Трагічны след Арміі Краёвай

 

Сёння мы распачынаем новы сумесны праект пракуратуры Шчучынского раёна и рэдакцыі газеты “Дзянніца”. Матэрыялы, прадастаўленыя нам пракурорам Аляксандрам Дзямідавым, – гэта вынік агромністай работы як нашых мясцовых спецыялістаў, так і Следчай групы Генеральнай пракуратуры па расследаванні крымінальных спраў па фактах генацыду насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд. Расследаванне працягваецца. Узнятыя з архіваў дакументы і сабраныя ўжо ў нашы дні факты, успаміны сваякоў ахвяр – гэта ўсяго частка здабытай інфармацыі аб злачынствах не толькі нямецка-фашысцкіх акупантаў, але і белапольскіх бандфарміраванняў, што нават пасля вызвалення Беларусі яшчэ вельмі доўга не давалі нашым землякам мірна жыць і аднаўляць народную гаспадарку.

 

Дакладна вядома пра 280 эпізодаў злачынстваў, учыненых Арміяй Краёвай на тэрыторыі Гродзеншчыны. Устаноўлены больш за 800 чалавек, што загінулі ад рук “белапалякаў”. Як сведчаць дакументы, істотна пацярпела пры гэтым насельніцтва Шчучыншчыны: паўсюль – ад орлеўскага краю да васілішкаўскага і першамайскага.

 

У цыкле публікацый, пабудаваных выключна на дакументальных фактах, мы пастараемся перадаць, што давялося перажыць нашаму шматпакутнаму народу, будуючы новае жыццё. Антысавецкая дзейнасць польскай Арміі Краёвай на тэрыторыі нашай рэспублікі як у гады Вялікай Айчыннай, так і ў пасляваенны перыяд – адна з самых неадназначных старонак гісторыі. Доўгі час яе імкнуліся “тактоўна” абысці, не жадаючы справакаваць міжнацыянальныя канфлікты. Але сёння, калі ў пэўных колах імкнуцца перапісаць гісторыю, апраўдваюць нацызм, гераізуюць ці то бандэраўцаў, ці то салдат Арміі Краёвай, мабыць, прыйшоў час нагадаць, чым на самой справе займаліся гэтыя фарміраванні на нашай тэрыторыі.

 

Абарваныя лёсы савецкіх актывістаў

 

Асабліва лютавала ў нашых мясцінах банда Анатоля Радзівоніка па мянушцы Олех. Па яго загадзе жорстка распраўляліся з тымі, хто падчас вайны падтрымліваў сувязь і дапамагаў савецкім партызанам. У пасляваенныя гады знішчалі цэлыя сем’і актывістаў, партыйна-савецкіх работнікаў, дэпутатаў, спецыялістаў, якіх прысылалі з усходніх рэгіёнаў краіны ўмацоўваць савецкую ўладу, вучыць дзяцей, лячыць хворых… Олех і яго прыспешнікі не давалі шанцаў на жыццё і тым, хто не прымаў іх прапанову ды не жадаў уступаць у банду або хацеў нарэшце “завязаць” і распачаць жыццё з чыстага ліста. Такіх не толькі вешалі на дрэвах, а бязлітасна распраўляліся з іх бацькамі, жонкамі, дзецьмі…

 

Дакладна даказана, што белапольскім бандфарміраваннем Анатоля Радзівоніка было ўчынена 15 тэрарыстычных актаў. “Лясныя салдаты” пазбавілі жыцця 54 чалавек, сярод якіх жанчыны і дзеці.

 

… Зіма 1948 года. У вёсцы Малятычы бандыцкім выстралам праз акно быў забіты намеснік старшыні Васілішкаўскага райвыканкама Міхаіл Міхалёў. Яму было ўсяго 27 гадоў! Чалавек прайшоў вайну, а загінуў ад бандыцкай кулі ў, здавалася б, мірны час. Падчас акупацыі М.В. Міхалёў адважна змагаўся з фашыстамі, быў камісарам партызанскага атрада імя Катоўскага, а пасля вызвалення Беларусі маладога патрыёта назначылі на адказную пасаду намесніка старшыні райвыканкама. Менавіта “акаўцы”, па ўспамінах мясцовых жыхароў, расправіліся з дзяржслужачым.

 

З копіі пратакола допыту Зігмунда Аляхновіча (псеўданім – Гром) даведваемся, што ў лютым 1948 года “акавец” па мянушцы Сасна і рэзервіст АК Леў, будучы ў Малятычах, праз акно выстралілі ў намесніка старшыні Васілішкаўскага райвыканкама Міхалёва, потым забралі ягоны пісталет і дакументы. Праз пэўны час перадалі ўсё гэта Олеху.

 

Міхаіл Васільевіч пахаваны на могілках у г.п. Астрына. Звесткі аб ім занесены ў кнігу “Памяць” і летапіс пасёлка. Іменем Міхалёва названа адна з вуліц Астрыны.

 

Незайздросны лёс з-за дзеянняў тэрарыстаў Арміі Краёвай чакаў і старшыняў Бакштаўскага сельскага Савета. У 1944-м бандыты забілі і спалілі Вацлава Казіміравіча Богдана, а літаральна праз чатыры гады – чарговая трагедыя: бандыты расправіліся ўжо з яго паслядоўнікам П.М. Маркевічам. Пятра Мікалаевіча расстралялі, калі ён вяртаўся дамоў праз лес пасля праведзенага сельскага сходу ў вёсцы Клешнякі.
У розны час пасля вайны бандыты пазбавілі жыцця інструктара Васілішкаўскага райкама партыі І.А. Грэцкага, старшыню Баліцкага сельсавета І.І. Яцкевіча, дэпутатаў: з вёскі Балічы – К.П. Піліпчыка, з вёскі Занявіша – І.І. Комара, з Падберштаў – А.П. Вараб’я, дэпутата Каменскага сельскага Савета А.І. Карпейчыка... На вялікі жаль, гэты драматычны спіс можна яшчэ доўга працягваць.

 

Па ўспамінах родных, калі ўзброеныя бандыты ў 1946-м уварваліся ноччу ў дом да бакштаўскага загадчыка сепаратарнага аддзялення С.І. Тарасевіча і наставілі на яго ствол, то смяротны прыгавор гучаў так: “Ну хопіць ужо служыць савецкай уладзе!” Затым раздаўся выстрал. А гэты мірны чалавек пры жыцці проста прымаў у сялян малако. Вось і ўся служба…

 

Колькі нявінных жыццяў забраў “белы тэрор”! Бадай, гэта яшчэ больш страшна і жудасна, чым злачынствы нямецка-фашысцкіх захопнікаў, бо там вораг – відавочны. А тут расправу чынілі, лічы, свае – іншы раз людзі з ліку мясцовых. Як кажуць, брат на брата… Але якімі б шыфраванымі прозвішчамі не карысталіся ўдзельнікі бандаў, якімі б вопраткамі і маскамі не канспіраваліся, бандфарміраванні на тэрыторыі Шчучыншчыны да канца 50-х былі ліквідаваны. Бандытам прыйшлося трымаць адказ па ўсёй строгасці закона і несці заслужанае пакаранне.

 

(Працяг будзе)

Валянцін Навадворскі.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!