З клопатам і ўвагай

У гэтыя перадсвяточныя дні старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Станіславаўна Хвядзюк, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Васільеўна Ганчарук і старшыня раённага савета ветэранаў Эдмунд Станіслававіч Дзікевіч наведалі ветэранаў, каб павіншаваць салдат Перамогі з надыходзячым 9 Мая і ўручыць кветкі і падарункі. Гэту ініцыятыву з задавальненнем падтрымалі дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Святлана Уладзіміраўна Шанчук і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Юрый Тадэвушавіч Пашук.
Былы франтавы разведчык Мікалай Мікалаевіч Юр’еў, які сёлета адзначыў свой 95-гадовы юбілей, сустрэў гасцей у святочным настроі.
– Дзякуючы вашай гераічнай стойкасці і мужнасці сёння мы жывём пад мірным небам у незалежнай краіне, – зазначыла Г.С. Хвядзюк. – Вы падарылі нам свабоду, магчымасць спакойна працаваць і выхоўваць дзяцей. Маладое пакаленне шчучынцаў ніколі гэтага не забудзе! Жадаем моцнага здароўя, бадзёрасці і аптымізму!
М.М. Юр’еў быў вельмі расчулены цёплымі словамі, пачутымі ў свой адрас. На імгненне ён нібы вярнуўся ў вогненныя саракавыя, калі не раз давялося заглянуць смерці ў вочы.
– У пошуках свежай інфармацыі мы, франтавыя разведчыкі, часта пранікалі ў тыл да фашыстаў, – успамінае Мікалай Мікалаевіч. – Гэта было вельмі небяспечна. Здаралася, траплялі ў засады, і тады завязваўся жорсткі бой. На жаль, у сутычках з гітлераўцамі гінулі мае сябры-аднапалчане. Я і сам быў тройчы паранены і адзін раз кантужаны, але Бог збярог ад смерці. Вельмі важна, каб вы, маладое пакаленне шчучынцаў, памяталі, якой дарагой цаной нам далася Перамога, і захоўвалі мір на беларускай зямлі!
Вучні СШ №3 г. Шчучына, якія таксама прыйшлі павіншаваць М.М. Юр’ева са святам 9 Мая, паабяцалі былому франтавіку адстойваць незалежнасць роднай Беларусі і плённа працаваць на карысць грамадства.

У той дзень шматлікіх гасцей сустракалі таксама ветэраны Алена Парфёнаўна Сямёнава, Таццяна Сяргееўна Осіпава, Вера Рыгораўна Маслава і Кацярына Аляксандраўна Сямёнава. Памяць і клопат нашчадкаў сталі для іх найлепшым падарункам.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!