Танцы з гісторыяй. Даведаліся пра мінуўшчыну і сучаснасць шчучынскіх бальных традыцый

 

Гэтымі днямі ў Шчучыне актыўна рыхтуюцца да, без перабольшвання, самага вытанчанага і арыстакратычнага мерапрыемства – традыцыйнага балю ў палацы Друцкіх-Любецкіх. Танцаваныя рэпетыцыі, распрацоўка сцэнарыя і падрыхтоўка касцюмаў ідуць поўным ходам. Таму мы вырашылі акунуцца ў гэтую перадсвяточную атмасферу і даведацца пра гісторыю і сучаснасць шчучынскага балю.

 

Традыцыя праводзіць баль у Шчучыне бярэ пачатак у 2016 годзе, калі пасля рэстаўрацыі адбылося ўрачыстае адкрыццё палаца Друцкіх-Любецкіх. Увядзенне гэтай традыцыі непасрэдна звязана са знакамітым родам уладальнікаў шчучынскага маёнтка.

 

Князі Друцкія-Любецкія былі даволі свецкімі людзьмі і адпаведна любілі танчыць. Яны наведвалі самыя шыкоўныя балі ў Гродне, Піцеры і Варшаве. Таму на першы погляд здаецца дзіўным той факт, што ў шчучынскім палацы ў той час іх не праводзілі. Аднак калі паглыбіцца ў гісторыю, то адразу ўсё становіцца зразумелым. Хоць будаўніцтва цяперашняга палаца Друцкіх-Любецкіх пачалося напрыканцы 19 стагоддзя, працы зацягнуліся і былі завершаны толькі ў 20-я гады мінулага стагоддзя. Такім чынам, шыкоўны неакласіцыстычны палац у Шчучыне банальна не заспеў старасвецкую бальную эпоху.

 

 

Таму вельмі добра, што ў памяць аб былых гаспадарах і з павагі да традыцый 19 стагоддзя ў палац удыхнулі новае жыццё. Сёння з упэўненасцю можна казаць аб тым, што традыцыйны баль з’яўляецца культурным кодам нашага раёна.

 

Праграма шчучынскага балю штогод базуецца на традыцыйных танцах 19 стагоддзя. Падчас мерапрыемства ладзяцца тэатральныя і музычныя салоны з гульнявымі элементамі. Таксама кожны год мяняецца тэматыка балю, аднак яна заўсёды адаптуецца пад гістарычныя нормы былых часоў.
Разынкай шчучынскага балю можна лічыць касцюмы, якія шыюцца спецыяльна для гэтага мерапрыемства. Падрабязней пра іх нам расказала кіраўнік узорнай студыі “Гармонія” Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі Алена Чашчэвік:

 

– Першапачаткова перад нашай студыяй стаяла задача зрабіць касцюм княгіні і фрак князя. Аднак хутка шчучынскі баль перарос у традыцыю, спатрэбілася адзенне і для іншых удзельнікаў. Таму намі ўжо было выраблена каля дзясятка касцюмаў па эскізах 19 стагоддзя. Для стварэння касцюмаў мы шукалі інфармацыю ў інтэрнэце, шмат эскізаў знайшлі ў гістарычнай літаратуры, асабліва дапамаглі кнігі пра моду і жыццё таго часу. Нашы касцюмы не з’яўляюцца копіямі, мы робім іх арыгінальнымі, захоўваючы пры гэтым асаблівасці эпохі. Так, у жаночых сукенак таго часу часта прысутнічалі рэльефныя лініі, дзякуючы ім фігура здавалася вышэйшай. Таксама вельмі важна прытрымлівацца каляровай гамы і аўтэнтычных матэрыялаў. Напрыклад, мы працуем з такімі тканінамі, як фацін, атлас і аксаміт.

 

 

Пра новаўвядзенні гэтага года мы пагутарылі з адным з арганізатараў мерапрыемства – намеснікам начальніка аддзела адукацыі Шчучынскага райвыканкама Жаннай Мецько.

 

Падрабязней чытайце ў №9 ад 4 лютага 2023 года.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!