З мястэчак і гарадоў Гродзеншчыны — беларускія княгіні, асветніцы і мастачкі

 

Можа здацца, што ў гісторыі Беларусі значна больш мужчынскіх імёнаў, чым жаночых. Аднак многія таленавітыя жанчыны не згаджаліся заставацца ў ценю мужчын і, дзякуючы любові да мастацтва і навук, самі станавіліся знакамітымі. Мы ўспомнілі адных з самых яркіх жанчын Гарадзенскай зямлі, якія, дзякуючы поспехам у літаратуры, жывапісе, тэатры, грамадскай і асветніцкай дзейнасці ўпісалі свае імёны ў беларускую гісторыю.

 

Соф’я Гальшанская і Гальшанскі замак. Аг. Гальшаны, Ашмянскі раён

Род Гальшанскіх заклаў першы драўляны замак у мястэчку Гальшаны, цяперашняга Ашмянскага раёна, яшчэ ў трынаццатым стагоддзі. За доблесць прадстаўнікі імя атрымалі свой герб і магчымасць пакідаць свае подпісы пад многімі важнымі дакументамі ВКЛ. У розныя часы Гальшанскія славіліся прыгажосцю сваіх жанчын, якія ў розны час былі замужам за магнатамі і вялікімі князямі літоўскімі. Так, знакамітая Соф’я Гальшанская ў маладым узросце стала жонкай вялікага князя Ягайлы. Нарадзіўшы яму сына, маладая князёўна паклала пачатак дынастыі Ягелонаў.

Вядома, што Соф’я была ініцыятарам першага перакладу Бібліі на польскую мову, якая праз час пачала насіць імя Бібліі каралевы Соф’і.

Бона Сфорца і Касцёл і манастыр Святога Духа. Гродна, вул. Савецкая, 14

Адна з самых вядомых жанчын, што мянялі і стваралі горад Гродна — каралева Бона Сфорца. Менавіта яна дала гораду водаправод, герб, правяла шматлікія рэформы. Яна прыўнесла сюды італьянскую манеру жыцця і відэльцы, клапацілася аб гадзінніку на ратушы і гарадской маставой. Жонка Жыгімонта Старога пабудавала для сябе драўляны палац на Гарадніцы і Касцёл Святога Духа з кляштарам, дзе клапаціліся пра жабракоў.

Існуе версія, што асоба аднаго са сфінксаў на браме Новага замка стварылі падобным на каралеву Бону.

Эліза Ажэшка і Дом-музей у Гродне (вул. Ажэшкі, 17)

Дом-музей Элізы Ажэшкі часта называюць «маленькай хаткай вялікай пісьменніцы». Тут таленавіты літаратар правяла большую частку свайго жыцця. У Гродне пісьменніца напісала лепшыя творы, у тым ліку культавы раман «Над Нёманам», тут жа яна вяла перапіску з Салтыковым-Шчадрыным і Львом Талстым. На жаль, аўтэнтычны будынак не захавалася, паколькі быў разбураны ў 1979 годзе. Цяперашні музей — дакладная копія дому пісьменніцы, перамешчаная некалькі ўглыб ад праезнай часткі.

Ларыса Геніюш і г. Зельва

Легендарная паэтка Ларыса Геніюш нарадзілася на Ваўкавышчыне ў маёнтку Жлобаўцы. Лічыцца адной з найлепшых беларускіх паэтак мінулага стагоддзя. Як і большасць творцаў-аднагодак, мела няпросты і нават трагічны лёс. Некаторыя старонкі яе біяграфіі перагукаюцца з гісторыямі сучасных беларусаў. Вершы паэткі дэманструюць нязломнасць духу і сталую веру ў лепшае ў людзях. Ларыса Геніюш доўгі час была вядомая як дзіцячая пісьменніца.

Сёння ў Зельве ёй стаіць помнік. 

Саламея Дэшнер і Тэатр лялек. Гродна, Дзяржынскага, 1/1

Саламея Дэшнер лічыцца жанчынай, якая стварыла Гродзенскі тэатр. У пачатку дзевятнаццатага стагоддзя яна чарговы раз прыехала ў Гродна. На той час актрыса мела багаты тэатральны вопыт. Яна выступала ў тэатрах Варшавы, Львова, Вільні. Але ў Гродна яна вырашыла паспрабаваць сябе ў якасці кіраўніка антрэпрыз, фактычна, арганізатара тэатральнага жыцця. Нягледзячы на ўсе перашкоды, яна — Саламея Дэшнер — стварыла адзін з самых знакамітых тэатральных калектываў на беларускіх землях, а таксама першы пастаянны тэатр у Гродне.

Гродзенскі абласны тэатр лялек — спадчыннік тэатра Тызенгаўза. Ён стаў развівацца і меў багаты рэпертуар, тут дэбютавалі многія вядомыя акцёры. Сярод якіх амаль семдзесят адсоткаў былі жанчыны.

Сястра Паўла і Брыгіцкі манастыр. Гродна, Карла Маркса, д. 27

Сястра Паўла лічыцца адной з самых вядомых гродзенскіх мастачак, сапраўднае імя якой Марыя Гажыч. Яе бацька з Ваўкавышчыны. Дзяўчына атрымлівала адукацыю ў Варшаве і Парыжы, удзельнічала ў выставах у Амерыцы. Пасля смерці мужа прыняла манаства. У Гродна яна прыехала ўжо манашкай-назарэцянкай і стала першай настаяцельніцай Брыгіцкага манастыра. Малявала Гажыч беларускіх сялян і сялянак у нацыянальных касцюмах.

Шэраг твораў маці Паўла напісала спецыяльна для гродзенскага касцёла, некалькі арыгінальных карцін цяпер захоўваецца ў манастыры, большасць вывезена. У апошні час яе карціны сталі з’яўляцца на аўкцыёнах. 


Алаіза Пашкевіч і г. Шчучын

Беларуская паэтка Алаіза Пашкевіч больш знакамітая як Цётка. Яна нарадзілася ў былым фальварку Пяшчын Шчучынскага раёна ў заможнай сялянскай сям’і. Алаіза Пашкевіч аднолькава вядомая і як грамадска-палітычны дзеяч, і як таленавітая паэтка. Пакуль яна займалася прапагандай і была адным з кіраўнікоў Беларускай Сацыялістычнай Грамады, удавалася знаходзіць час і для творчасці, асабліва для напісання вершаў. Цётка — адна з пачынальніц беларускай прозы. Яе апавяданні адлюстроўваюць настроі студэнцкай моладзі, гаротны лёс дзяцей, закатаваных нечалавечымі ўмовамі жыцця ў капіталістычным грамадстве.

Цётка працавала сястрой міласэрнасці, а ва ўзросце сарака гадоў ратуючы іншых ад тыфу, сама заразілася і памерла. У Шчучыне ўзведзены помнік Алаізе Пашкевіч.

 

ЗВЯЗДА

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!