Задачы на сезон змяніліся. Шчучынскія футбалісты працягнуць чэмпіянат Гродзенскай вобласці па міні-футболе матчамі за 3-е месца

Зусім хутка завяршыцца чэмпіянат Гродзенскай вобласці па міні-футболе. На выхадных скончыліся апошнія матчы 1/2, якія выявілі фіналістаў турніру. На вялікі жаль, шчучынцы ў гэтым годзе не возьмуць удзел у гульнях за золата чэмпіянату.

 

У паўфінале першынства Гродзенскай вобласці па міні-футболе нашай камандзе МФК “ФСК Шчучын” выпала гуляць з моцнай дружынай з Іўя. Сапернік стаў пераможцам групы “Поўнач”, таму многія нейтральныя заўзятары лічылі менавіта іх фаварытамі паўфінальнага супрацьстаяння.

 


 

Першы матч 1/2 адбыўся ў Шчучыне 25 сакавіка і сабраў неверагодную колькасць заўзятараў. Трыбуны спартыўнага комплексу па вуліцы Авіятараў былі занятыя цалкам, і таму многім прыйшлося стоячы глядзець матч. Трэба адзначыць, што дапамагаць сваёй камандзе прыехала салідная група падтрымкі з Іўя, якая час ад часу, моцнымі воклічамі звяртала ўвагу на сябе.

 

Матч у Шчучыне пачаўся з роўнай гульні, на працягу першага тайма каманды абменьваліся небяспечнымі атакамі. Часам лепей выглядалі футбалісты з Іўя, але шчучынцы не давалі ім шмат прастору для дзеяння і дзякуючы эфектыўнаму прэсінгу выходзілі ў перспектыўныя контратакі да варот саперніка. Па выніках першага тайма лік на табло не змяніўся, аднак па гульні было зразумела, што нулі на табло пратрымаюцца нядоўга.

 

 

Пачатак другой паловы сустрэчы прайшоў пад дыктоўку гасцей.  На 40-й хвіліне іўеўскія футбалісты забілі першы гол і пачалі нарошчваць і без таго хуткі тэмп гульні. Далей шчучынцы прапусцілі яшчэ два мячы на 44-й і 48-й хвілінах. Лік 0:3, здавалася, ставіў кропку на выніках гэтага матча, але пасля не самага лепшага адрэзка нашы хлопцы сабраліся і пачалі ўзломваць абарону гасцей. Так, на 51-й хвіліне першы гол за “Шчучын” забіў Сяргей Клімец. Гаспадары пляцоўкі не пакідалі надзеі на перамогу. На 59-й хвіліне Віталь Новік трапным ударам зрабіў лік на табло 2:3. Шчучынцы цалкам авалодалі ініцыятывай і працягвалі атакаваць вароты саперніка. Да канца матчу іўеўцаў заціснулі на іхняй палове пляцоўкі. Аднак не шанцавала гаспадарам, штангі і непрыемныя рыкашэты ратавалі гасцей і яны здолелі захаваць лік 2:3.

 

Першы матч паказаў, што шчучынскія футбалісты ні ў чым не саступаюць лідарам групы “Поўнач”, з гэтай камандай можна гуляць з пазіцыі сілы і перамагаць.

 

 

Гульня ў Іўі, якая прайшла на гэтых выхадных, стала адным з самых выніковых матчаў сезона, бо футбалісты абедзвюх каманд забілі ажно 21 мяч. Гульня скончылася з лікам 12:9 на карысць гаспадароў поля. Матч атрымаўся даволі напружаным, бо цягам сустрэчы шчучынцы прайгравалі з лікам 7:1, потым лічбы на табло пачалі выроўнівацца – 7:6, 9:8. Аднак у выніку “Шчучыну” не ўдалося выйсці ў фінал чэмпіянату.

 

Цяпер задачы “Шчучына” на сезон змяніліся. Наша каманда ўжо не пазмагаецца за золата чэмпіянату, аднак шчучынцаў чакае барацьба за бронзавыя медалі.

 

 

З другой паўфінальнай пары пераможцам выйшаў слонімскі “Фарсаж” а гэта значыць, што ў матчах за трэцяе месца гуляць са “Шчучынам” будзе “ФСК Гродзенскі” са Скідзеля. Каманды ў гэтым сезоне два разы сустракаліся на групавым этапе. Тады шчучынцы перамаглі ў гасцях і згулялі ўнічыю дома.

 

 

Першы матч супраць “ФСК Гродзенскі” адбудзецца ў Скідзелі, а заключная гульня сезона пройдзе ў Шчучыне. Жадаем поспеху нашым хлопцам. Спадзяваемся, што бронзавыя медалі чэмпіянату Гродзенскай вобласці па міні-футболе, як і ў мінулым годзе, возьме шчучынская каманда.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!