У Шчучынскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці адбылося значнае мерапрыемства – пацвярджэнне ганаровых званняў «народны» і «узорны» для творчых калектываў Шчучынскага раёна

 

У Шчучынскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці адбылося значнае мерапрыемства – пацвярджэнне ганаровых званняў «народны» і «узорны» для творчых калектываў Шчучынскага раёна. На сцэне сабраліся аматарскія калектывы, якія на працягу многіх гадоў нястомна захоўваюць і развіваюць культурную спадчыну рэгіёна, укладаючы душу ў кожную ноту, кожны рух і кожнае слова.

 

Экспертная камісія ў складзе прадстаўнікоў Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці пад кіраўніцтвам дырэктара Кацярыны Хілімончык уважліва ацэньвала выступленні. Удзельнікі мерапрыемства, гэта 13 калектываў, прадставілі разнастайную і багатую праграму, уключаючы музычныя нумары, танцы і тэатральныя пастаноўкі.

 

 

Праграму адкрыў народны аркестр народных інструментаў Шчучынскай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Таццяны Пагурак і дырыжора Марыны Налівайка. Аркестр напоўніў залу жывымі мелодыямі, якія нагадваюць пра карані і спадчыну. Бліскучае выкананне кампазіцый «Край бярозавы»,  «Вяртанне да спадчыны», «Калыханка для анёла» з урыўка фільма «Спіс Шындлера»  і іншых зачаравалі гледачоў, паказаўшы, што традыцыі класічнай і народнай музыкі жывыя і перадаюцца новаму пакаленню.

 

 

Ад інструментальнай музыкі перайшлі да дэманстрацыі вакальнага майстэрства і песень. Свае праграмы прадставілі некалькі народных ансамбляў: ансамбль песні «Васільковая раніца» з Васілішкаўскага цэнтра культуры, вакальны ансамбль «Преображение», ансамбль песні «Прамень», ансамбль беларускай песні «Медуніцы»  Шчучынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, вакальны ансамбль «Рапсодия» настаўнікаў Шчучынскай дзіцячай школы мастацтваў і ансамбль песні «Сябрына» Жалудоцкага Дома культуры. Усе выступленні зачаравалі шчырасцю і цёплай энергетыкай, стварыўшы яскравы і незабыўны песенны каларыт.

 

 

Асаблівую фальклорную струну ў гэтую сімфонію таленту ўнеслі калектывы, захавальнікі народных традыцый. Узорны фальклорны калектыў «Скарбоначка» з Дэмбраўскага сельскага Дома фальклора пад кіраўніцтвам Алены Аліхвер прадэманстраваў беларускія танцы, сярод якіх і «Дэмбраўская кадрыля», што мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі. А фальклорны гурт «Вяргіня» з Ракавіцкага Дома культуры пад кіраўніцтвам Жанны Рыбак даказаў, што маладосць душы не залежыць ад узросту, а жыццё без песні –  сапраўды не жыццё.

 

 

Не абышлося і без тэатральнага мастацтва. Маленькія акцёры ўзорнага аматарскага калектыву «Шаг в небо» Навадворскага Дома культуры пад кіраўніцтвам Веранікі Скорб паказалі міні-спектакль "Дети войны. Голоса прошлого". Узорная тэатральная студыя «Обыкновенное чудо» таксама прадэманстравала высокае майстэрства. Затым у Астрынскім Доме культуры і тэатральнай творчасці народны паэтычны тэатр «Волат» прадставіў тэатралізаваную пастаноўку “Пакроўскі вясельнік”, а народны драматычны тэатр паказаў урывак  з камедыі А.П.Ксеніч “Панаехалі тут”.  Рэжысёр пастаноўкі – Аксана Атарык. Сапраўдная магія тэатра аб’яднала ўсіх прысутных, ствараючы непаўторную атмасферу.

 

 

Выступленні ўсіх калектываў прайшлі яскрава, энэргічна і захапляльна. Члены экспертнай камісіі адзначылі высокі ўзровень падрыхтоўкі, прафесіяналізм і глыбокую адданасць народнай творчасці. Усе калектывы без выключэння пацвердзілі свае ганаровыя званні. А для ўсіх, хто прысутнічаў у зале, стала зразумелым адно: у Шчучынскім раёне сапраўды жывуць таленавітыя людзі.

 

 

Надзея БОГДАН.

Фота аўтара.

 

#НАША ЛЕПШАЕ #НАШЕ ЛУЧШЕЕ

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!