наш дом, дзе ўсе нават не паспелі ўскочыць з ложкаў. Абразіўшы маму брыдкімі словамі, яны накрылі ёй твар коўдрай і папярэдзілі: “Ляжы ціха, а то заб’ём цябе і тваіх дзяцей”. Гэтыя людзі ўвайшлі ў пакой да Камінскіх, пачуліся стрэлы. Калі забойцы пакінулі дом, мама хуценька вывела нас на вуліцу і да раніцы хавала за дальнім кустом бэзу.”
Восенню вучняў у Вялікім Сяле прыняла новая школа, якую будаваў Іосіф Камінскі і ў якой марыў сеяць разумнае, добрае, вечнае разам з любімай Соняй.

 

Падчас допыту ў 1949 годзе ўдзельнік банды Анатоля Радзівоніка (Олеха) Зыгмунд Аляхновіч, ён жа Гром, расказаў, што Камінскіх расстраляў у жніўні 1947 года Іосіф Малюкевіч па мянушцы Яшэмб і яшчэ адзін акавец.

 

Забойцы былі настолькі дробязнымі, што забралі ў настаўніка кішэнны гадзіннік. Гэта так – рэмарка…

 

Знішчалі цэлымі сем’ямі

 

Праз месяц тэрарысты забілі яшчэ аднаго маладога жыхара Вялікага Сяла. 22-гадовы Іван Арабчык дэмабілізаваўся ў 1947 годзе, таксама прайшоў франтавымі дарогамі, Перамогу сустрэў у Берліне. Усёй сваёй юначай душой ён падтрымліваў новую ўладу, што змагалася за справядлівасць і роўнасць людзей. Відаць, не ўсім гэта спадабалася. Падзеі развіваліся так: хлопца заманілі ў пастку – запрасілі на танцы ў Шчучын, а па дарозе… выстралілі. Абарвалася яшчэ адно жыццё.

 

Восенню 1948 года тая ж групоўка Грома расстраляла дырэктара Хадзілонскай школы Іосіфа Ількевіча і яшчэ аднаго прадстаўніка Савецкай улады. Яны на той момант знаходзіліся ў сельвыканкаме, а вось жанчына-сакратар успела ўцячы ад бандытаў праз акно.

 

 Зімой маштабная драма разыгралася ўжо ў вёсцы Куверкі (зараз гэта Старадворцы Шчучынскага раёна). У пратаколе допыту абвінавачванага Зігмунда Аляхновіча (Грома) запісаны прызнанні, як у другой палове снежня 1948 года ў вёсцы Куверкі баевікі Мазепа, Снапок, Куліс і Ігнат Лябецкі па мянушцы Дуб расправіліся з трыма сем’ямі вяскоўцаў, у выніку чаго было забіта ці то 10, ці то 12 чалавек. Бандыты нават не лічылі.
 Не пашкадавалі тады і прыезджага доктара з жонкай ды маленькай дачушкай, які вельмі многім дапамагаў, ратаваў ад хвароб, а вось сябе і родных не ўбярог ад бандыцкіх куль.

 

“Імя ўрача, на жаль, не памятаю. Але дакладна ведаю, што ён лячыў нашага тату. Увогуле людзі пра яго вельмі добра адгукаліся, – расказвала жыхарка Старадворцаў Генавефа Амшэй. – Бандыты тады са зброяй прыйшлі ў вёску. Дарослыя казалі, што сярод незнаёмцаў быў і мясцовы – жыхар з вёскі Калечыцы. Я, канешне, была тады малая, але памятаю, як доўга жудасныя падзеі пераказвалі і абмяркоўвалі мае бацькі, іншыя вяскоўцы. Хіба ж такое забудзецца?”

 

У 1949 годзе Зыгмунд Аляхновіч – Гром, ён жа ад’ютант Олеха, быў прыгавораны да 25 год пазбаўлення волі.

 

Валянцін НАВАДВОРСКІ.
Фота Аляксандра КАСПЕРЧУКА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!