Свята пляжнага футбола ў Шчучыне. У райцэнтры прайшлі фінальныя гульні Чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па пляжным футболе
На мінулых выхадных на тэрыторыі каля гарадскога пляжа было шматлюдна і гучна, а прычына гэтаму – фінальныя гульні Чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па пляжным футболе. На два дні Шчучын стаў беларускай сталіцай гэтага віду спорту, прыняўшы наймацнейшыя калектывы краіны на стадыёне для пляжнага футбола.
Цудоўная атмасфера панавала гэтымі днямі вакол спартыўнага мерапрыемства, а аншлагі ад шчучынскіх заўзятараў дапаўнялі антураж летняга футбольнага свята. Першы гульнявы дзень прайшоў у суботу, па яго выніках вызначыліся канчатковыя месцы ў турнірнай табліцы рэгулярнай стадыі чэмпіянату. Варта адзначыць, што тры з чатырох удзельнікаў фінальнай стадыі турніру былі вядомыя яшчэ ў мінулых турах. Дзякуючы ўпэўненай гульні датэрмінова забяспечылі сабе ўдзел у матчах за галоўны трафей каманды: “ЦОР” з Магілёва, “Брэст-Волга” і “Шчучын”. Чацвёртую ж пуцёўку ў паўфінал аспрэчвалі мінская “Рэгула”, “Гроднааблспорт” і дэбютант чэмпіянату астравецкі Меліяратар.
У суботу ПФК “Шчучын” паспеў згуляць два матчы. Першая гульня супраць “Меліяратара” скончылася з лікам 4:2 на карысць нашай каманды. У другой сустрэчы нашы хлопцы супрацьстаялі гульцам “Брэст-Волгі”. Гэты матч стаў своеасаблівай рэпетыцыяй паўфіналу, бо ўжо дакладна было вядома, што праз дзень гэтыя каманды сустрэнуцца зноў. Суботні матч супраць “Брэст-Волгі” скончыўся для шчучынцаў паразай з лікам 3:7. Такі вынік насцярожыў Шчучынскіх заўзятараў, але надзеі на рэванш у нядзелю яшчэ заставаліся.
Другая паўфінальная пара выглядала наступным чынам. Магілёўскі “ЦОР” з вялікім адрывам скончыў рэгулярную стадыю на першым месцы і таму чакаў свайго саперніка, які мусіў заняць чацвёрты радок турнірнай табліцы. Гэтай камандай стаў астравецкі “Меліяратар”, які нягледзячы на паразу ад “Шчучына” змог прабіцца ў фінальную стадыю. Другі гульнявы дзень абяцаў быць цікавым.
У першым паўфінале “Шчучын” – “Брэст-Волга” мацнейшымі, як і ў суботнім матчы, былі гульцы брэсцкай каманды. Яны перамаглі з лікам 2:6. Другі паўфінал сюрпрызаў не прынёс і дасведчаны магілёўскі “ЦОР” перайграў астравецкі “Меліяратар” з лікам 14:5. Такім чынам, у фінал прайшлі дзве каманды з абласных цэнтраў Брэста і Магілёва. Бронзу турніру мусілі разыграць паміж сабой дзве каманды з Гродзенскай вобласці: “Шчучын” і “Меліяратар”.
Матч за трэцяе месца можна назваць сапраўдным спартыўным “трылерам”. Гульцы і заўзятары адчулі на сабе ўвесь спектр эмоцый, бо для вызначэння пераможцаў не хапіла ні асноўнага ні дадатковага часу. У першай трэці, дзякуючы голу Арцёма Байгота шчучынцы выйшлі наперад. Аднак ужо ў другім перыядзе госці з Астраўца зраўнялі лік на табло. У трэцім перыядзе нашу каманду вывеў наперад Алег Гапон, але за 5 хвілін да канца сустрэчы футбалісты “Меліяратара” зноў забілі і такім чынам перавялі гульню ў дадатковы тайм, пасля якога пачалася серыя пасляматчавых удараў. Агулам каманды прабілі 18 пенальці, па выніках якіх мацнейшай была астравецкая каманда.
У фінальнай сустрэчы “ЦОР” упэўнена перайграў “Брэст-Волгу” з лікам 8:4, 6 галоў магілёўская каманда забіла яшчэ ў першым тайме, таму з камфортнай перавагай перамагла ў сустрэчы.
Такім чынам, чэмпіёнам сезона 2023 стаў “ЦОР”. Магілёўская каманда абараніла тытул і правяла гэты чэмпіянат на надзвычай высокім ўзроўні. Срэбра турніру мела “Брэст-Волга”, сёлета брэсцкая каманда ўпершыню гуляла ў фінале і паказалі годны вынік. Бронзавыя медалі ў напружанай барацьбе вырваў дэбютант чэмпіянату астравецкі “Меліяратар”. Такі шматабяцальны пачатак ад каманды з Гродзенскай вобласці варты павагі. Шчучынцы сёлета занялі чацвёртае месца, крыху не хапіла для выхаду ў прызёры, але такі лёс.
Разам з тым хочацца падзякаваць гульцам шчучынскай каманды, якія з усёй адданасцю біліся за наш раён. Упэўнены, што іх асноўныя перамогі яшчэ наперадзе. Таксама вялікая падзяка ўсім камандам удзельнікам, якія паказалі высокі ўзровень гульні і парадавалі нас сваім майстэрствам. Віншуем прызёраў і пераможцаў і чакаем у госці яшчэ. Да сустрэчы на пляжным пясочку ў Шчучыне!
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.