Сёння, у Дзень Канстытуцыі, у сярэдняй школе № 2 г. Шчучына адбылося адкрыццё першай экспазіцыі школьнага музея "Сімволіка Гродзенскай вобласці"

Раздзяліць радасць урачыстага моманту са школьнікамі і педагогамі прыйшлі намеснік начальніка Шчучынскага РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Павел Кузняцоў, начальнік аператыўна-дзяжурнай службы раённага аддзела ўнутраных спраў Павел Найда, намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Жанна Мецько і першы сакратар РК ГА "БРСМ" Віталія Селівончык.

 

Сярэдняя школа № 2 г. Шчучына – школа прававой культуры. Таму не выпадкова ўзнікла ідэя стварыць такі музей менавіта ў гэтай установе адукацыі.  І першым экспанатам музея стала Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. У музеі прадстаўлены і галоўныя сімвалы нашай суверэннай краіны – Сцяг, Герб і Гімн Рэспублікі Беларусь.

 

20 верасня 1944 года Указам Вярхоўнага Савета СССР была ўтворана Гродзенская вобласць з цэнтрам у г. Гродна. А 14 чэрвеня 2007 года Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь гербу і сцягу Гродзенскай вобласці прысвоены афіцыйны статус. У музеі сярэдняй школы № 2 г. Шчучына прадстаўлены 27 сцягаў населеных пунктаў Гродзеншчыны. Пра гісторыю з'яўлення гэтых сцягаў і іх апісанне падрыхтавана асобная экскурсія. Частка сцягаў ужо размешчана на экспазіцыі.

 

 

Гэты дзень стаў па-сапраўднаму асаблівым для пяцікласнікаў, якія займаюцца ў класе прававой накіраванасці: яны атрымалі пасведчанні вучняў гэтага класа, якія юным прававедам уручылі куратары са Шчучынскага РАУС – Павел Кузняцоў і Павел Найда.  Павел Мікалаевіч Кузняцоў шчыра павіншаваў рабят, пажадаў горда несці званне вучня прававога класа і заўсёды з'яўляцца прыкладам для іншых рабят.

 

 

– Пра клас прававой накіраванасці я ведала яшчэ калі вучылася ў пачатковай школе, – гаворыць Юлія Роўбуць, вучаніца 5 "А" класа. – Мне так падабаліся рабяты з гэтага класа, якія насілі прыгожую форму. І вось сёння я сама – вучаніца прававога  класа. Каб сюды трапіць, трэба было добра вучыцца. Цяпер мы на паглыбленым узроўні вывучаем англійскую мову, наведваем факультатыўныя заняткі "Мая Айчына", шмат часу ўдзяляем іншым прадметам. Для мяне вучыцца ў прававым класе не толькі прэстыжна, але і вельмі адказна.

 

Запомніцца 15 сакавіка і чатырнаццацігадовым юнакам і дзяўчатам, якія ў гэтым годзе сталі паўнапраўнымі грамадзянамі нашай краіны і атрымалі, а хтосьці яшчэ сёння атрымае, свой галоўны дакумент – пашпарт. Жанна Мецько і Віталія Селівончык уручылі ім на памяць кнігу "Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь". Жанна Іванаўна павіншавала рабят з гэтай важнай падзеяй у жыцці, а таксама адзначыла, што музей, які ствараецца ў школе, унікальны ў сваім родзе і адзіны ў нашай вобласці.

 

 

Сёння ў музеі была адкрыта толькі першая экспазіцыя. Наперадзе – пошук інфармацыі і экспанатаў пра кожны населены пункт Гродзенскай вобласці.

 

 

Падчас мерапрыемства ў музеі была прадстаўлена сувенірная прадукцыя бізнес-кампаніі "Вернісаж" на тэму беларускай         сімволікі, а таксама творчыя работы вучняў школы, якія яны стварылі на конкурс "Канстытуцыя вачыма дзяцей". Крэатыўным рабятам ідэй не займаць: што ні паробка, то маленькі шэдэўр!

 

 

Ганна РУДСКАЯ.

Фота аўтара. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!