У ААТ “Шчучынаграпрадукт” убралі 43% хлебнай нівы

 

На полі ля вёскі Жадэйкі, якое належыць ААТ “Шчучынаграпрадукт”, сем зернеўборачных камбайнаў, нібы магутныя караблі, рассякалі залатое мора, пакідаючы пасля сябе свежаабмалочаныя палосы хлебнай нівы. Адным з гэтых жалезных волатаў кіраваў камбайнер ААТ “Шчучынаграпрадукт” Анатолій Бакун, якога прыехалі павіншаваць з тысячным намалотам і ўручыць заслужаныя ўзнагароды першы намеснік старшыні – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Анатолій Тодрык і прафсаюзны лідар аграрыяў раёна Генрых Юрэвіч.

 

 

– Уборачная кампанія праходзіць без збояў, – гаворыць перадавы механізатар Анатолій Бакун. – Безумоўна, талакою працаваць зручней і хутчэй. Так і абмалочваем поле за полем. За працоўную змену ўбіраем каля 200 гектараў хлебнай нівы. Асабіста я за дзень намалочваю больш за 60 тон зерня. Работа ў полі не сціхае амаль да поўначы, і толькі захад сонца і ўзнікненне расы спыняюць працэс. Раніцай, як толькі каласы прасыхаюць, мы ўжо “у сядле”.

 

На адвозцы сабранага ўраджаю ў гаспадарцы задзейнічана 20 адзінак тэхнікі – гэта трактары з прычэпамі і грузавікі. Яны аператыўна дастаўляюць залаты груз на зернесушыльныя комплексы. Сярод тых, хто амаль увесь светлавы дзень праводзіць у дарозе, трактарыст Аляксандр Унукевіч.

 

 

 

– У залежнасці ад аддаленасці палёў раблю да 10 рэйсаў у дзень, накручваю да 80 кіламетраў, – дзеліцца Аляксандр Унукевіч. – На трактары МТЗ-82 з прычэпам перавожу зараз 7-8 тон зерня. Яго абавязкова накрываю тэнтам, каб не дапусціць страт.

 

Як толькі зерне праходзіць узважванне на прахадной зернесушыльнага комплексу, яго высыпаюць на спецыяльна адведзеную пляцоўку, прычым не дапускаюць змешвання розных культур. Там жа замяраюць утрыманне вільгаці.

 

 

– Звычайна гэты паказчык складае 16-17%, аднак праз паўтары гадзіны прасушвання ён зніжаецца да 14, – зазначае загадчыца зернесушыльнага комплексу ў вёсцы Янчукі Святлана Хартановіч. – Сушылка працуе без перапынку і за суткі дапрацоўвае 240 тон зерня. Пасля ўраджай перавозіцца на склад для надзейнага захоўвання. Ля залатых буртоў дзяжураць работнікі, якія ў выпадку дажджу накрываюць іх тэнтамі. А між тым груз няспынна прыбывае амаль да апоўначы.

Усяго хлебаробам ААТ “Шчучынаграпрадукт” сёлета неабходна ўбраць 3673 гектары зерневых і зернебабовых культур, з якіх 43% ужо абмалочаны. З такімі тэмпамі яны закончаць жніво да 10 жніўня.

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!