Тонкія струны "Пяшчоты душы". У Шчучынскім РЦКіНТ адбылася прэзентацыя новага песеннага зборніка Генадзія Панова “Пяшчота душы”

 

Імя Генадзія Панова добра вядома на Шчучыншчыне. Музыка, кампазітар і педагог, ён стаў сведкам і непасрэдным удзельнікам вялікага шэрага культурных падзей, якія памножылі і працягваюць узбагачаць культурную ніву нашага раёна. Нядаўна Генадзій Аляксеевіч сабраў сяброў, знаёмых, аматараў сваёй творчасці ў раённым цэнты культуры. Нагодай сустрэцца стала прэзентацыя трэцяга песеннага альбома “Пяшчота душы”. Сімвалічна, што прэзентацыя адбылася напярэдадні 75-гадовага юбілею Генадзія Панова.

 

 

Цёплыя сонечныя промні на пару з нотамі чароўнай музыкі напаўнялі залу, у якой праходзіла прэзентацыя. Сустрэча старых знаёмых – гэта заўсёды прыемныя ўспаміны аб слаўным мінулым. Падчас размовы з гасцямі мерапрыемства Генадзій Аляксеевіч распавёў пра свае творчыя інтарэсы і ўзгадаў, як спрабаваў сябе ў ролі кампазітара:

 

– Пісаць песні я пачаў па парадзе Таццяны Ганчарук, якая была на той час загадчыкам аддзела культуры. Хоць ніколі не збіраўся, нават не думаў пра гэта. Калі якія-небудзь добрыя вершы спадабаюцца, крануць душу, то мне хочацца пакласці іх на музыку. Я люблю добрую паэзію, асабліва мілагучнае беларускае маўленне і таму большую частку твораў пішу на беларускай мове.

 

 

Падчас сустрэчы ўзгадалі таксама вехі ўтварэння і станаўлення знакамітага шчучынскага народнага ансамбля беларускай песні “Медуніцы”, нязменным кіраўніком якога трыццаць год быў менавіта Генадзій Паноў. Пагутарылі пра народны хор польскай песні “Промень”, які таксама ў свой час узначальваў Генадзій Аляксеевіч. Гэтыя і многія іншыя культурныя скарбы Шчучыншчыны, да якіх дакрануўся юбіляр, і па сённяшні дзень узбагачаюць духоўную спадчыну нашага краю.

 

 

Аднак галоўнай часткай праграмы стала ўсё ж музыка. Творы, якія ўвайшлі ў новы зборнік “Пяшчота душы”, сапраўды могуць напоўніць пяшчотай душу слухача. Надзвычай лагодна гучалі музычныя кампазіцыі ў выкананні аўтара. Жывая музыка баяна гарманічна спалучалася з галасамі маладой плеяды шчучынскіх культработнікаў і вучняў Генадзія Панова.

 

 

Асаблівай увагі вартыя зместы твораў, што ўвайшлі ў зборнік. Падчас прэзентацыі госці мерапрыемства мелі магчымасць слухаць музыку, пакладзеную як на вершы класікаў беларускай літаратуры, так і мясцовых шчучынскіх паэтаў. Гэтая паэзія вучыць адчуваць прыгажосць, прымушае слухача па-новаму паглядзець на свет і спазнаць непадробныя пачуцці. Як прызнанне ў любові роднай зямлі – у зборніку прысутнічае досыць шмат народных матываў.

 

 

Апладысменты, падарункі і віншаванні, адрасаваныя юбіляру, ліліся ракой. У сваю чаргу Генадзій Аляксеевіч не пакінуў прысутных без прэзентаў, падараваўшы гасцям мерапрыемства свой новы зборнік.

 

 

На развітанне госці мерапрыемства адзначылі, што з нецярпеннем будуць чакаць і чацвёрты зборнік аўтара.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!