Ідэі моладзі знайшлі падтрымку ў Прэзідэнта

У  Палацы Незалежнасці адбылася сустрэча Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі з актывам БРСМ – сучаснымі прадаўжальнікамі традыцый УЛКСМ. Удзел у ёй прынялі дэлегацыі амаль з усёй краіны, сярод іх былі і прадстаўнікі Шчучынскага раёна – Анастасія Цынгалёва і Алена Чарняк. Яны падзяліліся сваімі ўражаннямі ад сустрэчы з кіраўніком дзяржавы.

Анастасія ЦЫНГАЛЁВА, першы сакратар Шчучынскага райкама ГА “БРСМ”:
– Для кожнага з удзельнікаў гэта вялікі гонар – атрымаць запрашэнне на такую сустрэчу. Дыялог з Прэзідэнтам атрымаўся вельмі цікавым і канструктыўным. Аляксандр Рыгоравіч паабяцаў дапамагчы ў рэалізацыі нашых прапаноў, даў станоўчую ацэнку нашай працы, а таксама больш падрабязна спыніўся на тым, якую ролю павінен адыгрываць Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі на сучасным этапе. 
Прыемна тое, што сустрэчы з таленавітай моладдзю сталі добрай традыцыяй, таму што яны адкрываюць шэраг магчымасцей: гэта і ўдзел у дыялогу з кіраўніком дзяржавы, і знаёмства з аднадумцамі, і атрыманне адказаў на хвалюючыя пытанні.
Адметна, што сустрэча праводзілася менавіта ў Дзень стагоддзя камсамола. Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі – прадаўжальнік моладзевых традыцый таго часу, мы бярэм толькі лепшае ад камсамола. 
Алена ЧАРНЯК, пераможца рэспубліканскага конкурсу “Валанцёр года – Добрае Сэрца” 2016:
– Уражанні ад гэтай сустрэчы грандыёзныя! Як вы ведаеце, я ўжо сустракалася з кіраўніком дзяржавы падчас мерапрыемстваў для моладзі ў адной са сталічных школ, але ніколі не знаходзілася побач з ім у Прэзідыуме. Аляксандр Рыгоравіч адразу нас папярэдзіў, што гэта будзе не прэс-канферэнцыя, а адкрыты дыялог, абмеркаванне пытанняў пра далейшае развіццё Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. 
І цяпер, ужо будучы студэнткай Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і старастай сваёй групы, я таксама працягваю ўдзельнічаць у маладзёжных праектах БРСМ, займаюся валанцёрствам і далучаю да гэтых добрых спраў сваіх аднакурснікаў.
Сустрэча была арганізавана на самым высокім узроўні і дала магчымасць яшчэ раз пабываць у Палацы Незалежнасці, якому актыў ГА “БРСМ” прапанаваў надаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. 
Напрыканцы сустрэчы мне давялося асабіста пагутарыць с Прэзідэнтам: Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка пажадаў мне поспехаў і павіншаваў са 100-годдзем УЛКСМ.
Гутарыла Юлія ЦІМАШЧУК.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!