Эксклюзіў Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея

 

У Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі адкрылі новую экспазіцыю з эксклюзіўными матэрыяламі з фондавых калекцый, а таксама данымі пракуратуры Гродзенскай вобласці, прысвечаную генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

 

У асобнай зале Новага замка сабраныя музейныя артэфакты і арыгінальныя дакументы, прадметы, знойдзеныя падчас апошніх раскопак. Цэнтральнай кропкай экспанавання стаў сучасны інтэрактыўны стол, запоўнены інфармацыяй з архіўных крымінальных спраў, арыгінальнымі фатаграфіямі, відэасведчаннямі відавочцаў трагедыі і многім іншым. У базе таксама прадстаўлена адмысловая інтэрактыўная карта, на якой размешчаны каля чатырох сотняў аб’ектаў — гета, турмаў, лагераў, канцлагераў, спаленых вёсак. Цікава, што наведвальнікі музея могуць самастойна, без экскурсаводаў, праглядзець менавіта тое, што цікавіць асабіста іх.

— Наш музей у супрацоўніцтве з пракуратурай Гродзенскай вобласці правёў вялікую працу, каб стварыць дадзеную экспазіцыю. Яна абапіраецца на матэрыялы нашай ўстановы, а таксама даныя, сабраныя за апошні час наглядным ведамствам, — растлумачыў Андрэй Вашкевіч, загадчык аддзела найноўшай гісторыі Гарадзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея. — У прыватнасці тут выстаўленыя рэчы, якія летась раскапалі супрацоўнікі пракуратуры і Следчага камітэта на месцы расстрэлу фашыстамі мірнага насельніцтва мястэчка Наваельня Дзятлаўскага раёна. Вынікі знаходак перадалі ў музей. На вітрынах выкладзеныя асабістыя рэчы, абутак, кавалкі вапны, якой фашысты перасыпалі целы, каб тыя хутчэй гнілі, а таксама кулі, якімі стралялі ў гэтых людзей.

Ідэя аб стварэнні асобнай залы, прысвечанай генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, а таксама асабліва — акупацыі Гарадзеншчыны, з’явілася яшчэ ў мінулым годзе. Пазней было вырашана развіць і дапоўніць ужо наяўную ў асноўных памяшканнях экспазіцыю музея. Актуальным рашэннем стала стварэнне інтэрактыўнага стала, аб якім хацелася б расказаць асобна.
Справа ў тым, што на яго стварэнне сышло два месяцы карпатлівай працы. Тут прадстаўлена велізарная колькасць інфармацыі самай рознай накіраванасці — сучаснай прававой, а таксама па асобных катэгорыях, якія асвятляюць ўсе аспекты фашысцкіх рэпрэсій на нашых тэрыторыях. Як згадвалася вышэй, асноўныя дадзеныя прадставілі з пракуратуры і фондаў музея, куды ўваходзяць матэрыялы з экспедыцый супрацоўнікаў установы.

Дзівіць мноства архіўных фатаграфій — віды разбуранага падчас вайны Гродна, а таксама яго ваколіц, кадры з ваеннапалоннымі. Прадстаўлены жудасныя архіўныя здымкі спаленай вёскі Княжаводцы Мастоўскага раёна, дзе да вайны было 260 двароў і 1020 жыхароў. Ля падножжа скульптуры «Журботная маці», усталяванай у 60-я гады мінулага стагоддзя на месцы трагедыі, было напісана, што тут пахавана 600 мясцовых жыхароў, забітых нямецка-фашысцкімі акупантамі. Яшчэ 300 целаў спачываюць у іншай брацкай магіле. Па апошніх даных, дакладная колькасць ахвяр — 970. На серыі здымкаў, прадстаўленых у музеі, амаль паслядоўна можна ўбачыць, якім чынам нямецкія вайскоўцы праводзілі знішчэнне вёскі — зганялася скаціна з усіх дамоў, збіраўся каштоўны інвентар, пасля гэтага зводзілі разам усіх людзей альбо ў хлеў, альбо ў дом, а затым выводзілі ў загадзя прыгатаваную яму, дзе мірных жыхароў расстрэльвалі. Хаты — спальвалі. Усё гэта здарылася летам 1943 года. Дарэчы, пра сумную долю жыхароў вёскі Княжаводцы апавядаецца ў вядомай кнізе Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка «Я з вогненнай вёскі...».

У сістэму таксама загружаны інтэрв’ю відавочцаў злачынстваў, сабраных супрацоўнікамі пракуратуры. Іх можна праглядзець непасрэдна не адыходзячы ад вітрыны. Удакладняецца, што гэты інфармацыйны кіёск можа дапрацоўвацца і пераафармляцца.

 

ЗВЯЗДА

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!