Ураджай будзе добрым. У ААТ “Шчучынаграпрадукт” актыўна ідзе ўборка азімага рапсу

 

На палях нашага раёна ўборка ўраджаю ідзе поўным ходам не зважаючы нават на не самыя лёгкія ўмовы надвор’я. Зараз павышаная ўвага надаецца азімаму рапсу, яго збіраюць з палёў у ААТ “Шчучынаграпрадукт”. Мясцовыя аграрыі лічаць што сёлетні ўраджай гэтай культуры будзе большым за вынік мінулага года.

 

 

Сярод перадавікоў уборкі ў ААТ “Шчучынаграпрадукт” выдзяляецца механізатар Станіслаў Кахновіч. Гэтымі днямі ён шчыруе на полі каля вёскі Шніпкі. Камбайну Lexion, на якім працуе Станіслаў ужо споўнілася 17 гадоў. Увесь гэты час машына не толькі верай і праўдай служыць свайму кіроўцу, але і дазваляе дасягаць высокіх вынікаў. Як адзначаюць у ААТ “Шчучынаграпрадукт”, Станіслаў Кахновіч штогод становіцца лідарам гаспадаркі на ўборцы, з’яўляецца шматразовым прызёрам раённых і нават рэспубліканскіх дажынак.

 

 

– У гаспадарцы працую з пачатку 90-х гадоў, – дзеліцца Станіслаў Кахновіч. – Як вярнуўся з войска, да гэтага часу тут і не пра што не шкадую. Мне падабаецца працаваць на зямлі, інакш з года ў год не займаўся б гэтым. Вядома надвор’е зараз гарачае, спёка стаіць, але праца ёсць праца і ўраджай будзе сабраны пры любым раскладзе.

 

Пад азімы рапс у гаспадарцы адведзена 650 гектараў. 350 з іх – гібрыды. На сёння ўраджайнасць культуры складае 34 цэнтнеры з гектара, летась было да 30.

 

– Пакуль рана загадваць, што будзе далей, бо ўбрана толькі каля 35% плошчаў адведзеных пад азімы рапс, таму работы яшчэ многа, – адзначае галоўны аграном ААТ “Шчучынаграпрадукт”. – Сёлета культура добра перазімавала, усё склалася максімальна спрыяльна для нас. Своечасова ўнеслі ўгнаенні восенню, зрабілі падкормкі, хімпраполкі, апрацавалі ад хваробаў. Яшчэ летась мы добра ўклаліся ў неабходныя тэрміны пасяўной. Таму чакаем у гэтым годзе якасна лепшы ўраджай рапсу. Усяго ў гаспадарцы на ўборцы азімага рапсу зараз працуюць два звяна з пяці камбайнаў.

 

Ранняя вясна ўнесла карэктывы ў работу аграрыяў Шчучыншчыны: уборка сёлета таксама ранняя. Так, у ААТ “Шчучынаграпрадукт” пачалі ўборку раней на два тыдні чым у мінулым годзе. Як адзначае Дзяніс Кароль, ранняя ўборка дазваляе своечасова сабраць ураджай і падрыхтавацца да сяўбы. Таму ў цэлым можна сказаць, што надвор’е спрыяе хлебаробам.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!