Творчы калектыў педагогаў Галавічпольскага дзіцячага сада-сярэдняй школы зноў заняў самую высокую прыступку п’едэстала ў раённым спаборніцтве

На сённяшні дзень у гэтай установе адукацыі займаюцца 134 школьнікі і 42 выхаванцы дзіцячага садка. Навучанне дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця адбываецца ў дзевяці спецыяльных класах і дзвюх спецыяльных дашкольных групах. Таксама арганізавана навучанне на даму як школьнікаў, так і дашкольнікаў. Педагогі стараюцца даць сваім вучням самыя глыбокія веды, навучыць іх вучыцца, быць добразычлівымі, крэатыўнымі і паспяховымі.
– У мінулым годзе нашы рабяты атрымалі каля пяцідзесяці раённых узнагарод у самых розных конкурсах, – расказвае дырэктар Галавічпольскага дз/с-СШ Жанна Адамаўна Пашук. – Ёсць у нас таксама дыпломы абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Напрыклад, дыплом ІІІ ступені мы заваявалі ў рэспубліканскім конкурсе творчых работ “Візітка БелАЭС”. Паспяхова выступіла на абласным конкурсе даследчых работ “Тапаніміка роднага краю” Ангеліна Васюк і была ўзнагароджана дыпломам ІІ ступені. А вось Алёна Гук і Кацярына Гайдук прымалі ўдзел у абласным конкурсе на лепшую рукапісную кнігу “Вялікая Перамога: спадчына і спадчыннікі” і занялі трэцяе месца. Яшчэ дзве ўзнагароды прынесла нам абласная краязнаўча-практычная канферэнцыя вучняў “Край Гарадзенскі”, у якой Наталля Каспер і Кацярына Янкевіч былі адзначаны дыпломамі ІІІ і ІІ ступеняў адпаведна. 


Прыемна, што не адстаюць ад вучняў і педагогі. Першае месца ў раёне і трэцяе ў вобласці заняла ў мінулым годзе педагог-арганізатар Лілія Віктараўна Вінча, якая ўдзельнічала ў конкурсе “Суперважаты 2017”, прысвечаным 95-годдзю піянерскага руху. Дастойна прадставілі сваю ўстанову адукацыі на раённым этапе конкурсу “Настаўнік года” педагогі Святлана Леанідаўна Антухевіч і Вераніка Валянцінаўна Карабай. 
Школьнае жыццё насычана цікавымі разнастайнымі падзеямі. З задавальненнем наведваюць рабяты пасяджэнні інтэлектуальнага клуба, якім кіруе настаўніца беларускай мовы і літаратуры Я.С. Астап. Добра ведаюць жыхары Галавічполя ды і навакольных вёсак хлопчыкаў і дзяўчынак з цімураўска-валанцёрскага атрада “Добрае сэрца”, які дзейнічае ў рамках праекта “Агенцтва добрых сэрцаў” пад кіраўніцтвам Л.В. Вінча. Рабяты-валанцёры прыносяць многа радасці і дапамагаюць дзецям-інвалідам, ветэранам працы, сталым людзям, выхаванцам СПЦ, дзецям дашкольнага ўзросту.


Асабліва шануюцца ў Галавічпольскім дз/с-СШ нацыянальна-культурныя традыцыі беларускага народа, а таксама Шчучынскай зямлі. У гісторыка-краязнаўчым музеі, захавальніцай якога з’яўляецца А.У. Маркевіч, налічваецца больш за 360 экспанатаў, працуюць пяць экспазіцый. 
У калектыва школы наладжана цеснае супрацоўніцтва з Васілішкаўскай дзіцячай школай мастацтваў, Шчучынскім палацам творчасці дзяцей і моладзі, Шчучынскім раённым цэнтрам турызму і краязнаўства. Педагогі гэтых устаноў дадатковай адукацыі праводзяць на базе сада-школы заняткі чатырох гурткоў, вучаць юных музыкантаў іграць на акардэоне і баяне.
– Самую сур’ёзную ўвагу мы надаем захаванню здароўя нашых дзяцей, – гаворыць Жанна Адамаўна. – Для іх арганізавана якаснае збалансаванае харчаванне. Усе вучні, у якіх няма медыцынскіх супрацьпаказанняў, могуць навучыцца плаванню ў басейне Васілішкаўскай СШ.
Як сцвярджае Жанна Адамаўна, поспех калектыву заключаецца ў тым, што працуюць тут аднадумцы, на якіх можна разлічваць у любой сітуацыі. А першыя яе надзейныя памочнікі – намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ганна Францішкаўна Сяргей і намеснік па выхаваўчай рабоце Вольга Аляксандраўна Ісаева. 
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!